Наперад, хлопцы!

Чарговы раз патрыятычны месяц люты адзначыўся на Рагачоўшчыне стартам міжшкольнай ваенна-спартыўнай праграмы “Наперад, хлопцы!”, прысвечанай Дню абаронцаў Айчыны.

Традыцыйна праграма праходзіла на базе Гарадзецкай сярэдняй школы. Сёння па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні фарміравання грамадзянска-патрыятычнай культуры падрастаючага пакалення, падрыхтоўкі юнакоў да службы ва Узброеных Сілах.

Праграма адрознівалася разнастайнасцю конкурсаў, у якіх адлюстроўвалася жыццё сучаснага салдата: агляд-конкурс “На пляцы”, “Пад’ём! На зарадку станавіся!”, “Снайперы”, “Гаць”, ”Салдаты — спартыўныя рабяты”, “Салдацкая салідарнасць”, “Самы трапны”, “Пераадольванне загазаванага ўчастка, “Салдацкая вынослівасць”.

Для навучэнцаў 5—8 класаў Гадзілавіцкай (каманда “Сіла”), Велікастрэлкаўскай (каманда “Надзейнасць”), Стаўпнянскай (каманда “Воля”), Гарадзецкай (каманда “Смеласць”) школ конкурсныя заданні сталі складаным выпрабаваннем. Хлопцы праявілі сілу, мужнасць і камандную згуртаванасць.

Але конкурс ёсць конкурс, перамога дасталася наймацнейшай камандзе. Пераможцам ваенна-спартыўнай праграмы “Наперад, хлопцы!” стала каманда “Надзейнасць” Велікастрэлкаўскага ясляў-сада — базавай школы імя А.Ф.Самусева, якой уручаны дыплом аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама. Астатнія каманды ўзнагароджаны ў намінацыях дыпломамі Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і дыпломамі адміністрацыі Гарадзецкай сярэдняй школы.

Падобныя конкурсы на Рагачоўшчыне ўвайшлі ў сістэму патрыятычных мерапрыемстваў і з’яўляюцца адным з этапаў падрыхтоўкі вучняў да аднаго з самых значных праектаў — ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, у якой рагачоўскія юнакі і дзяўчаты ўжо шмат гадоў лепшыя на Гомельшчыне, а таксама прадстаўляюць вобласць на рэспубліканскім конкурсе.

Галіна СКОБАВА,
культарганізатар Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.