“Ірынінскія чытанні”

Навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “Ірынінскія чытанні” даўно стала візітоўкай Гомельскай Ірынінскай гімназіі. Канферэнцыя накіравана на інтэлектуальнае і творчае развіццё навучэнцаў праз арганізацыю самастойнай даследчай работы ў розных галінах ведаў, далучэнне юнацтва да традыцый беларускай навуковай школы.

У канцы красавіка юныя таленты сустрэліся на спаборніцтвах 15-ы раз.

Удзельнікамі ірынінскай канферэнцыі ў гэтым годзе былі не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомеля і вобласці, але і госці з Расіі — Бранска і Бранскай вобласці. Каб атрымаць магчымасць выступаць на канферэнцыі, недастаткова толькі жадання, неабходна прайсці адборачны тур, да якога таксама трэба рыхтавацца. Сёлета сваё права на абарону даследчых работ атрымалі 137 навучэнцаў.

У якасці ганаровых членаў журы на прадметных секцыях працавалі выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, навуковыя супрацоўнікі Інстытута лесу НАН Беларусі, метадысты Гомельскага вучэбна-метадычнага кабінета.

Традыцыйным мерапрыемствам стала і выстава-галерэя “Ірынінскі Арбат”. У гэтым годзе тут былі прадстаўлены цікавыя работы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва навучэнцаў гімназіі, фотавыстава “Мая малая радзіма — мікрараён Навабеліца”.

Тэматыка работ канкурсантаў была разнастайнай. Так, госці з сярэдняй школы № 2 імя А.І.Герцэна горада Клінцы Бранскай вобласці Алена Макрыдзенка і Альбіна Мамедава прадставілі цікавую даследчую работу пра вывядзенне каляровых куранят, за якую дзяўчаты ўзнагароджаны дыпломам I ступені. Такі ж дыплом атрымала і вучаніца сярэдняй школы № 38 Гомеля Аліна Леташкова, якая разважала ў сваім выступленні аб няроўнасцях, алгебраічных і геаметрычных доказах.

Цікавыя выступленні былі ў секцыі “Мова маці маёй”. Асаблівасць вучнёўскіх работ у тым, што яны ўяўлялі сабой цэлыя навуковыя даследаванні, якія праводзіліся на працягу амаль усяго навучальнага года. Лепшымі былі названы даследаванні гімназістак Сафіі Лісіменка і Хрысціны Арлоўскай з Гомельскай Ірынінскай гімназіі. Сваю работу пад назвай “Першыя зоркі на небасхіле беларускай паэзіі” дзяўчаты прысвяцілі 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дыпломам I ступені ў гэтай жа секцыі ўзнагароджана і вучаніца сярэдняй школы № 22 Гомеля Настасся Жарына за работу “Уплыў беларускамоўнай рэкламы на нацыянальную самасвядомасць беларусаў”.

Ларыса ЖВІКАРТ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскай Ірынінскай гімназіі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*