Дзевяць дзён, каб стаць патрыётам

Чацвёрты год запар у жніўні на тэрыторыі Лоеўскага раёна функцыянаваў абласны 9-дзённы профільны аздараўленчы ваенна-патрыятычны лагер “Патрыёт” з кругласутачным знаходжаннем для 40 навучэнцаў, якія стаяць на розных відах уліку, а таксама валанцёраў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў Лоеўскага, Рэчыцкага, Брагінскага, Хойніцкага раёнаў. Пражыванне было арганізавана на базе Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

План работы складаўся прадстаўнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, пагранічнай камендатуры “Лоеў” вайсковай часці 1242, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, камісіі па справах непаўналетніх, аддзела ўнутраных спраў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, пракуратуры раёна, ваеннага камісарыята, РК ГА “БРСМ” і інш. Кожны дзень быў тэматычным.

Першы дзень — адкрыццё лагера. Пасля заезду дзяцей педагогі сацыяльныя і педагогі-псіхолагі раёна праводзяць інструктажы, псіхалагічныя трэнінгі, накіраваныя на згуртаванне калектыву. У гэты дзень на цэнтральнай плошчы Лоева на алеі Герояў прайшло ўрачыстае адкрыццё лагера, на якім прысутнічалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Гомельскага аблвыканкама. Пасля адкрыцця вучні азнаёміліся са славутасцямі гарадскога пасёлка. У вячэрні час іх увазе быў прадстаўлены кіналекторый на прававую тэматыку.

Другі дзень прысвечаны пагранічнай службе. У першай палове дня — аглядная экскурсія ў пагранічную камендатуру “Лоеў” вайсковай часці 1242, у другой — страявая падрыхтоўка. У вячэрні час пагранічнікі праводзілі гульню “Следапыт”.


Трэці дзень прысвечаны аддзелу ўнутраных спраў. Пасля снедання хлопцы і дзяўчаты ў суправаджэнні выхавальнікаў адправіліся ў аддзел унутраных спраў Лоеўскага райвыканкама на экскурсію. Тут яны маглі прымераць форму работнікаў аддзела, бронекамізэльку і каску, пабываць у камеры для незаконапаслухмяных грамадзян. Для навучэнцаў былі праведзены гутаркі па прафілактыцы бяспекі дарожнага руху, крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці за злачынствы і правапарушэнні, паказаны фільм прафілактычнай накіраванасці “Святло ў канцы тунэля”.


Чацвёрты дзень прысвечаны знаёмству з дзейнасцю Таварыства выратавання на водах і інспекцыі па справах непаўналетніх. Пяты дзень — раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях. За тры гадзіны знаходжання на тэрыторыі Лоеўскага РАНС хлопцы і дзяўчаты даведаліся пра асаблівасці службы ратавальнікаў, маглі пасядзець за рулём пажарнай машыны, прымераць форму і падрыхтаваць да работы пажарныя гідранты. У другой палове дня быў арганізаваны кіналекторый па пажарнай бяспецы і паводзінах у надзвычайных сітуацыях, віктарыны ў рамках акцыі “Бяспека ў кожны дом”.


Шосты дзень прысвечаны культуры. Была праведзена экскурсія ў Музей бітвы за Днепр. Навучэнцы маглі азнаёміцца з вызваленнем Лоеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, разгледзець ваенную тэхніку Вялікай Айчыннай вайны, размешчаную на адкрытай пляцоўцы мемарыяльнага комплексу Лоева. Работнікі цэнтральнай бібліятэкі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы гэтай памяці верныя” правялі ўрок мужнасці “Іскры вечнага агню” і конкурсна-забаўляльную праграму “Першы сярод роўных”.


Сёмы дзень зноў прысвечаны пагранічным войскам, у ходзе якога камандаванне пагранічнай камендатуры “Лоеў” вайсковай часці 1242 разам з супрацоўнікамі Музея бітвы за Днепр і прадстаўнікамі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Лоеўскага раёна правялі турыстычны паход па месцах баявой славы ў раёне фарсіравання ракі Днепр (вёска Крупейкі) і конкурс “Лепшы рыбак”.


Восьмы дзень — дзень піянерскага руху. У апошні, дзявяты, дзень з падлеткамі за круглым сталом былі абмеркаваны вынікі іх знаходжання ў лагеры: паводзіны, далейшыя жыццёвыя арыенціры, стаўленне да службы ў войску. На закрыцці лагера, якое, як і адкрыццё, урачыста прайшло на цэнтральнай плошчы Лоева, выхаванцам былі ўручаны памятныя падарункі.

Напрыканцы перад непаўналетнімі выступіў Аляксей Прымак, які з’яўляецца выхаванцам лагера на працягу трох гадоў: “Яшчэ не так даўно я стаяў у адным шэрагу з вамі — падлеткамі з цяжкім паводзінамі. Дзякуючы наведванню лагера, я ўсвядоміў, што такое патрыятызм, служба Радзіме, спартыўныя спаборніцтвы. Цяпер я актыўна займаюся спортам, удзельнічаю ў спартыўных спаборніцтвах, рыхтуюся да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Вы стаіце на ростанях дзвюх дарог: пайсці па нахільнай або стаць годным грамадзянінам сваёй краіны. Зрабіце правільны выбар. І ў гэтым вам дапаможа “Патрыёт”.

Наталля ПАЎЛІЎСКАЯ,
загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама.