Інавацыйнае ўзаемадзеянне

У 2016 годзе ў чатырох установах адукацыі Гомельскай вобласці: гімназіях Чачэрска і Буда-Кашалёва, Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе і Насовіцкай сярэдняй школе стартаваў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі “Школа дыялогу”, арыентаванай на фарміраванне прадукцыйнага сацыякультурнага ўзаемадзеяння суб’ектаў адукацыйнага працэсу”.


Установы адукацыі ўжо паўтара года працуюць над укараненнем інавацыйнага праекта. Палова шляху пройдзена, і сёння можна смела казаць пра вынікі праведзенай работы, абмеркаваць няўдачы, намеціць планы на будучыню.

Што новага дае праект “Школа дыялогу” ў сістэме адукацыі, чаго можна дасягнуць дзякуючы такому партнёрству?

У першы год рэалізацыі праекта ўпор быў зроблены на ўзаемадзеянне “настаўнік — вучань”, такое блізкае і зразумелае ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Аднак навінкай стаў пераход ад планавання ўрока да яго сцэніравання, ад інфармацыйна-практычнай да задачна-мэтавай стратэгіі навучання. Былі праведзены тэарэтычныя семінары, практыкумы па распрацоўцы ўрокаў сцэнарнага тыпу. Праходзіў этап укаранення дадзенай тэарэтычнай базы ў адукацыйную практыку ўстаноў.


Ва ўстановах функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах, адкрытыя ў мэтах рэалізацыі праекта. Напрыклад, у аб’яднанні па інтарэсах “Дыялог культур” Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы робіцца акцэнт на развіццё здольнасцей навучэнцаў да выкарыстання замежнай мовы ў якасці інструмента зносін. Пераклікаецца з мэтай аб’яднання праца настаўнікаў гімназіі Чачэрска. Тут наладжана супрацоўніцтва з каледжам Шатландыі, вядзецца актыўная перапіска з яго педагагічным калектывам і навучэнцамі. Як праходзяць вучэбныя заняткі ў нас і шатландскіх школьнікаў, як яны праводзяць канікулы, якія традыцыі нашых школ — гэта толькі тыя нямногія пытанні, што абмяркоўваюцца сумесна. Менавіта ў такім узаемадзеянні, з дапамогай міжкультурных зносін вучняў, адбываецца ўдасканаленне навыкаў камунікатыўнай кампетэнцыі.

Заслугоўвае ўвагі аб’яднанне па інтарэсах “Імпульс зносін”, якое функцыянуе на базе Залескай школы. Заняткі ў ім нацэлены на фарміраванне якасцей і характарыстык, неабходных для паспяховага міжасобаснага ўзаемадзеяння ў розных сітуацыях зносін. Гэта адбываецца падчас такіх метадычных прыёмаў, як драматызацыя, ролевая гульня, мадэляванне сітуацый, выкананне эцюдаў, тэстаў. Заняткі “Свет ува мне, я ў свеце”, “Зносіны з замежнымі аднагодкамі”, “Гаворым кампліменты”, “Урокі дабрыні”, “Непрапісныя ісціны” накіраваны на навучанне кроскультурнай камунікацыі, якая так неабходна сёння ва ўмовах міграцыйных працэсаў у свеце.

Характэрна, што ў 2016 годзе, абвешчаным Годам культуры, у гімназіі Чачэрска быў адкрыты Цэнтр культурных дасягненняў нацыі. Распрацавана палажэнне, якое вызначае мэты, задачы цэнтра і рэгламентуе яго дзейнасць. Педагогі і навучэнцы гімназіі распрацоўваюць матэрыялы, прэзентацыі, збіраюць відэа пра дасягненні беларускага народа ў розных галінах. У цэнтры адкрыты раздзел “Беларусь турыстычная”, дзе сабрана шмат матэрыялу пра славутасці Беларусі, яе незвычайныя месцы. Матэрыялы выкарыстоўваюцца на класных і інфармацыйных гадзінах. Супрацоўнікі цэнтра — педагогі і навучэнцы гімназіі — праводзяць выязныя лекцыі ў суседнія ўстановы адукацыі, маючы сваёй мэтай фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай кампетэнцыі сучаснай моладзі.


Другі год рэалізацыі праекта адзначаны скіраванасцю на ўзаемадзеянне “вучань — соцыум”. Асаблівую ролю набыў напрамак праекта “Дыялог будучыні”, які быў прадстаўлены міні-праектамі сацыяльнай накіраванасці. Навучэнцамі і калектывам Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы паспяхова рэалізоўваліся сацыяльныя праекты “Рабі дабро”, “Дружба моцная”, “Цёплы дождж”. З дапамогай прыёмаў “Школы дыялогу” ўвага навучэнцаў была скіравана на блізкіх людзей, якія часта маюць патрэбу ў клопаце, дапамозе, дружбе, спагадзе і суперажыванні.

Асаблівае месца ў выхаваўчай рабоце Залескай школы надаецца арганізацыі самакіравання ва ўмовах раўнапраўя і супрацоўніцтва педагогаў з навучэнцамі. Так, камандзе вучняў “Садружнасць” была даручана культурна-масавая выхаваўчая работа і арганізацыя медыяцэнтра з кансалтынгам з боку дарослых. Яркім прыкладам з’яўляецца і праца школьнага радыё, выпускі якога дзеці плануюць і рыхтуюць самастойна, асвятляючы не толькі навіны школы, але і вырашаючы надзённыя праблемы сучаснага дзіцяці.

Неардынарна да пытанняў самакіравання падышлі ў гімназіі. Тут прайшлі выбары прэзідэнта і парламента ўстановы. У барацьбу ўступілі лідары класаў, была створана выбарчая камісія, групы падтрымкі. Кандыдаты праводзілі агітацыйныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Усё гэта дазволіла наблізіць выбары да рэальных жыццёвых умоў, фарміруючы грамадзянскую адказнасць і неабходнасць стаць часткай будучыні краіны, а не абыякавым назіральнікам. Па выніках выбараў, згодна з палажэннем, найбольшую колькасць галасоў набрала Марына Семінар. Астатнія ж кандыдаты ўвайшлі ў парламент гімназіі і атрымалі партфелі міністраў культуры, спорту, вучобы, правапарадку. Вось ужо два гады прэзідэнт школьнага самакіравання і члены парламента ўдзельнічаюць у вырашэнні важных для гімназіі задач, з’яўляюцца актыўнымі памочнікамі ў выхаваўчай рабоце гімназіі.

У далейшых планах — рэалізацыя сумеснага сацыяльнага міні-праекта “Адзін дзень у жыцці школы”. На адзін дзень 10 навучэнцаў 7—11 класаў гімназіі стануць паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы, а навучэнцы з Залесся на дзень стануць гімназістамі. Такі абмен вучнямі на адзін дзень дасць магчымасць у цесным узаемадзеянні вывучыць асаблівасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу гарадской і сельскай школ, будзе садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву, дазволіць падлеткам знайсці новых сяброў.

Сёння можна ўжо смела сказаць, што ўкараненне праекта паспрыяла павышэнню ўзроўню прафесійнага майстэрства кожнага педагога і дзейнасці педагагічнага калектыву ў цэлым. Будучыня нашых адукацыйных устаноў менавіта за інавацыйнымі метадамі адукацыі.

Ганна ПАТАПЕНКА,
кіраўнік творчай групы гімназіі Чачэрска;
Зоя ПАЎЛАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.