Гуляем з паперай

У кожнага чалавека ёсць патрэба ў творчай дзейнасці і ёсць творчыя здольнасці. На жаль, часта яны застаюцца нерэалізаванымі. Калі ў дзяцінстве не набыць станоўчы вопыт творчай дзейнасці, то ў далейшым можа сфарміравацца перакананне, што гэты кірунак развіцця чалавеку недаступны.

Творчасці можна і трэба вучыць з дзяцінства. І тут важным для педагогаў становіцца арганізацыя такіх заняткаў, пры якіх дзіця само зможа выбраць, чым яму заняцца, і пры гэтым самастойна вызначаць матэрыялы, спосабы дзеянняў, што складзе аснову творчасці і стане фундаментам далейшага развіцця дзіцяці, паспяховасці яго навучання ў цэлым.

Мне здалося цікавым выкарыстанне тэхнікі паперапластыкі ў гэтым кірунку работы. Мы, педагогі, ведаем, што для дзяцей дашкольнага ўзросту самай захапляльнай справай з’яўляецца гульня. Дык чаму ж не пагуляць з паперай? Папера — адзін з простых, найбольш даступных матэрыялаў, які лёгка апрацоўваецца. Яна лёгка рэжацца, дзярэцца, скручваецца, згінаецца, склейваецца. Вырабы з яе доўга не страчваюць форму і якасць. Дзякуючы гэтым уласцівасцям, папера незаменная ў рабоце з дзецьмі, бо заўсёды лёгка ўзяць новы аркуш і паспрабаваць яшчэ. Такім чынам, у дзяцей знікае страх штосьці сапсаваць, зрабіць няправільна, а праз практыкаванні, асваенне тэхнікі работы з паперай узнікае жаданне зрабіць нешта сваё, праявіць індывідуальнасць.

Папера — самы дэмакратычны матэрыял. Пакрокавае асваенне тэхнікі папяровай пластыкі — ад выбару матэрыялаў і інструментаў да вырабу базавых форм і арыгінальных мадэлей — ператвараецца для дзяцей у цікавую гульню, у якой можна заявіць пра сябе і рэалізаваць творчы патэнцыял пры дапамозе звычайнага ліста паперы.

Для таго каб паспяхова арганізаваць работу, педагог павінен загадзя вызначыць яе змест і аб’ём, падабраць у неабходнай колькасці матэрыял, прадугледзець выкананне правіл тэхнікі бяспекі.

Арганізоўваючы заняткі з выхаванцамі, неабходна звяртаць увагу на выкананне ўсіх прынцыпаў і ўмоў, патрэбных для развіцця творчасці:

► нязмушанасць атмасферы — магчымасць свабоднага перамяшчэння, змены віду дзейнасці;

► адсутнасць строгага часавага рэгламенту — выхаванцы павінны мець магчымасць скончыць работу;

► безацэначныя адносіны да прадуктаў дзіцячай творчасці — няма добрых ці дрэнных работ, кожная каштоўная як вынік творчага самавыяўлення;

► свабода выбару — выхаванцы павінны мець магчымасць самастойнага выбару як у дзейнасці, так і ў спосабах выяўлення сваіх творчых задум;

► абсталяванае памяшканне з гатовымі работамі, выкананымі ў розных тэхніках паперапластыкі, што падахвочвае выхаванцаў да дзейнасці;

► неабходна мець спецыяльна арганізаванае месца для выставы дзіцячай творчасці, таму што гэта не толькі сур’ёзная справаздача аб рабоце, але і свята для юных удзельнікаў выставы і яе наведвальнікаў;

► папярэдне педагог павінен сам выканаць работу ў запланаванай тэхніцы, каб зразумець, дзе ў выхаванцаў могуць узнікаць цяжкасці, і ў далейшым дапамагчы іх ліквідаваць;

► у дзіцяці не павінна быць недахопу ў наяўнасці матэрыялаў для стварэння той ці іншай работы;

► педагог павінен умець наладжваць з дзіцем цесныя і сяброўскія адносіны, прымаць яго такім, якое яно ёсць, захоўваць атмасферу цярпімасці, каб дзіця адчувала сябе свабодна і магло, не саромеючыся, выказваць свае пачуцці, умець эксперыментаваць з рознымі мастацкімі матэрыяламі.

Для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту рэкамендую выкарыстоўваць наступныя тэхнікі: аб’ёмная аплікацыя, складванне гармонікам, спружынка, арыгамі, квілінг, айрыс-фолдынг, тарцаванне, модульнае арыгамі, кусудама.

Пры адборы тэхнік работы з паперай павінны ўлічвацца ўзроставыя магчымасці дзяцей, іх здольнасці. Пры арганізацыі работы з выхаванцамі на пачатковым этапе выкарыстоўваюцца знаёмыя тэхнікі (аб’ёмная аплікацыя, складванне гармонікам, спружынка, арыгамі), потым — тэхнікі, у якіх спосабы дзеяння з паперай часткова знаёмы дзецям ці не выклікаюць у іх асаблівых цяжкасцей (квілінг, айрыс-фолдынг, тарцаванне), далей — тэхнікі, якія патра­буюць высокага ўзроўню сфарміраванасці прасторава-зрокавай каардынацыі, найбольшай дакладнасці і засяроджанасці на ўсіх этапах работы (кусудама, модульнае арыгамі).

