Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання для развіцця

Дапамагчы дзецям з рознымі разумовымі і фізічнымі праблемамі, з праблемамі слыху, зроку, маўлення ўбачыць, пачуць і адчуць усю разнастайнасць навакольнага асяроддзя накіравана аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка фарбаў”, арганізаванае ў гомельскай сярэдняй школе № 62, дзе выхаванцы развіваюць творчае ўяўлення пры дапамозе выкарыстання нетрадыцыйных тэхнік малявання. 

Нетрадыцыйны падыход да выканання малюнка дае штуршок развіццю дзіцячага інтэлекту, спрыяе яго творчай актыўнасці, дапамагае дзецям адчуць сябе свабоднымі, разняволіцца, убачыць і перадаць на паперы тое, што звычайнымі спосабамі і матэрыяламі зрабіць цяжка.

Матывацыя паспяховасці пры выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік захоўваецца дзякуючы асаблівасцям іх выкарыстання: хуткасць і адносная прастата атрымання сілуэтаў або дэталей патрэбнай формы, яркасць і фактурнасць матэрыялу, выкарыстанне даступных для разумення і прайгравання дзецьмі выяўленчых сродкаў.

На занятках выхаванцы знаёмяцца з многімі нетрадыцыйнымі тэхнікамі: маляванне пальчыкамі, маляванне далонькамі, адбіткі коркам, пячаткі з агародніны і лісця, манатыпія, маляванне васковымі крэйдамі і свечкамі.

Разгледзім розныя спосабы малявання, якія прадугледжваюць даступнае выкарыстанне нетрадыцыйных матэрыялаў.

Манатыпія. Ліст паперы для малявання скласці папалам. На адной част­цы намаляваць палову сіметрычнага прадмета. Пакуль фарба не высахла, накласці чыстую палову ліста на малюнак і прагладзіць далонню. Рас­крыць ліст і пры неабходнасці дамаляваць прадмет. Прыкладныя тэмы для малявання: “Ваза для кветак”, “Кветкі”, “Дрэва”, “Матылі”.

Маляванне пад музыку. Дзеці праслухоўваюць музычны твор. Пасля заканчэння яго гучання педагог прапануе дзецям намаляваць праслуханую музыку і дае заданне прыдумаць назву свайму малюнку.

Друк лісцем. Ліст дрэва (хмызняку) пакласці на газету і размаляваць. Акуратна прыкласці ліст дрэва размаляваным бокам да альбомнага ліста. Зверху ліст дрэва ­прыкрыць чыстай паперай (можна газетнай), прагладзіць далонню. Зняць паперу і ліст дрэва. Адбітак гатовы. Па жаданні можна дамаляваць ствол, каб атрымалася дрэва. Колькасць лісця можа быць рознай (у залежнасці ад памераў паперы і самога лісця). Прыкладныя тэмы для малявання: “Восеньскі лес”, “Дрэва восенню”.

Маляванне ніткамі. Зрабіць адрэзкі з нітак (2—5 шт.) даўжынёй 7—10 см. Адзін адрэзак ніткі абмакнуць у фарбу і вадзіць ім па лісце паперы для малявання ў розных напрамках. Для выкарыстання гуашы іншага колеру ўзяць чыстую нітку. Прыкладныя тэмы для малявання: “Салют”, “Пра што расказала нітачка”, “Космас”.

Друк паперай. Гуашавую фарбу развесці вадой да кансістэнцыі вадкай смятаны. Невялічкі кавалак шчыльнай паперы скамячыць і апусціць у фарбу. Гэтым камяком паперы нанесці фарбу на альбомны ліст для малявання. Прыкладныя тэмы для малявання: “Яблыкі”, “Пухнатае кацяня”.

Маляванне рукамі (далонню, рубам далоні, кулаком, пальцамі). Гуашавую фарбу развесці вадой да кансістэнцыі вадкай смятаны і наліць у сподкі. Далонь з шырока расстаўленымі пальцамі апусціць у фарбу і пакінуць адбітак на лісце ватману. Папярэдне ліст ватману можна афарбаваць у светлы тон. Прыкладныя тэмы для малявання: “Восеньскі лес”, “Кветкі”, “Заапарк”, “Свет жывёл”, “Падводнае царства”.

Васковыя крэйды (або свечка плюс акварэль). Дзіця малюе васковымі крэйдамі або свечкай на белай паперы. Затым размалёўвае ліст акварэллю ў адзін або некалькі колераў. Малюнак крэйдамі (свечкай) застаецца незафарбаваным.

Такія віды дзейнасці станоўча ўплываюць на дробную маторыку рук, а таксама спрыяюць развіццю пазнавальнай дзейнасці і карэкцыі псіхічных працэсаў дзяцей у цэлым. Буйныя і недакладныя рухі рукамі паступова становяцца больш тонкімі і дакладнымі, а сюжэты малюнкаў — менш агрэсіўнымі па змесце.

Для больш эфектыўнай работы неабходна вучыць не проста паказваючы, а цесна супрацоўнічаючы з дзецьмі ў працэсе, ажыццяўляючы індывідуальны падыход. Кожныя заняткі ператвараюцца ў займальную гульню, дзе дзіця можа ўвасобіць свае творчыя ідэі ў рэальнасць.

Для прыцягнення дзяцей да маля­вання ў нетрадыцыйнай мастацкай тэхніцы кожны сезон у школе ла­дзяц­ца выставы работ гуртка “Вясёл­ка фарбаў”, што з’яўляецца важным момантам параўнання вучнямі сваіх работ з чужымі. Яны бачаць, што ў іншых атрымліваецца інакш. У гэты час дзіця вельмі добра бачыць свае работы і разумее іншыя. Гэта спрыяе актывізацыі розных творчых праяўленняў не толькі ў дзяцей з асаблівасцямі псіха­фізічнага развіцця, але і ў дзяцей, якія развіваюцца тыпова.

Такім чынам, нетрадыцыйныя тэх­ні­кі малявання раскрываюць перад дзецьмі вялікія магчымасці для праяўлення разнастайных эмоцый, спрыяюць фарміраванню перадумоў выяўленчай дзейнасці і гульні, праяўлення ў дзейнасці элементаў творчасці, аказваюць дабратворны ўплыў на развіццё асобы, паводзін і зносін.

Марыя ПЯТРОВА,
Юлiя ЛЕВАНДОЎСКАЯ,
настаўнiкi-дэфектолагi сярэдняй школы № 62 Гомеля.