Інавацыі на ўроках фізкультуры? Магчыма!

На праверку тэарэтычных ведаў вучняў у мяне адводзіцца ўсяго пяць хвілін урока. Усё, што для гэтага патрэбна, — мабільны тэлефон, у якім ёсць дадатак Plickers.

Асвоіць новую тэхналогію вырашыла, калі зразумела: традыцыйныя апытанні займаюць шмат часу і нецікавыя школьнікам. А што нецікава, звычайна выконваецца абыякава.


Урок фізкультуры — гэта нарматывы і рухомыя гульні, а яшчэ — значны аб’ём тэарэтычнага матэрыялу, на які выдзяляецца мала гадзін і які вучні слухаюць неахвотна. Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій дазваляе эфектыўна вырашаць гэтую праблему. Пачынала я з відэафільмаў і відэапрэзентацый па тэме ўрока. Потым даведалася пра сучасную тэхналогію апытання Plickers і цяпер сама з сябе дзіўлюся, як абыходзілася без яе столькі часу. За пяць хвілін у мяне ацэнены ўсе вучні класа, і ад тэорыі можна смела пераходзіць да практыкі.

Як працуе Plickers? Дзеці атрымліваюць раздрукаваныя карткі з парадкавым нумарам-кодам. Кожнаму баку карткі — іх чатыры — адпавядае свой варыянт адказу (А, В, С, D). Задаю пытанне, вучань выбірае правільны, на яго погляд, варыянт і падымае картку адпаведным бокам уверх. З дапамогай мабільнага дадатку сканіруюцца адказы ў рэжыме рэальнага часу. Вынікі захоўваюцца ў базе даных і даступны для імгненнага або адкладзенага аналізу.

Каб праверыць веды, дастаткова 7—10 пытанняў. Дадатак паказвае, хто адказаў правільна, а хто не, настаўніку застаецца толькі выставіць адзнакі.

Дзецям новая сістэма даспадобы: яны ахвотна адказваюць на пытанні, аргументуюць і адстойваюць правільнасць уласнага варыянта, захоплена абмяркоўваюць і, галоўнае, узнаўляюць у памяці вывучаны матэрыял.
Я баюся падацца нецікавай вучням і баюся, што яны могуць засумаваць на маіх уроках. Гэта і падштурхоўвае да пошуку новых форм і метадаў работы, у тым ліку і ў пазаўрочнай дзейнасці.

З дзяўчынкамі займаюся чырлідынгам. Наша каманда ўтварылася ў снежні 2014 года, а ўжо ў сакавіку 2015 года стала лепшай на раённым конкурсе “Піянерскія іскры”. На трэніроўках актыўна выкарыстоўваю фотаапарат, планшэт або ноўтбук, на якіх праглядаем, як правільна рабіць акрабатычныя элементы, рухі. З дапамогай фотаапарата здымаем заняткі на відэа, што дазваляе разгледзець і калектыўна прааналізаваць памылкі.

Акрамя таго, рэалізую праект “Алімпійцы побач з намі”. На жаль, не ўсе знакамітыя спартсмены Беларусі па прычыне сваёй занятасці могуць знайсці час для сустрэч з калінкавіцкімі школьнікамі. Але дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям, сталі магчымымі зносіны анлайн. Так, алімпійскі чэмпіён па фрыстайле Антон Кушнір адказаў на пытанні дзяцей падчас тэлемоста, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава падтрымлівае ўдзельнікаў “Кросу анёлаў” і сямейнага біятлона матывацыйнымі відэазваротамі і аўтографамі. А алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ Раман Петрушэнка выкраіў у сваім шчыльным графіку трэніровак час і сустрэўся з маімі вучнямі.

Што тычыцца пазаўрочнай дзейнасці, то пасля наведвання сумеснага семінара АБФФ і УЕФА па масавым футболе, які адбыўся на базе Акадэміі футбола з удзелам спецыялістаў з Англіі, Нідэрландаў і Казахстана, зразумела, што хачу развіваць у Калінкавічах менавіта гэты кірунак. Першыя турніры ўжо адбыліся з удзелам хлопчыкаў і дзяўчынак 3—4-х класаў. Ініцыятыва знайшла падтрымку ў Беларускай федэрацыі футбола.

Алена ОТЧЫК,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 6 Калінкавіч.