Пагаворым па-нямецку

У кафэ абласной бібліятэкі імя Леніна яблыку не было дзе ўпасці. Сюды на адкрыццё нямецкага тыдня з’ехаліся з усёй Гомельскай вобласці навучэнцы, настаўнікі нямецкай мовы, студэнты і выкладчыкі УВА Гомеля, а таксама тыя, хто хоча асвоіць нямецкую мову анлайн.

Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі накіраваў для ўдзелу ў прэзентацыі навучэнцаў — пераможцаў алімпіяд і конкурсаў па нямецкай мове і іх настаўнікаў.

Супрацоўнікі інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Інстытута імя Гётэ ў Мінску правялі прэзентацыю інавацыйнага адукацыйнага праекта “Нямецкі дзіцячы анлайн-універсітэт” (Kinderuni). Яго адметнасць — даступнасць у любы час і бясплатная анлайн-платформа. Навучанне ў анлайн-універсітэце абапіраецца на выкарыстанне гульнявых элементаў у негульнявых сітуацыях.

Госці бібліятэкі пазнаёміліся з галоўнымі лектарамі Kinderuni — прафесарам Эйнштэйнам і яго памочніцай Сафі Шлау, убачылі фрагменты лекцыйных і практычных заняткаў і змаглі адразу ж зарэгістравацца на сайце Нямецкага дзіцячага анлайн-універсітэта і стаць яго студэнтамі.

Гасцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз — дэгустацыя страў нямецкай кухні. Аказваецца, у Германіі таксама робяць бульбяныя аладкі накшталт нашых дранікаў, але да іх падаецца яблычнае павідла.

Трэба адзначыць, што дзевяцікласніцы Жгунскай сярэдняй школы Добрушскага раёна прыемна парадавалі арганізатараў сустрэчы расказам на нямецкай мове пра сваё культурна-экалагічнае даследаванне, якое было адзначана ў 2018 годзе Інстытутам Гётэ на IV Міжнародным конкурсе “Школа — за экалогію” як найбольш пераканаўчае з 223 работ.

Цяпер група навучэнцаў Жгунскай сярэдняй школы рыхтуецца да паездкі ў Берлін на абарону сваёй працы і скарыстаецца магчымасцю навучання ў Нямецкім дзіцячым анлайн-універсітэце, каб падцягнуць свае веды ў замежнай мове.

Людміла АТРОШЧАНКА,
кіраўнік даследавання, настаўнік-метадыст
Жгунскай сярэдняй школы Добрушскага раёна.