Арганізоўваць работу рэкамендую наступным чынам: спачатку ў гульнявой форме неабходна знаёміць дзяцей з пластычнымі ўласцівасцямі паперы, яе фактурай, трэніраваць выхаванцаў у вырабе загатовак, якія будуць служыць асновай для будучых работ. Усё гэта павінна адбывацца лёгка і нязмушана. Можна прымя­няць мастацкае слова, гульнявыя прыёмы, пастарацца злучыць гульню і навучанне. Пры гэтым увесь новы пазнавальны матэрыял (пра стварэнне паперы, узнікненне той ці іншай тэхнікі работы з ёй і г.д.) павінен падавацца невялікімі інфармацыйнымі блокамі ў захапляльнай для дзяцей форме (прэзентацыя, апавяданне-казка). Вялікую радасць дзецям дае ажыўленне атрыманых творчых работ: матылёк прачнуўся — ён прыляцеў паведаміць, што надыходзіць вясна; зайчык прыціснуў вушкі, схаваў лапкі — яму холадна; кветкі прачынаюцца — настала раніца. У такой атмасферы дзеці разнявольваюцца, ахвотна прыдумляюць казкі, а галоўнае, з захапленнем ствараюць.

Па меры развіцця цікавасці і авалодання дзецьмі навыкамі і тэхнікамі роля педагога мяняецца: усё менш аказваецца непасрэднае ўздзеянне на дзіця (паказ, тлумачэнне), усё больш выкарыстоўваецца апасродкаваны ўплыў (стымуляванне праяўлення творчасці, індывідуальнасці). Важна памятаць, што сама работа з паперай, практыкаванне ў яе складанні не павінны пераважаць над развіццём мастацкай фантазіі.

Рэкамендую выкарыстоўваць наступныя варыянты форм і метадаў правядзення заняткаў:

  1. Паказ гатовай мадэлі і наступны паэтапны выраб з падрабязным тлумачэннем педагога і дэманстрацыяй усіх крокаў пры вывучэнні новых прыёмаў, асноў кожнай тэхнікі паперапластыкі.
  2. Урок-загадка, калі няма ўзору і вынік будзе зразумелы ў канцы. Такія заняткі з’яўляюцца праверкай уважлівасці, дакладнасці і акуратнасці выхаванцаў у паўтарэнні крокаў, якія паказвае педагог, па вырабе мадэлі. Гэтыя заняткі вельмі цікавыя дзецям, атрыманне выніку і пазнаванне яго выклікае, як правіла, вялікую радасць.
  3. Выраб мадэлі, якая дэманструецца, часткова па слоўным апісанні педагога. Такая форма павінна прымяняцца гібка для кантролю засваення пройдзенага, памяці дзяцей, магчыма аказанне індывідуальнай дапамогі. Наступны паказ дазваляе выканаць мадэль усім дзецям у групе.

Такім чынам, комплекснае выкарыстанне метадаў навучання павышае надзейнасць засваення інфармацыі, робіць адукацыйны працэс больш эфектыўным. Вялікае значэнне мае ранняе выяўленне творчых здольнасцей дзяцей. Гэта дазваляе аптымізаваць работу з дзецьмі, максімальна выкарыстоўваць усе магчымасці для развіцця творчых здольнасцей выхаванцаў, вырошчваць парасткі дзіцячых талентаў, улічваючы індывідуальнасць і цікавасць кожнага дзіцяці.

Перспектыўнае тэматычнае планаванне заняткаў з выкарыстаннем паперапластыкі для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту

Месяц

 

Тэматыка заняткаў

 

Верасень

 

Уводныя заняткі.

Аб’ёмная аплікацыя “Агародніна”.

Аб’ёмная аплікацыя “Садавіна”.

Складванне гармонікам “Матылькі”.

Знаёмства са спружынкай. “Павучок”.

“Васьміножак”.

“Божая кароўка”.

“Жабяня”

Кастрычнік

 

Арыгамі. Квадрат — асноўная форма арыгамі. Базавыя формы.

Арыгамі “Жаба”.

Арыгамі “Ліса”.

Арыгамі “Круцёлка для малышоў”.

Арыгамі “Двухкаміновы караблік”.

Арыгамі “Гном”.

Арыгамі “Раз, два, тры — лодачка плыві!”.

Арыгамі “Жураўлік”

Лістапад — снежань

 

Знаёмства з квілінгам.

Квілінг “Баранчык”.

Квілінг “Мухамор”.

Квілінг “Дожджык”.

Квілінг “Вясёлы вусень”.

Квілінг “Сняжынка” (з выкарыстаннем асновы).

Квілінг “Сняжынка” (без асновы).

Квілінг “Навагодняя ёлачка”

Сту­дзень

 

Знаёмства з тэхнікай айрыс-фолдынг.

Айрыс-фолдынг “Змейка”.

Айрыс-фолдынг “Чароўны круг”.

Айрыс-фолдынг “Садавіна”.

Айрыс-фолдынг “Лісце”.

Айрыс-фолдынг “Вясёлкавы квадрат”

Люты

 

Знаёмства з тэхнікай тарцаванне.

Тарцаванне на пластыліне (аб’ёмнае) “Кактус”.

Тарцаванне на пластыліне “Вожык” ці “Кураня” (на выбар).

Тарцаванне на паперы “Кветачка-сямікветачка”.

Тарцаванне на паперы “Мазаіка” (калектыўная работа)

Сакавік — красавік

 

Арыгамі з кругоў “Кветка”.

Арыгамі з кругоў “Галінка, якая цвіце”.

Знаёмства з тэхнікай кусудама.

Кусудама “Кветка”.

Кусудама “Вясёлка”

Май

 

Знаёмства з тэхнікай модульнага арыгамі.

Модульнае арыгамі “Страказа”.

Паперапластыка “Цудоўныя ператварэнні” (падрыхтоўка да выставы).

Выстава дзіцячых работ

Кацярына КЛАБУК,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Званочак” Гомеля,
лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства
педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”
у намінацыі “Выхавальнік установы дашкольнай адукацыі”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*