Фарміраванне лінгвакультурнай кампетэнцыі вучняў

Як стварыць неабходныя ўмовы для камунікатыўных зносін на ўроку? Як выхаваць адукаваную, сацыяльна паспяховую асобу вучня, здольную аперыраваць атрыманымі ведамі адпаведна сітуацыі маўлення, гатовую да ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі іншай культуры? Фарміраванне асобы вучня, якая валодае вышэй пералічанымі якасцямі, адбываецца ў працэсе фарміравання лінгвакультурнай кампетэнцыі.


Лінгвакультурная кампетэнцыя разумеецца як веды аб культуры і выкарыстанне мовы ў адпаведнасці з уключэннем гэтых ведаў у значэнне моўных адзінак. З’яўляючыся часткай камунікатыўнай кампетэнцыі, лінгвакультурная ўключае ў сябе сістэмы лінгвакультурных ведаў (веданне ключавых слоў, словазлучэнняў, фразеалагічных адзінак, прэцэдэнтныя тэксты); лінгвакультурных перакананняў (інтарэсы, жыццёвыя перакананні і каштоўнасныя арыентацыі); індывідуальных норм паводзін чалавека (культурныя і моўныя ўзоры). Прыкладам прымянення такіх ведаў можа быць выкарыстанне маўленчых формул і клішэ, якія з’яўляюцца базавымі адзінкамі маўленчых зносін.

Мадэляванне разнастайных маўленчых сітуацый на ўроках англійскай мовы з’яўляецца неабходнай умовай фарміравання лінгвакультурнай кампетэнцыі вучняў.

Этапы работы з маўленчымі сітуацыямі прадстаўлены наступным чынам: 1) азнаямленне з маўленчымі формуламі і клішэ ў адпаведнасці з сітуацыяй маўлення; 2) этап разумення і прымянення; 3) этап замацавання (трэніроўка і адпрацоўка); 4) творчы, або крэатыўны, этап. Колькасць і разнастайнасць этапаў работы з сітуацыямі маўлення залежаць ад ступені падрыхтаванасці вучняў і тэматыкі сітуацыі. Неабходна, каб прапанаваныя сітуацыі былі максімальна набліжаны і нагадвалі вучням рэальнае жыццё.

Так пяцікласнікі, вывучаючы тэму “Святы”, вучацца падпісваць віншавальную паштоўку. Каб зрабіць гэты працэс займальным і цікавым, на этапе азнаямлення прапаную вучням музычныя відэавіншаванні з далейшым абмеркаваннем. Пасля дэтальнага азнаямлення з правіламі афармлення паштовак прапаную запоўніць падрыхтаваныя віншавальныя паштоўкі, а потым і зрабіць сваю. Маўленчая сітуацыя можа быць наступнай: “У нашай гімназіі аб’яўлены конкурс на лепшую віншавальную паштоўку на англійскай мове. Вы збіраецеся паўдзельнічаць у ім і перамагчы”.

Пазнаёміўшы вучняў з такой з’явай як посткросінг, прапаную наступнае заданне: “Вы зацікавіліся праектам посткросінгу. Напішыце віншавальную паштоўку для ўдзелу ў праекце”.

Пры вывучэнні тэмы “Знешні выгляд і характар” (7 клас) вучні павінны ўмець выказаць кампліменты наконт знешняга выгляду і характару суразмоўцы. На вучэбных занятках прапаную работу з гатовымі дыялогамі і распрацоўку ўласных. Акрамя таго, даволі цікавымі для вучняў з’яўляюцца заданні выказаць кампліменты людзям на фотаздымках, у тым ліку выкарыстоўваючы ідыяматычныя словазлучэнні па тэме. На творчым этапе прапаную вучням наступную сітуацыю: “Вы збіраецеся на вечарыну і адпраўляецеся па новае адзенне. У магазіне адзення вы сустракаеце свайго сябра, у якога вельмі добры густ. Зрабіце камплімент сябру наконт яго выгляду. Запрасіце сябра дапамагчы вам у выбары новага адзення”.

Тэма “Вольны час” (9 клас). На этапе азнаямлення прапаную вучням размеркаваць запрашэнні на дзелавыя і нефармальныя. Далей вядзецца работа з друкаванымі запрашэннямі: іх аналіз, абмеркаванне на наяўнасць неабходнай інфармацыі і афармленне. Вучням дэманструецца відэазапрашэнне з яго далейшым абмеркаваннем. Каб замацаваць атрыманыя веды, вучні запаўняюць прапанаванае запрашэнне інфармацыяй адпаведна атрыманай сітуацыі. Творчы этап — непасрэднае напісанне і афармленне запрашэння — займае шмат часу, таму такая сітуацыя можа быць прадстаўлена ў якасці дамашняга задання: “Вы збіраецеся арганізаваць вечарыну і запрасіць сваіх сяброў і аднакласнікаў. Зрабіце запрашальную картку, змясціўшы ў ёй усю неабходную інфармацыю”. Пры праверцы дамашняга задання вучні абменьваюцца запрашэннямі і даюць пісьмовы адказ на іх.

Для фарміравання лінгвакультурнай кампетэнцыі выкарыстоўваюцца ўсе віды маўленчай дзейнасці на розных этапах работы з сітуацыямі, аднак на асноўным, завяршаючым, этапе, перавага аддаецца гаварэнню, маналагічнаму або дыялагічнаму маўленню.

Практыка паказвае, што мадэляванне маўленчых сітуацый на ўроках англійскай мовы садзейнічае фарміраванню моўнай асобы, якая свабодна камбінуе веды, уяўленні, паняцці аб культуры, здольная да функцыянавання і развіцця ва ўмовах іншага лінгвакультурнага асяроддзя, а значыць, валодае высокім узроўнем культуры.

Ірына АШАРЧУК,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля.