Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ”

Ініцыятыва аддзела адукацыі, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама Гомельскай вобласці “Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ” стала пераможцай ІІ конкурсу ініцыятыў “Будзь здаровы!” у рамках рэалізацыі праекта “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (БЕЛМЕД), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ПРААН, СААЗ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Галоўная задача ініцыятывы — сфарміраваць у навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў і мясцовай суполкі рацыянальныя харчовыя паводзіны як складовую частку здаровага ладу жыцця. Вырашэнню гэтай задачы павінен паслужыць цэлы цыкл мерапрыемстваў, у якіх задзейнічаны не толькі педагогі школ, але і самі навучэнцы, іх бацькі, спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, урачы цэнтральнай райбальніцы.

Усе мерапрыемствы падзелены на модулі. Адзін з такіх модуляў, які ўключае ў сябе правядзенне дзён здароўя пад дэвізам “Тое, што доктар прапісаў”, прайшоў у дні вясенніх канікул у Давыдаўскім, Асташковіцкім, Нікалаеўскім сельскіх саветах на базе пілотных школ. Мэта гэтага мерапрыемства — прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, звязаных з харчаваннем.

Ужо на парогу давыдаўскай школы госці свята траплялі на тэматычную пляцоўку “Здароўю — зялёнае святло”, дзе на запясце завязвалі зялёную стужку — сімвал здароўя. Нікога не пакінула абыякавым акцыя “Яблык у падарунак”. Жадаючым прапанавалася адказаць на пытанне бліцвіктарыны пра здаровае харчаванне і атрымаць за правільны адказ яблык у падарунак.

А пачалося свята на ўсіх трох пляцоўках з выступення агітбрыгады “Акадэмія “Еш”, дзе дзеці ў вясёлай, займальнай і музычнай форме расказалі сваім татам і мамам, бабулям і дзядулям пра прынцыпы правільнага харчавання.

Пазнавальнай для дзяцей стала “Гадзіна здароўя” са спецыялістамі Светлагорскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пра гігіенічныя асновы харчавання як крыніцу здароўя і правільнага фізічнага развіцця.

Бацькі дзяцей і жыхары сельскага Савета тым часам маглі наведаць грамадскую прыёмную і атрымаць кансультацыю ўрача-педыятра, урача-тэрапеўта, паўдзельнічаць у акцыі “Лічбы здароўя”. Фельчары сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў вымяралі жадаючым ціск, рост, вагу, давалі рэкамендацыі па пытаннях, якія ўзнікалі.

Які ж дзень здароўя без спорту і фізічнай культуры?! Палымяная музыка, захопленыя воклічы, яркія афішы вабілі ўсіх у спартыўную залу, дзе пачыналася спартландыя “Быць здаровым — гэта модна!”, удзельнікамі якой сталі дзеці, таты, мамы і педагогі. Перамагла дружба, а ўзнагародай фізкультурнікам сталі вітамінныя прызы — яблыкі, бананы, апельсіны.


Да канца свята ў фае школы вырасла “Сцяна здароўя”: усе, хто наведаў у гэты дзень давыдаўскую, асташковіцкую і дуброўскую школы, выбралі ўпадабаныя цаглінкі, на якіх былі запісаны ці намаляваны карысныя і шкодныя для здароўя прадукты харчавання, і выклалі з іх сцяну. Канечне ж, “Сцяна здароўя” была правільнай! Цудоўнай традыцыяй скончыўся дзень здароўя ў дуброўскай школе — жыхары вёскі, школьнікі, іх бацькі паўдзельнічалі ў пасадцы яблыневага саду.

Дзень здароўя дасягнуў сваёй мэты — і навучэнцы, і іх бацькі, і жыхары засвоілі прынцыпы здаровага харчавання. Для мясцовых жыхароў арганізаваны свабодны доступ да інфармацыі, кансультацый спецыялістаў. Сучасныя формы падачы інфармацыі дазволілі ў нязмушанай атмасферы абмеркаваць з бацькамі і дзецьмі, мясцовымі жыхарамі (не менш за 250 чалавек) тэму важнасці правільнага харчавання як складовай часткі захавання і ўмацавання здароўя, прафілактыкі НІЗ, правільнага падбору прадуктаў для складання дамашняга меню, колькасць вадкасці, якая ўжываецца, і інш. У рамках грмадскіх прыёмных медсёстры ФАПаў вымералі артэрыяльны ціск не менш чым у 150 чалавек з ліку мясцовых жыхароў. Прадстаўнікі мэтавых груп атрымалі кансультацыі ўрача-гастраэнтэролага, гігіеніста, валеолага, узброіліся ведамі пра механізмы ўздзеянняў харчавання на здароўе і прымяняюць іх у штодзённым жыцці.

