Па сцяжынках творчасці

На працягу многіх дзесяцігоддзяў школа заставалася адзінай крыніцай ведаў, адкрыццяў, новых эмоцый і бясцэннага жыццёвага вопыту. Аднак імклівы рух штодзённага жыцця прымушае ўсё часцей і часцей адстойваць свае правы на першакрыніцу. Відаць таму пытанні выкарыстання актуальных форм, метадаў і спосабаў правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў у школе стаяць асабліва востра.


Як зацікавіць дзяцей, чым здзівіць, што прапанаваць сучасным школьнікам? Такія пытанні прывялі кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў груп прадоўжанага дня на чарговае пасяджэнне, якое адбылося ў сценах сярэдняй школы № 49 Гомеля.

Семінар па тэме “Актыўныя тэхналогіі, формы і метады работы выхавальніка групы прадоўжанага дня па арганізацыі вольнага часу малодшых школьнікаў” праходзіў у форме метадычнай гасцёўні, якая запрасіла педагогаў да абмеркавання надзённых пытанняў.

Відэаабзор дзіцячых адказаў на пытанні “Што такое прадоўжанка?”, “Хто такі ідэальны выхавальнік?” і “Ці цяжка быць выхавальнікам у школе?” адразу акрэсліў галоўную мэту сустрэчы — вызначэнне ўмоў развіцця дзіцяці праз выкарыстанне эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу ў групе прадоўжанага дня.

Тэарэтычныя разважанні кіраўніка метадычнага аб’яднання выхавальнікаў Н.Д.Каваленка па тэме “Педагагічныя патрабаванні да арганізацыі вольнага часу малодшых школьнікаў: зместавы і тэхналагічны аспекты” прывялі ўдзельнікаў да высновы, што любое мерапрыемства ў школе павінна быць метадычна правільным, прадуманым і дакладна спланаваным, а галоўнае, абавязкова арыентаваным на рэалізацыю асобаснага падыходу.

Прэзентацыя творчага патэнцыялу педагогаў у слайд-шоу ўпэўніла прысутных, што тэорыя не разыходзіцца з практыкай у гэтай установе адукацыі. Як кажуць, на сабе паспрабавалі госці прапанаваныя спосабы ўтрымання дзіцячай цікавасці, калі Я.Я.Кісялёва і К.В.Івалгіна, выхавальнікі школы, запрасілі ўсіх на майстар-клас “Кветкі”.

Падарожжа па сцяжынках творчасці на гэтым не спынілася, і хутка госці апынуліся ў музычнай гасцёўні, дзе праходзілі заняткі “У свеце музыкі”.

Цікава, весела і займальна могуць бавіць свой час школьнікі ў групе прадоўжанага дня. Ніводнае пытанне або прапанова не застаецца без увагі. А самыя цікавыя знахо-дзяць сваё месца падчас правядзення гульні інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі? Чаму?”. Значна лягчэй малодшым школьнікам зразумець многія тэмы школьнай праграмы, калі разам з камандай ужо знайшлі адказы на пытанні ў ходзе гульні.

Завяршыўся семінар выказваннем прапаноў і пажаданняў. Усе ўдзельнікі семінара сыходзіліся ў тым, што неабходна часцей сустракацца ў такім фармаце дзеля абмену вопытам з калегамі, аднадумцамі, сябрамі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 49 Гомеля.