Настаўнік павінен быць цікавым

Упэўнена, што ў кожнага вучня ёсць любімы прадмет і настаўнік. Часцей менавіта гэты настаўнік дапамагае вызначыцца, зразумець, што падабаецца, што патрэбна, з чым можна звязаць сваё жыццё. Для мяне такім чалавекам стала Ларыса Міхайлаўна Блёскіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 Жлобіна.


Ларыса Міхайлаўна Блёскіна ў педагогіцы 24 гады, 22 з іх працуе ў жлобінскай сярэдняй школе № 11. Прызнаецца, што адчувае сябе шчаслівай. Ніколі не разглядала ніякую іншую дзейнасць і ніколі не пашкадавала, што абрала прафесію настаўніка рускай мовы і літаратуры. “У цэлым, настаўніку не можа быць сумна. Яго дзейнасць — гэта заўсёды новыя людзі, знаёмствы, сябры, гэта вялікая і важная частка жыцця. Калі ідзеш у школу, думаеш, што сустрэнешся з калегамі, з якімі прыемна мець зносіны, прыемна сябраваць, з вучнямі, якія нясуць табе нешта новае і цікавае… Я чорнарабочы, — жартуе Ларыса Міхайлаўна. — Люблю займацца справай, якая непасрэдна звязана з дзецьмі. Мне патрэбны я, дзеці, дошка, мел. І ўсё!”

Менавіта яна дапамагла мне зразумець і палюбіць рускую мову і літаратуру, зразумець, што сапраўды я хачу ад жыцця і ў якім кірунку працягваць навучанне. Яе парады і падтрымка заўсёды дадавалі ўпэўненасці ў сабе, былі добрай матывацыяй, каб рухацца далей, скараць новыя вяршыні.

Я зайшла ў госці ў сваю родную школу да любімага настаўніка. Гэтай сустрэчы чакала даўно. Хацелася падзяліцца навінамі, параіцца і шчыра паразмаўляць. Мы сядзелі за партамі ў маім любімым класе, глядзелі адна адной у вочы… І вельмі захацелася даведацца, чаму Ларыса Міхайлаўна вырашыла стаць настаўніцай.

— Па-першае я, як і ты, Блізняты, а гэта людзі творчыя: педагогі, журналісты, прамоўцы — тыя, хто любіць мець зносіны з іншымі людзьмі, — здалёк пачала мая субяседніца. — А чаму ў школу? Напэўна, яшчэ да школы разумела, што хачу працаваць з дзецьмі. Гадоў у 5 у мяне ўжо быў класны журнал, дзе я выстаўляла адзнакі. Невядома каму — прыдуманым дзецям, якія нібыта сядзелі перада мной у класе. Потым, як пайшла ў школу, пачала вывучаць рускую мову і літаратуру. У мяне была настаўніца Надзея Міхайлаўна, якая захапіла сваім прадметам. Гэтае захапленне засталося на ўсё жыццё і стала маёй працай.

— Ларыса Міхайлаўна, ці можна прывіць вучням любоў да свайго прадмета і якім чынам? Вядома, далёка не ўсе любяць літаратуру і хочуць чытаць творы, якія прадугледжаны школьнай праграмай…

— Можна, калі ўспрымаць літаратуру як падручнік жыцця. Не патрабаваць ведання літаратуразнаўчых тэрмінаў, не звяртацца бясконца да напісання работ, а менавіта размаўляць, выкарыстоўваць прыклады з твораў для таго, каб вучыць жыццю, разбірацца ў памылках, праз якія прайшлі героі, вучыць не паўтараць іх.

— Якія парады вы маглі б даць маладым педагогам?

— Я думаю так: усё залежыць ад асобы чалавека. Разумееце, нават не столькі ад асобы настаўніка, колькі ад яго чалавечых якасцей. Чаму дзеці любяць прадмет? Таму што чалавек цікавы. Няхай настаўнік будзе трыста разоў прафесіянал, але калі ён нецікавы вучням, калі няма паразумення і добрых зносін з дзецьмі, нічога не атрымаецца. Напрыклад, у нашай школе з’явіўся новы настаўнік гісторыі — і ў вучняў засвяціліся вочы, яны пачалі цікавіцца прадметам, шукаць адказы на пытанні, абмяркоўваць. Нават тыя, хто да гісторыі быў раней абыякавы. А што значыць быць цікавым для дзяцей? Гэта самому ведаць значна больш, чым напісана ў падручніку. Гэта пастаянна вучыцца: патрабаванні да прадмета павышаюцца, таму, натуральна, трэба запаўняць белыя плямы сваіх ведаў. Як толькі дзеці пачалі здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, веды пачалі дадавацца і ў нас, настаўнікаў.

— Ці адчувалі вы напачатку цяжкасці ў рабоце з дзецьмі, падборы сваіх метадаў?

— Спачатку, вядома, было няпроста. Пасля ўніверсітэта мне адразу далі ўсе 9-я класы. Гэта не дзіцячы сад, не 5-я класы, а ўжо дарослыя людзі з пэўнай жыццёвай пазіцыяй. Тым больш класы былі няпрофільныя, таму кантынгент быў розны. Прыгадваю моманты, калі я нават плакала ад бездапаможнасці. Але метадам спроб і памылак досвед прыходзіў, шліфаваўся. Шлях да майстэрства рэдка бывае простым.

Эліта ТАНАЯН.