Лепшыя веды па гісторыі

На Гомельшчыне ўпершыню адбыўся абласны конкурс па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі” і “Сусветная гісторыя”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы 4—9 класаў, пераможцы трэцяга этапу сёлетняй абласной алімпіяды па гісторыі.

24 вучні са школ і гімназій Гомельскай вобласці прыехалі ў спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, на базе якога і праходзіў конкурс. Канкурсанты, зразумела, хваляваліся, але цёплая сустрэча з педагогамі і курсантамі ліцэя, а таксама экскурсія па спецыялізаванай установе, падбадзёрылі юнакоў і дзяўчат, і выконваць конкурсныя заданні яны ішлі са станоўчымі эмоцыямі і ў добрым настроі.


Конкурс праводзіўся ў тры туры. Спачатку канкурсанты выконвалі асобныя заданні, прызначаныя для навучэнцаў 8—10 класаў. Далей у рамках конкурсу ім належала на персанальных камп’ютарах справіцца з мультымедыйным тэстам, які складаўся з заданняў ілюстрацыйнага і відэаграфічнага матэрыялу, а таксама творчымі заданнямі алімпіяднага ўзроўню складанасці.

Фіналам інтэлектуальных спаборніцтваў стала гульня-віктарына “Веру — не веру”. Да ўдзелу ў ёй былі дапушчаны канкурсанты, якія набралі найбольшую колькасць балаў па выніках двух папярэдніх тураў. Вучні дзяліліся на маленькія групы (па тры чалавекі ў кожнай) і спрабавалі даць правільныя адказы на прапанаваныя сцвярджэнні.

Конкурс атрымаўся сапраўды цікавым як для саміх удзельнікаў, так і для арганізатараў. А для пераможцаў ён стаў яшчэ адным пацвярджэннем іх выдатных ведаў і, канечне, добрым стымулам для таго, каб працягваць вывучэнне гісторыі і, магчыма, звязаць з гэтым прадметам сваё жыццё.

Найлепшыя вынікі паказалі дзесяцікласнік Дзмітрый Мятліцкі з гомельскай гімназіі № 51, добрыя веды па гісторыі якога — гэта заслуга і настаўніцы І.А.Кротавай, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 29 Гомеля Даніла Штрапаў (настаўнік В.М.Курмацёва) і вучань 8 класа сярэдняй школы № 2 Жлобіна Даніл Ярошын (настаўнік А.У.Борыкава). У хлопцаў дыпломы I ступені.

Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 62 Гомеля Рыгор Канаплянік (настаўнік М.А.Фірсанаў), навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 12 Гомеля Мікіта Закрочынскі (настаўнік Ж.В.Марцінкевіч) і вучань 10 класа Сталпянскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Дзяніс Атрохаў (настаўнік Н.Л.Бондарава).

Дыпломы III ступені атрымалі навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 60 Гомеля Аляксей Лапіцкі (настаўнік В.В.Сяліцкі), вучань 9 класа сярэдняй школы № 11 Гомеля Аляксандр Цыганок (настаўнік Ю.П.Мянякіна), навучэнец 9 класа гімназіі № 56 Гомеля Глеб Вахоцкі (настаўнік В.Я.Бондараў) і дзесяцікласніца з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Ганна Запецкая (настаўнік Н.М.Маслюкова).

Наталля ЛУТЧАНКА.