Крокі ў самастойнае жыццё

З пачатку гэтага года ва ўстановах адукацыі і сацыяльнай абароны Гомельскай вобласці пачалася работа па рэалізацыі праекта “Падрыхтоўка да самастойнага жыцця дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладых інвалідаў, якія маюць асаблівасці развіцця”.

Мерапрыемствы будуць рэалізоўвацца Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Дапаможам дзецям разам” па ўзгадненні з упраўленнем адукацыі, камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. Гэты праект падтрымлівае Брытанская дабрачынная арганізацыя “Праект падтрымкі дзецям Беларусі”.
У Гомельскай вобласці колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, за апошнія шэсць гадоў знізілася амаль на тысячу (па стане на 01.01.2010 — 5220, на 01.01.2017 — 4252 дзіцяці). У замяшчальных сем’ях выхоўваецца 3352 дзіцяці, што складае 78,8% ад іх агульнай колькасці. Закрыты ўсе школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (пачынаючы з 2005 года — 8 устаноў).

Асаблівая падтрымка патрабуецца дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць статус дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У Гомельскай вобласці ў замяшчальных сем’ях пражываюць 303 дзіцяці, у інтэрнатных установах — 570 дзяцей, у дамах-інтэрнатах пражывае больш за 450 маладых людзей, якія маюць сур’ёзныя парушэнні развіцця (інтэлектуальная недастатковасць, парушэнні апорна-рухальнага апарату, сіндром Даўна). Таму праблема падрыхтоўкi да самастойнага жыцця дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця, іх інтэграцыя ў грамадства з’яўляецца актуальнай.

Праект “Падрыхтоўка да самастойнага жыцця дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладых інвалідаў, якія маюць асаблівасці развіцця” разлічаны на развіццё і падтрымку менавіта гэтай катэгорыі дзяцей і маладых людзей.

У ходзе падрыхтоўкі праекта для параўнання была сабрана інфармацыя аб уладкаванні выпускнікоў прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Выпускнікамі замяшчальных сем’яў у 2014—2016 гадах сталі 429 дзяцей. З іх паступілі ва ўстановы ПТА 242 чалавекі, ва УВА, ССНУ — 173, працаўладкаваны 14. Сацыяльная адаптацыя маладых людзей, якія выхоўваліся ў замяшчальных сем’ях, у цэлым складваецца больш паспяхова. Разам з тым і гэтым маладым людзям уласцівы цяжкасці пры арганізацыі самастойнага жыцця.

Важным фактарам, які ўплывае на паспяховасць далейшага жыццёвага ўладкавання дзяцей-сірот, з’яўляецца недастатковая гатоўнасць грамадства прыняць кожнага выпускніка і дапамагчы яму ў сацыялізацыі. Таму работа па прыцягненні ўвагі грамадскасці да патрэб дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, да іх права на незалежнае пражыванне будзе адбывацца на працягу рэалізацыі праекта.

У дамах-інтэрнатах, дапаможных школах-інтэрнатах Гомельскай вобласці праводзіцца вялікая работа для падрыхтоўкі дзяцей і маладых людзей да самастойнага жыцця. Мы прапануем выкарыстоўваць яшчэ і такую форму работы, як “Школа незалежнага пражывання”, дзе асноўная ўвага ў рабоце ўдзяляецца фарміраванню ў дзяцей і маладых людзей бытавых навыкаў, навыкаў самаабслугоўвання, бяспечных і адказных паводзін, зносін на сацыяльна-бытавыя тэмы. Важна, каб навыкі і ўменні, якія набываюць дзеці і маладыя людзі ў інтэрнатных установах, яны змаглі прымяніць у самастойным жыцці.

Акрамя таго, у рамках рэалізацыі праекта пройдзе мноства мерапрыемстваў. Напрыклад, нядаўна ў Журавіцкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адбыўся фестываль мастацкай творчасці “Мы разам”, у якім прынялі ўдзел выхаванцы з асаблівасцямі развіцця інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі і сацыяльнай абароны Гомельскай вобласці. Гледачоў радавалі танцавальныя пары з Рэчыцкага і Журавіцкага дамоў-інтэрнатаў, лаўрэаты фестывалю “Мары спраўджваюцца”, які праходзіў у Віцебску на сцэне “Славянскага базару”. Да глыбіні душы кранулі песні Насці з Рагачова і Віктара з Рагачоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Яны спявалі пра вернасць і каханне.

У “Школе майстроў” хлопцы і дзяўчаты змаглі навучыцца навыкам вядзення хатняй гаспадаркі, арыгамі, мастацкай лепцы, маляванню і бісерапляценню. А ў завяршэнне адбылася спартландыя.

Мэтай фестывалю стала развіццё творчых здольнасцей дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця і фарміраванне пазітыўнага грамадскага меркавання ў дачыненні да магчымасцей гэтых людзей.

Алена ВАЛАШЫНЕНКА,
кіраўнік праекта Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання
“Дапаможам дзецям разам”.