Інавацыйныя тэхналогіі для развіцця творчасці школьнікаў

У цяперашні час валоданне неабходнай інфармацыяй становіцца галоўным інструментам у любой сферы чалавечай дзейнасці. Адна з задач школы — навучыць падрастаючае пакаленне жыць у інфармацыйным свеце, умець знаходзіць і выкарыстоўваць неабходныя веды. Задача педагога — прымяняць такія прыёмы, якія дазволяць актывізаваць творчасць навучэнцаў. Бясспрэчным памочнікам у вырашэнні многіх задач з’яўляюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (ІКТ).

Ужо некалькі гадоў на ўроках рускай літаратуры ў старшых класах сярэдняй школы № 2 Светлагорска практыкуюцца творчыя заданні: падрыхтоўка прэзентацый па біяграфіях і творчасці пісьменнікаў, стварэнне відэакліпаў на вершы любімых паэтаў.

У сетцы інтэрнэт вельмі папулярна вядзенне відэаблогаў, так што сучасныя школьнікі цалкам спраўляюцца з такімі заданнямі, адчуваючы сябе рэжысёрамі, сцэнарыстамі, акцёрамі.

У 2015/2016 навучальным годзе падчас даследчай работы “Блог-тэхналогіі як сродак папулярызацыі сучаснай паэзіі” яе аўтарам у якасці эксперымента былі створаны відэакліпы на вершы сучасных паэтаў і выкладзены ў сацыяльныя сеткі. Як аказалася, гэты напрамак творчасці вельмі актуальны ў маладзёжным асяроддзі.

Візуальная інфармацыя, інтэрактыўны дэманстрацыйны матэрыял (практыкаванні, апорныя схемы, табліцы, паняцці), трэнажоры, кантроль за ўменнямі, навыкамі навучэнцаў (тэсціраванне, выкананне практычных работ), самастойная пошукавая, творчая работа — гэта асноўныя напрамкі выкарыстання ІКТ на ўроках рускай мовы і літаратуры і ў пазакласнай рабоце. Такія формы работы настаўнік можа паспяхова прымяняць на розных этапах навучання як пры выкладанні новага матэрыялу, так і для замацавання, кантролю і праверкі, самастойнай работы навучэнцаў.


Любая форма работы з выкарыстаннем камп’ютара мае сур’ёзныя перавагі перад традыцыйнымі формамі ўрокаў, таму што валодае значна большымі магчымасцямі падачы вучням наглядных, гукавых сродкаў, даведачных матэрыялаў. Дзякуючы ІКТ, заняткі становяцца больш яркімі і цікавымі. Настаўнік выступае не толькі крыніцай інфармацыі, але і становіцца саўдзельнікам, памочнікам, а навучэнцы прывыкаюць працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі: шукаць, параўноўваць, аналізаваць, трансфармаваць, даследаваць новае і ствараць свае праекты.

ІКТ даюць магчымасць настаўніку зрабіць разнастайным ілюстрацыйна-інфармацыйны матэрыял на школьных занятках. Можна пазнаёміцца з фактамі біяграфіі пісьменніка, здзейсніць завочную экскурсію, паглядзець фрагменты кінафільма або спектакля, праслухаць тэксты ў выкананні майстроў слова, рамансы на вершы рускіх паэтаў. Выкарыстанне фрагментаў кінафільмаў, ілюстрацый, цытат з літаратуразнаўчых работ дазваляе стварыць праблемную сітуацыю на ўроку. Праблемна-даследчае навучанне становіцца вядучым на такіх уроках.

Штогод у ліку прызёраў раённых навукова-практычных канферэнцый — навучэнцы нашай школы з цікавымі ідэямі і адкрыццямі: “Малая Радзіма ў творчасці светлагорскіх паэтаў”, “Псеўданімы рускіх пісьменнікаў”, “Зентангл у нашым жыцці”, “Паходжанне і значэнне імёнаў”, “Камп’ютарны слэнг”, “Літаратурны Светлагорск”.

Адрэдагаваць тэкст, выведзены на экран, лепш разгледзець рэпрадукцыю, працуючы над сачыненнем па карціне, — неабходны мінімум на ўроках развіцця маўлення. Крыжаванкі, маляўнічыя ілюстрацыі, тэсты, займальныя заданні выклікаюць у школьнікаў жаданне працаваць, павышаюць эфектыўнасць вучэбных і факультатыўных заняткаў. Заданні з наступнай праверкай актывізуюць увагу навучэнцаў, фарміруюць арфаграфічную пільнасць.

Дзякуючы камп’ютарным тэхналогіям, настаўніку даецца магчымасць ствараць, тыражаваць і захоўваць дыдактычныя матэрыялы. Сістэматызаваны матэрыял і створаныя відэа, аўдыя захоўваюцца ў медыятэцы па тэмах і па класах, па пазакласнай і выхаваўчай рабоце.

Прымяненне ІКТ у вучэбнай дзейнасці спрыяе дасягненню высокіх вынікаў. Вучні нашай школы неаднаразова станавіліся прызёрамі этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Актыўна ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе “Жураўлік”, станавіліся прызёрамі абласных конкурсаў чытальнікаў, маюць 3-е месца ў абласным этапе творчага конкурсу “Слова ў пераплёце”, 3-е месца ў Рэспубліканскім завочным літаратурным конкурсе “Пасланне настаўніку”. У сакавіку 2017 года прынялі ўдзел у расійскім конкурсе чытальнікаў твораў А.С.Пушкіна ў Кургане (3 відэаролікі).

Пасля сустрэчы ў Год культуры з Евай Дударгай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком літаратурнага аб’яднання “Пралеска” пісьменнікаў Гомельскай вобласці, ажывілася работа школьнага клуба “Спроба пяра”. Творчая група навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўніка выдае школьную “Літаратурную газету”, дзе юныя карэспандэнты публікуюць свае вершы, нарысы, малюнкі і фотаматэрыялы.

Такім чынам, выкарыстанне ІКТ не толькі значна павышае эфектыўнасць навучання, але і дапамагае стварыць больш прадукцыйную атмасферу на школьных занятках, зацікавіць вучняў у матэрыяле, які вывучаецца, абудзіць цікавасць да прадмета і раскрыць творчыя здольнасці.

Анжаліка ЛАСАЕВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Светлагорска.