Эрганамічны падыход — новы напрамак у дашкольным выхаванні

Педагагічная эрганоміка як практыка-арыентаваная навука паступова ўваходзіць у жыццё спецыяльнай установы дашкольнай адукацыі для дзяцей з парушэннямі зроку ясляў-сада № 138 Гомеля.

Пакуль гэта першая спроба ва ўсёй дашкольнай адукацыі рэспублікі — рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі” ў дашкольнай адукацыйнай прасторы. Гэта не дзіўна, бо эрганоміка патрабуе пераўтварэнняў, перш за ўсё прадметна-інфармацыйнага асяроддзя, мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, сродкаў навучання і г.д. А потым ужо — як вынік эрганамічных пераўтварэнняў — стварэнне сістэмы “педагог — навучэнец — сродкі навучання — прадметна-развіццёвае асяроддзе”.

Над рэалізацыяй інавацыйнага праекта педагагічны калектыў дашкольнай установы № 138 плённа працуе другі год. На сённяшні дзень гэта адзіная ўстанова дашкольнай адукацыі ў рэспубліцы, якая мела смеласць уключыць у сваю дзейнасць рэалізацыю ідэі эрганамічнага падыходу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

На семінары-прэзентацыі “Педагагічныя інавацыі і арганізацыя іх рэалізацыі ва УДА” для творча працуючых намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці педагогі і кіраўніцтва ясляў-сада № 138 натхнёна, захоплена, з веданнем пытання, выкарыстоўваючы мультымедыйныя тэхналогіі, дзяліліся сваімі першымі, пакуль яшчэ сціплымі вынікамі з калегамі. Дзякуючы прадуманай структуры і зместу семінара, удзельнікі змаглі акунуцца ў праблематыку эрганамічнага падыходу пры рабоце з дашкольнікамі, якія маюць парушэнні зроку, правесці паралелі са сваімі ўстановамі адукацыі. Кожны з прысутных убачыў перспектывы і магчымасці для сваёй установы, калі прымяняць наватарскія ідэі новай галіны педагогікі. Гэта і выкарыстанне здароўезберагальных педагагічных тэхналогій, якія дазваляюць зніжаць узровень стамляльнасці дзяцей, і магчымасці кадравага патэнцыялу, а таксама перспектывы стварэння рацыянальна абсталяванага прадметна-развіццёвага асяроддзя для дзяцей і працоўных месцаў для педагогаў.

Загадчык установы Людміла Лісімава падкрэсліла: “Выкарыстанне ідэй педагагічнай эрганомікі дазваляе вызначыць меры па прафiлактыцы неспрыяльных функцыянальных станаў і захаванні здароўя выхаванцаў, усталёўваючы патрабаванні да арганізацыі прадметна-інфармацыйнага асяроддзя, дапамагае шукаць эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт”.

— Рэалізуючы інавацыйны праект, — расказвае Кацярына Вярхоўская, намеснік загадчыка, — згуртаваны ідэяй калектыў ясляў-сада спадзяецца захаваць здароўе выхаванцаў і педагогаў, зберагчы нервовую энергію, час, забяспечыўшы аптымальныя магчымасці для духоўнага і фізічнага ўдасканалення ўдзельнікаў праекта.
Рэфлексія дня “Банк ідэй” дала магчымасць кожнаму ўдзельніку адчуць сябе ў ролі рацыяналізатара, прапанаваўшы гаспадарам свой варыянт аптымізацыі адукацыйнага працэсу ў рэчышчы эрганомікі.

Арганізатары семінара, метадысты вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама, спадзяюцца, што ў іх атрымалася зацікавіць і сарыентаваць удзельнікаў мерапрыемства на прымяненне педагагічных інавацый у практыцы работы гомельскіх дашкольных устаноў.

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*