Фінансавая дасведчанасць і медыяадукацыя: пошукі і знаходкі

“Той, хто пачуў вецер перамен, павінен будаваць не шчыт ад ветру, а ветраны млын”. Так гаворыць надпіс на кітайскай вазе. І ён жа тлумачыць нашу цікавасць да такой актуальнай ва ўмовах сучаснай адукацыі тэмы, як падрыхтоўка эканамічна адукаванага маладога пакалення. А адным з эфектыўных інструментаў, якія дазваляюць павысіць узровень фінансавай дасведчанасці вучняў, можа, на наш погляд, стаць стварэнне інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя, якое дазволіць дзецям навучыцца вырашаць практычныя задачы і набыць навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці.

З верасня 2016/2017 навучальнага года ў Рэчыцкім раённым ліцэі вядзецца работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый вучняў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя” (кансультант праекта Алена Радзевіч, начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; спецыяліст, які каардынуе інавацыйны праект, Юлія Саковіч, начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь).

Улічваючы спецыфіку нашай установы адукацыі (навучэнцы вучацца ў ліцэі ўсяго 2 гады), мы вырашылі максімальна выкарыстаць патэнцыял вучэбных заняткаў для фарміравання фінансавых кампетэнцый. Навучэнцы атрымліваюць адукацыю па трох напрамках навучання: філалагічным, хіміка-біялагічным і фізіка-матэматычным. Усе педагогі, якія ўдзельнічаюць у праекце, выкладаюць у гэтых профілях, з’яўляюцца класнымі кіраўнікамі.

На ўроках фарміруюцца кампетэнцыі, якія дапамагаюць навучэнцам стаць больш паспяховымі, а медыяадукацыйныя мэты, пастаўленыя настаўнікамі падчас вучэбнага працэсу, пашыраюць практычную накіраванасць навучання.

Так, навучэнцам, несумненна, спатрэбіцца вопыт рашэння кантэкстуальных задач па матэматыцы, якія распрацавала настаўніца ліцэя Наталля Раманава, бо, перш чым прыступіць да ўласна рашэння, ліцэісты павінны паўтарыць матэматычныя вызначэнні і формулы і даведацца многае аб фінансавых паняццях.

Ментальныя карты таксама зарэкамендавалі сябе як добры інструмент для фарміравання фінансавай кампетэнцыі на ўроках англійскай мовы, якія праводзіць настаўніца Алена Сажына. У курсе вывучэння прадмета ёсць тэмы, звязаныя з эканамічным развіццём Беларусі і Вялікабрытаніі, беларускім IT-бізнесам на сусветнай арэне, будучай прафесіяй навучэнцаў, міжнародным супрацоўніцтвам у розных сферах і г.д. Такі прыём з’яўляецца эфектыўным, бо эканамічная інфармацыя адлюстроўваецца графічна і з дапамогай розных колераў, навучэнцы супрацоўнічаюць як у групах, так і ў парах. Паняцце, якое разглядаецца, абрастае лагічнымі сувязямі, што спрыяе больш трываламу засваенню матэрыялу.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Святланы Ігнаценка вучні ствараюць рэфераты і вучэбныя праекты эканамічнага кірунку: “Звышправаднікі: для падтрымання току няма неабходнасці ў крыніцы току”, “Звышправодныя электронна-вылічальныя машыны: эканомія часу, энергіі і грошай”, “Перавагі выкарыстання індукцыйных пліт”, “Асабісты ветрагенератар: экалагічныя і эканамічныя перавагі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі ў прыватным доме”.

Выбраўшы тэму педагагічнага даследавання “Фарміраванне фінансавых кампетэнцый навучэнцаў праз выкарыстанне тэхналогіі медыяадукацыі”, настаўніца матэматыкі Лілія Арыстава прайшла некалькі дыстанцыйных курсаў (“Урок і медыя”, “Настаўнік — персона медыя”), атрымала сертыфікаты і з поспехам прымяняе атрыманыя веды на практыцы. Яна разам з навучэнцамі распрацавала праект МІФ-хакатон (медыя, інфармацыя, фінансы), стварыла мікраблог і медыйную прадукцыю розных фарматаў: фота, відэа і аўдыя.

Акрамя таго, на ўроках Ліліі Станіславаўны ліцэісты маюць магчымасць даведацца новае і са сферы эканамічных ведаў. Так, пры вывучэнні тэмы “Нарастанне і змяншэнне пункта максімуму і мінімуму; максімум і мінімум, найбольшае і найменшае значэнне функцыі на прамежку” ў 10 класе (павышаны ўзровень), працуючы ў малых групах, акрамя набыцця матэматычных навыкаў, навучэнцы вучыліся працаваць з фінансавымі і эканамічнымі тэрмінамі. Прыклад заданняў: “Прачытайце артыкул “Грашовая маса працягвае расці ўдарнымі тэмпамі”, выпішыце фінансавыя тэрміны, дайце ім азначэнне, паказаўшы крыніцы (прымацуйце спасылку). Групы даследуюць ураўненне Фішара, рыхтуюць паведамленне пра вучонага і яго ўклад у фарміраванне фінансавай дасведчанасці насельніцтва. Цікавыя і дамашнія заданні, якія настаўнік прапануе дзецям. Напрыклад, знайсці ў папулярных інфармацыйных сістэмах (“Яндэкс”, Google) самую актуальную навіну, звязаную з фінансавымі пытаннямі. Або юнакі і дзяўчаты складаюць 10 правіл па выяўленні ашуканскіх схем і фінансавых пірамід, для распрацоўкі якіх неабходна было прагледзець некалькі паведамленняў, дзе гаворыцца менавіта аб гэтым прадмеце, а таксама прааналізаваць некалькі паведамленняў па гэтай тэме па дадзеным настаўнікам плане.

Класны кіраўнік 11“А” класа Ірына Яўсеенка распрацавала сцэнарыі класных гадзін, настаўнік геаграфіі Алег Лякуцін стварыў прэзентацыі да ўрокаў. Акрамя таго, праходзяць ужо традыцыйныя ў нашым ліцэі гасцявыя лекцыі, якія праводзяць супрацоўнікі ААТ “АСБ Беларусбанк”, ААТ “БПБ-Ашчадбанк”, ААТ “Белаграпрамбанк”, Ідэябанка, Белдзяржстраха.

А для дарослых членаў калектыву працуе пастаянна дзеючы семінар “Фінансавая дасведчанасць. Новае мысленне”.

І, вядома, усё, што мы робім, асвятляецца на сайце ліцэя, дзе ўсе жадаючыя могуць праверыць свае веды з дапамогай распрацаваных настаўніцай інфарматыкі Уладзіславай Смелавай анкет, тэстаў, а таксама здзейсніць экскурсію па віртуальным музеі “Вяршыні фінансавай мудрасці”.

Эла КУЧАР,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Рэчыцкага раённага ліцэя, настаўнік-метадыст.