Каляды па-нямецку

“Guten Tag, ich bin der Nikolaus!” — з такімі словамі завітаў чарговы раз у гімназію імя Янкі Купалы жыхар Мазыра Рольф Нольцэ. Другі год запар настаўнікі і вучні гімназіі сустракаюць свайго Нікалауса, каб разам адзначыць Каляды на-нямецку. На гэты раз праграму святочнага мерапрыемства пачынала інсцэніроўка казкі братоў Грым “Залатая гусь”. Потым, пасля прывітання, Рольф Нольцэ паведаміў некалькі цікавых фактаў аб калядных традыцыях сваёй радзімы: напрыклад, аб тым, з якой нагоды ў Германіі падчас Каляд вокны дамоў упрыгожваюць ліхтарыкамі.

Падчас свята настаўнікі нямецкай мовы арганізавалі цікавыя конкурсы і гульні аб сімвалах нямецкіх калядных традыцый. Вельмі парадавала ўсіх прысутных выкананне традыцыйных калядных песень на нямецкай мове: Oh, Tannenbaum, Morgen kommt der Nikolaus, Lasst uns froh und munter sein. Дзяўчаты 7—8 класаў з задавальненнем дэкламавалі вершы аб цудоўным свяце Каляд і перадкалядным настроі ў нямецкіх сем’ях. З хваляваннем чакалі многія вучні таго моманту, калі Рольф Нольцэ ацэніць іх намаганні па стварэнні традыцыйных нямецкіх калядных календароў. Перамогу атрымаў сціплы, але з густам выкананы каляндарык Лізаветы Скачылавай, бо ён нагадаў нашаму госцю калядны каляндар яго дзяцінства. Але і астатнія работы заслугоўвалі вялікай увагі і былі па-свойму адметныя, таму ўсе яны атрымалі падарункі ад Нікалауса.

Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі частаваліся чаем з калядным пячэннем, якое спёк Рольф разам са сваёй жонкай Жаннай. Перад развітаннем хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі фатаграфіі на памяць і паабяцалі, што будуць чакаць Рольфа наступны раз.

Такія сустрэчы з носьбітамі нямецкай мовы вельмі карысныя для павышэння матывацыі да яе вывучэння для вучняў нашай гімназіі, паколькі большасць з іх не маюць магчымасцей наведваць краіны, дзе гавораць па-нямецку.

Інеса КРАСІКАВА,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра.