Племя маладое, дастойнае

Працаздольны і эфектыўна дзеючы калектыў — гэта той калектыў, дзе поруч з вопытнымі прафесіяналамі працуе таленавітая моладзь. Менавіта гэта дазваляе нашай установе рухацца наперад і папаўняць скарбонку сваіх дасягненняў у навучанні і выхаванні дзяцей. Маладое пакаленне педагогаў, якое развівае сёння сучасныя кірункі дадатковай адукацыі, — гэта дастойныя і надзейныя пераемнікі.

Усё пачалося ў маі 2014 года, калі ў нашу ўстанову ў рамках супрацоўніцтва прыйшлі студэнты фізічнага факультэта спецыяльнасці “Фізіка. Тэхнічная творчасць” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны для праходжання вытворчай тэхналагічнай практыкі. Сярод адзінаццаці маладых людзей былі Дзяніс Ляпшэй і Андрэй Макеенка. Практыка праляцела хутка: заняткі, майстар-класы, спаборніцтвы… Не ведаю, што вабіла хлопцаў, але ўжо ў пачатку навучальнага года, будучы студэнтам пятага курса, Дзяніс прыйшоў у цэнтр у якасці педагога дадатковай адукацыі.

Адаптацыя і станаўленне маладога спецыяліста магчымы толькі ў паспяховым асяроддзі і пры прафесіяналізме калектыву, у які ён прыходзіць. Дырэктар цэнтра Н.А.Алейнік стымулюе рэалізацыю творчага патэнцыялу кожнага работніка, і моладзь не выключэнне. Верагодна, гэта таксама сыграла сваю ролю, і ўжо праз год Дзяніс і Андрэй прыйшлі да нас па размеркаванні педагогамі дадатковай адукацыі. Яны сталі працаваць па вельмі запатрабаваных у нашы дні кірунках: робататэхніка, стварэнне сайтаў і сістэмнае адміністраванне.

І пачаліся працоўныя будні. Крэатыўнае і неардынарнае мысленне, адказнае стаўленне да даручэнняў і абавязкаў сталі складнікамі таго, што абодва педагогі засталіся ва ўстанове і пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні. За гэты час маладыя людзі не раз дэманстравалі сваё майстэрства, удзельнічаючы ў розных мерапрыемствах, у тым ліку ў семінарах, дзе нараўне з вопытнымі педагогамі давалі майстар-класы па сваіх прадметах. У выніку маладым педагогам прысвоена другая кваліфікацыйная катэгорыя. Д.К.Ляпшэй узначальвае аддзел інфармацыйных тэхналогій.

За гэты час у Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці прыйшла новая моладзь. І зноў пападанне ў яблычак. Так, Антон Каробачкін, які абараніў магістарскую дысертацыю і атрымаў акадэмічную ступень магістра фізіка-матэматычных навук, паспяхова вучыць дзяцей па праграмах “Візуальнае праграмаванне Scratch”, “Інтэрактыўнае праграмаванне Kodu”, “Робататэхніка LegoWedo”. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Марыя Раманава, з’яўляючыся праграмістам у цэнтры, дадаткова займаецца з выхаванцамі ў аб’яднанні па інтарэсах “Графічны дызайн”. Выпускніца фізічнага факультэта спецыяльнасці “Фізіка. Тэхнічная творчасць” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вікторыя Макеенка выкладае ў гуртку “КулибинГрад”, а з нядаўняга часу выдатна спраўляецца з абавязкамі на пасадзе метадыста. Выпускнік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, магістр тэхнічных навук, аспірант Уладзіслаў Улашэвіч — педагог аб’яднання “3D-мадэляванне і праектаванне”, а выпускнік фізічнага факультэта спецыяльнасці “Фізіка. Тэхнічная творчасць” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Уладзімір Караленка — “Радыёэлектронікі”.

Маладосць не перашкода плённай працы. Наўрад ці ў нашым калектыве знойдзецца той, хто з гэтым не пагодзіцца. Захапляе мабільнасць, гібкасць, жаданне зразумець і дапамагчы, уменне знаходзіць агульную мову не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі… І ў той жа час, як нядзіўна, незадаволенасць сабой, што чарговы раз пацвярджае выказванне: “Чым вышэй падымаешся, тым далей гарызонт”.

Вядомы амерыканскі гісторык-публіцыст, педагог, разважаючы аб прафесіі настаўніка, сказаў: “Настаўніцтва — не страчанае мастацтва, але павага да настаўніцтва — страчаная традыцыя”. Спадзяюся, што сваёй працай моладзь у нашым калектыве і далей будзе пацвярджаць першую частку згаданага выказвання, а гэта прывядзе да росквіту настаўніцтва і павагі да яго.

Наталля АЛЬХОВА,
загадчык інструктыўна-метадычнага аддзела
Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці
дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*