Значным модулем ініцыятывы з’яўляецца “Акадэмія “Еш” па папулярызацыі здаровага харчавання і прыцягненні моладзі, мясцовай суполкі да здаровага ладу жыцця. Гэты модуль уключае ў сябе конкурс фота- і відэаработ “Чатыры сезоны здароўя”, у якім удзельнічаюць не толькі дзеці трох сельскіх школ і бацькі, але і навучэнцы школ і ўстаноў дадатковай адукацыі раёна. Вынікі гэтага конкурсу будуць падведзены на раённым форуме “PRO-здароўе” на базе Давыдаўскай сярэдняй школы, праграма якога будзе ўключаць навукова-практычную канферэнцыю навучэнцаў па здаровым харчаванні, семінар “Тэхналогія вырошчвання арганічна чыстай агародніны і садавіны”, выставу сельгаспрадукцыі, прадукцыі прадпрыемстваў харчовай прамысловасці раёна, а таксама круглы стол з удзелам урачоў, педагогаў, бацькоў, прадстаўнікоў ПРААН і Еўрапейскага саюза.

У рамках гэтага модуля ў дні летніх канікул на буйных гандлёвых пляцоўках Светлагорска прайшлі флэшмобы “Вітамінная АБВГДэйка”, у падрыхтоўцы якіх паўдзельнічалі 30 навучэнцаў 6—11 класаў устаноў адукацыі — удзельнікаў ініцыятывы “Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ”. Флэшмоб прыцягнуў увагу да пытанняў ЗЛЖ не менш як 400 чалавек — жыхароў Светлагорскага раёна. Школьнікі песнямі, танцамі, інсцэніроўкамі заклікалі правільна харчавацца. За здаровы лад жыцця выступалі і героі папулярнага мультфільма Маша і Мядзведзь, правёўшы з гледачамі падбадзёрлівую музычную зарадку. Пазнавальная віктарына, яркія прэзентацыі прынцыпаў здаровага харчавання, акцыі “Здароўю — зялёнае святло”, “Лічбы здароўя”, “Упрыгожым неба шарамі”, збор подпісаў “Я — за здаровае харчаванне” не пакінулі абыякавымі ніводнага наведвальніка гандлёвых цэнтраў горада.

Ініцыятывай “Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ” прадугледжана работа анлайн-школы “Сакрэты здаровай кухні”, у выніку якой будуць распрацаваны і ўкаранёны ў меню школьных сталовых салаты з агародніны, стравы з круп і іншыя. Навучацца і прыменяць на практыцы інавацыйныя тэхналогіі рацыянальнага харчавання 25 кухараў школьных сталовых. Ролікі з відэаўрокамі, майстар-класамі з рэцэптамі страў для снедання, абеду і вячэры на аснове прынцыпаў здаровага харчавання будуць распаўсюджаны ва ўстановах адукацыі Светлагорскага раёна з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Рэалізацыя ініцыятывы “Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ” дазволіць навучэнцам гэтых школ штодзень атрымліваць рацыянальнае харчаванне не толькі ў школе, але і дома. Для павышэння якасці і арганізацыі збалансаванага харчавання школьнікаў, пашырэння асартыменту ежы ў школьныя сталовыя закуплены параканвектаматы, агароднінарэзальна-працірачныя машыны, электрапліты, кандытарская вітрына, вытворчы інвентар. Паколькі давыдаўская школа з’яўляецца цэнтрам рэалізацыі ініцыятывы, у ёй адрамантаваны харчаблок, абедзенная зала, закуплены сталовая мэбля і посуд, а за кошт фінансавання з раённага бюджэту мадэрнізавана вентыляцыйная сістэма.

Пасля заканчэння рэалізацыі ініцыятывы набыты вопыт будзе распаўсюджаны на іншыя ўстановы адукацыі Светлагорскага раёна.

Святлана МАРКЕВІЧ,
дырэктар Давыдаўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.