Лінгва– і этнакампетэнтнасць

Спалучэнне лінгвакультуралагічнага аспекта навучання з этнакультуразнаўчым арыентуе вучняў на развіццё міжэтнічнай, міжкультурнай камунікацыі, гэта значыць на дыялог культур. Менавіта развіццё ўмення весці дыялог і з’яўляецца мэтай навучання англійскай мове. Таму вывучэнне іншакультурных каштоўнасцей павінна суправаджацца глыбокім асэнсаваннем культуры ўласнай, што можа быць забяспечана праз фарміраванне этнакультуразнаўчай кампетэнцыі вучняў.

Асноватворнай базай англамоўных рэсурсаў для фарміравання этнакультуразнаўчай кампетэнцыі вучняў на ўроках англійскай мовы могуць паслужыць інтэрнэт-рэсурсы. Найбольш інфарматыўнымі з іх можна вылучыць сайты vedaj.by і belarus.by.

Сайт vedaj.by прысвечаны архітэктурнай і культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. Гістарычны і краязнаўчы матэрыял сайта падмацоўваецца картай славутасцей, іх апісаннем і відэасюжэтамі. Тэксты не толькі напоўнены багатым лексічным матэрыялам, але таксама могуць служыць наглядным прыкладам выкарыстання граматыкі англійскай мовы.

Больш шырокі англамоўны матэрыял прапануе сайт belarus.by, які змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, яе традыцыях, культуры (музыка, літаратура, святы ) і значныя падзеі грамадства ў галіне культуры. Тэксты могуць быць выкарыстаны для дадатковага вывучэння тэм Shopping, Travelling back in time, Town and village, From Australia to Belarus — у 7 класе, Unit 4,5,6 — у 8 класе, дзе вывучаюцца традыцыі Рэспублікі Беларусь і яе культура. Разнастаіць раздзел Food падручніка 8 класа дапамогуць відэафільмы The history of Belarusian cuisine, якія ўтрымліваюць англійскія субцітры. Відэафільм Belarus travel guide будзе цудоўным дапаўненнем размовы пра Беларусь у 6 класе ў раздзеле My fairy land.

Асобна вылучаю сайты naviny.by і tvr.by, англамоўныя версіі якіх дазваляюць быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў краіне, абмеркаванне якіх прапаную вучням у пачатку ўрока. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Музыка” ў 8 класе можна прапанаваць сачыць за падзеямі конкурсу “Еўрабачанне” і кінафестывалю “Лістапад” пры вывучэнні тэмы “Кіно”. У 7 класе можна прапанаваць сачыць і абмяркоўваць спартыўныя падзеі, вывучаючы адпаведную тэму.

Для фарміравання этнакультуразнаўчай кампетэнцыі на ўроках англійскай мовы, неабходнай умовай з’яўляецца ўвядзенне гісторыка-краязнаўчага аналізу тэкстаў. Пры рэалізацыі фарміравання этнакультуразнаўчай кампетэнцыі выкарыстоўваю на ўроках такія прыёмы работы з тэкстам, як:

1) работа з геаграфічнымі і палітычнымі картамі;

2) каменціраванне дат;

3) работа з асабовымі імёнамі, тэрмінамі;

4) работа з відэа і інтэрактыўнымі гідамі;

5) супастаўленне інфармацыі з фактамі іншамоўнай культуры.

Прыкладам урока з гістарычным аналізам тэксту можа быць урок, праведзены ў 7 класе па тэме “Гарады Беларусі — наш гонар”. На ўроку я прапанавала вучням папрацаваць з тэкстам, які прысвечаны славутасцям горада Косава (Брэсцкая вобласць). Тэкст быў узяты з сайта vedaj.by (vedaj.by/index.php/en/towns/brest/ivatsevichy/kosava).

Пасля знаёмства з тэкстам прапанавала папрацаваць з анлайн-рэдактарам экскурсій Tour builder (tourbuilder.withgoogle.com). Сайт дазваляе адзначыць і правесці маршрут па ўсіх мясцінах і славутасцях, якія адзначаны ў тэксце, а таксама паглядзець або дабавіць здымкі, відэа і апісанне гэтых мясцін.

Работа з датамі была арганізавана ў выглядзе задання “Суаднясі даты з іх падзеямі, знайдзі лішнюю”.

Грунтоўнай падрыхтоўкі патрабуе работа з гістарычнымі тэрмінамі, таму для вырашэння цяжкасцей звяртала вучняў да анлайн-слоўніка dictionary.cambridge.org, які дазваляе знайсці тлумачэнне слоў, не звяртаючыся да рускага перакладу. Да таго ж паказвае тлумачэнне патрабуемага слова на ўзроўнях валодання мовай ад А1 да С2.

На этапе рэфлексіі цікавым для вучняў быў прыём агучвання відэагіда з апорай на тэкст. Вучням давялося адчуць сябе сапраўднымі экскурсаводамі і правесці сваіх аднакласнікаў па славутых мясцінах Косава.

З дапамогай выкарыстання этналагічна-накіраваных рэсурсаў на ўроках англійскай мовы забяспечваецца сувязь навучання замежнай мове з маральным выхаваннем вучняў і інтэграванае навучанне. Вучні набываюць навык мадэлявання сітуацый міжкультурных зносін, выпрацоўваюць уменне параўноўваць і аналізаваць факты, творча перапрацоўваць інфармацыю, пераносіць навыкі з аднаго віду маўленчай дзейнасці на іншы. Да таго ж сфарміраванасць этнакультуразнаўчай кампетэнцыі ў вучняў не толькі спрыяе лепшаму разуменню роднай культуры ў параўнанні з іншымі, але і дазваляе зблізіць грамадства і культуру на прынцыпах талерантнасці і павагі. І тут трэба згадаць 16-ю мэту ўстойлівага развіцця, у якой першае слова — гэта “мір”, таму што менавіта сфарміраванасць этнакультуразнаўчай кампетэнцыі дазваляе чалавеку правільна ацэньваць спецыфіку і ўмовы ўзаемадзеяння, узаемаадносін з прадстаўнікамі іншых этнічных супольнасцей, знаходзіць адэкватныя формы супрацоўніцтва з імі з мэтай падтрымання атмасферы згоды і ўзаемнага даверу.

Ірына ШУКАНАВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа.