Касмічныя перамогі

Дэвіз гомельскага гарадскога ліцэя № 1 гучыць так: Per aspera ad astra — “Праз церні да зорак”. І сёння гэтае выслоўе характарызуе ўстанову не толькі ў пераносным сэнсе, але і ў прамым. З 2015 года ліцэй з’яўляецца гарадскім рэсурсным цэнтрам па фізіцы і астраноміі.

Наколькі гэта каштоўна, паказваюць перамогі ліцэістаў на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. І гэты год не выключэнне: запаветны дыплом заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Астраномія” заваяваў навучэнец 11 “Б” класа Ілья Быхавец. Па словах Ільі, яго пуцяводнай зоркай стаў настаўнік астраноміі, дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат фізіка-матэматычных навук Генадзь Цюмянкоў.

Космас — сапраўды цудоўны свет, які проста не можа не быць цікавым дзецям. Пацвярджэнне гэтага — вынікі гарадской займальнай алімпіяды па астраноміі, якая праводзіцца для навучэнцаў 8—9 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля і арганізуецца пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама. Мэта такога мерапрыемства — развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, папулярызацыя астраноміі як навукі, стымуляванне цікавасці да вывучэння астраноміі і, канечне, выяўленне перспектыўнага рэзерву для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па астраноміі.


Сёлета спаборніцтва юных аматараў астраноміі прайшло трэці раз і стала самым масавым па колькасці ўдзельнікаў: у першым, дыстанцыйным, этапе прынялі ўдзел 79 навучэнцаў са школ, гімназій і ліцэяў абласнога цэнтра. На старце юнакам і дзяўчатам былі прапанаваны алімпіядныя заданні, для выканання якіх спатрэбіліся не толькі веды, але і лагічнае мысленне, навыкі работы з інфармацыйнымі крыніцамі, уменне правільна размяркоўваць час.

Удзельнікамі другога, вочнага, этапу ў форме публічнай абароны творчых праектаў сталі 10 вучняў, якія набралі найбольшую колькасць балаў у першым туры. Для падрыхтоўкі сваіх праектаў у іх быў роўна месяц.

“Астраномія, касманаўтыка і Беларусь”, “Беларускія касмічныя апараты”, “Беларускія прозвішчы ў тапаніміцы нябесных цел”, “Астраномія і касманаўтыка ў мультыплікацыі”, “Астраномія ў паэзіі” — вось далёка не поўны пералік тэм, выбраных удзельнікамі для даследавання. Навучэнцы крэатыўна падышлі да выканання фінальнага задання. У рабоце кожнага з іх было нешта асабістае. Напрыклад, вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 61 Паліна Касянок стварыла ўласную міні-анімацыю “Як доўга ідзе святло да Зямлі”.


Па адзінагалосным меркаванні журы пераможцамі гарадской займальнай алімпіяды па астраноміі 2018 года прызнаны вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 42 Аміна Вірская (кіраўнік праекта Л.М.Каршнёва, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца астраноміі), вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 61 Паліна Касянок (кіраўнік праекта І.М.Некрашэвіч, настаўнік фізікі) і вучань 9 класа сярэдняй школы № 22 Ілья Пронін (кіраўнік праекта М.Л.Трухава, настаўніца фізікі).

Хочацца, каб гарадская займальная алімпіяда па астраноміі стала для навучэнцаў першай прыступкай да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе і стартам да зорных вяршынь.

Зоя ПАШКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гомельскага гарадскога ліцэя № 1.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*