“Лідару”— 10

Абласному профільнаму аздараўленчаму лагеру “Лідар”, заснаванаму галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, сёлета споўнілася 10 гадоў.

Дзясятая змена прайшла пад дэвізам “Любая работа ідзе спарней, калі ёсць каманда, любая ідэя ўвасабляецца, калі ёсць актыўнасць і пазітыў”. Для хлопцаў і дзяўчат гэта былі дзевяць незабыўных яркіх дзён, поўных уражанняў і падзей. Навучэнцы змаглі не толькі праявіць сябе як творчыя асобы, але і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, адчуць сацыяльную значнасць рэалізаваных праектаў і праведзеных акцый.


Напярэдадні адкрыцця юбілейнай змены лагера была праведзена вялікая работа: сфарміраваны каманды навучэнцаў, у якія ўвайшло па адным прадстаўніку раённага савета старшакласнікаў ад кожнага раёна Гомельшчыны, распрацаваны праграмы мерапрыемстваў, арганізаваны сустрэчы з цікавымі людзьмі.

У праграме лагера былі трэнінгі “Камандаўтварэнне”, “Мы розныя, але роўныя”, традыцыйны ўрок аднаго танца TENTH DANCE, інтэлектуальны марафон, запіс гульні на мясцовым тэлебачанні “Эрудыт-пяцёрка”, пераможная гульня “Схватка”, праца арт-кафэ “Юбілейнае”, інтэрактыўныя заняткі “Прыцягненне”, спартыўная эстафета, гульня ў боўлінг, катанне на конях і многае іншае.

Кожны дзень для лідараў быў поўны сюрпрызаў, прыемных сустрэч і цікавых заняткаў. Але самым галоўным стала распрацоўка праектаў сацыяльнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці “У зоне ўвагі: гістарычныя аб’екты” і “Славянскі дэсант”.

Праектам “У зоне ўвагі: гістарычныя аб’екты” былі ахоплены два помнікі архітэктуры: “Паляўнічая хатка” — частка палацава-паркавага ансамбля і “Багуслаўскі фальварак”, які з’яўляецца адной з эканомій Н.П.Румянцава, заснаванай у XVIII стагоддзі. Падчас рэалізацыі праекта моладзь правяла экалагічную акцыю “Мой уклад у развіццё малой радзімы”, пасля чаго юных лідараў чакаў сюрпрыз — катанне на конях (на тэрыторыі фальварка зараз размяшчаецца конна-спартыўная школа).

Праект “Славянскі дэсант” ажыццяўляўся на пяці пляцоўках устаноў адукацыі абласнога цэнтра: на базе трох дзіцячых садоў і дзвюх школ для вучняў летніх прышкольных лагераў. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся пра славян, гісторыю жыцця продкаў, сталі ўдзельнікамі гульняў славянскіх народаў.

Кожны юны лідар павёз з сабой распрацоўкі праектаў, каб рэалізаваць іх у сваіх вучнёўскіх калектывах.

Незабыўныя ўражанні выклікала акцыя “Сюрпрыз-3”. Здымкі для тэлеперадачы “Эрудыт-пяцёрка” сталі для ўдзельнікаў змены вялікай нечаканасцю. Яны змаглі акунуцца ў атмасферу закадравага жыцця тэлебачання і на нейкі час сталі зоркамі экрана, праявіўшы свой розум і кемлівасць.

Цікавымі аказаліся і сустрэчы з паспяховымі людзьмі: старшынёй Беларускага саюза жанчын Г.М.Пашэд, дацэнтам кафедры эканомікі і кіравання кандыдатам эканамічных навук Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны В.С.Сяліцкім, а таксама з начальнікам аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама І.Ю.Драбышэўскай. Актывісты змаглі пагутарыць з гасцямі, задаць хвалюючыя пытанні, падзяліцца вопытам і ідэямі сваіх рэгіёнаў. Гэтыя сустрэчы паказалі, што ў “Лідары” няма выпадковых людзей. Удзельнікі змены заўсёды ў пошуку, яны крэатыўныя, мабільныя, творчыя асобы, гатовыя ўнесці свой уклад у развіццё Гомельшчыны.

Творчую лабараторыю “10 прынцыпаў крэатыўнага event-менеджара” ўзначаліла былая выпускніца клуба “Лідар” і экс-старшыня абласнога савета старшакласнікаў Кацярына Гаўрыленка. Яна раскрыла сакрэты публічных выступленняў, расказала, як навучыцца трымацца перад аўдыторыяй. А педагогі змаглі прааналізаваць і аб’ектыўна ацаніць магчымасці кожнага ўдзельніка.

Заключным акордам у працы лагера стаў трэнінг “Маладзёжны парламент для развіцця моладзі”, праведзены офісам прасоўвання ініцыятыў (Мінск). Юныя лідары вызначалі функцыі маладзёжнага парламента, арганізоўвалі яго дзейнасць.

Правёўшы выніковую дыягностыку, удзельнікі адзначылі пазітыўныя змены: актыўнасць у праўленні асабістай ініцыятывы, усведамленне важнасці самарэалізацыі і самаўдасканальвання. Юныя лідары адчулі адказнасць перад аднагодкамі, абяцалі укараніць атрыманы вопыт.

Лагер “Лідар” — гэта вялікая сумесная работа каманды творчых і мэтанакіраваных людзей.

Іна ІВАНОВА,
намеснік начальніка лагера, метадыст
Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.