Практычная дапамога для дэфектолагаў

На базе ясляў-сада № 1 г.п.Карма прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў па тэме “Дыдактычнае забеспячэнне заняткаў па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” ў групе інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні)”.

Мерапрыемства было арганізавана ў форме семінара-прак­тыкуму. У рамках тэарэтычнай часткі мерапрыемства настаўнік-дэфектолаг Літвінавіцкага дзіцячага сада Кармян­скага раёна Святлана Драчова пазнаёміла з фарміраваннем навыкаў прасторава-часавых уяўленняў у выхаванцаў з парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні). “Выхаванцам цяжэй даецца ўстанаўленне прасторавых адносін прадмета ў адносінах адно да аднаго, таму працэс прасторавага арыентавання трэба пачынаць з фарміравання ўяўленняў аб схеме ўласнага цела і найбліжэйшага наваколля. Наступным узроўнем развіцця прасторавых уяўленняў з’яўляецца вызначэнне напрамкаў у прасторы адносна свайго цела. Пасля выпрацоўкі навыку арыентавання ў прасторы адносна сябе пераходзяць да арыентавання іншых аб’ектаў адносна адзін аднаго і сябе адносна іншых аб’ектаў”, — адзначыла выступоўца. У канцы выступлення настаўнік-дэфектолаг прапанавала дыдактычныя практыкаванні і гульні для выкарыстання ў рабоце. Настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 3 г.п.Карма Наталля Лук’яненка прэзентавала вопыт работы па фарміраванні навыкаў колькасных уяўленняў у выхаванцаў групы інтэграванага навучання і выхавання. Выступоўца пазнаёміла з гульнямі “Матэматычнае лато”, “Якой лічбы не стала?”, “Прайдзі па купінах” і гульнямі з мячом. Для замацавання лічбаў настаўнік-дэфектолаг выкарыстоўвае розныя дзеянні-абследаванні: “Абвядзі пальцам”, “Штрыхоўка”, “Лепка”, “Выкладванне з дапамогай лічыльных палачак”. З мэтай выкарыстання ў адукацыйным працэсе заданняў інтэр­актыўнага модуля вучэбна-метадычнага комплексу па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” пазнаёміла ўдзельнікаў пасяджэння настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 5 г.п.Карма Ірына Быкоўская.

У практычнай частцы семінара-практыкуму цікавасць удзельнікаў пасяджэння выклікала наведванне заняткаў у настаўніка-дэфектолага Валянціны Чупругінай. Яны праводзіліся ў форме гульні па матывах казкі “Церамок”. Падчас заняткаў адзначалася рэалізацыя прынцыпу індывідуальнага навучання, выкарыстоўваліся розныя дыдактычныя заданні.

У рамках семінара-практыкуму была арганізавана выстава метадычных матэрыялаў, дыдактычных гульняў і дапаможнікаў. 

Алена ЦЕРАХАВА,
настаўнік-дэфектолаг Кармянскага раённага ЦКРНіР,
кіраўнік метадычнага аб’яднання.
Фота аўтара.