Дзецям — пра жыццё

Вось ужо месяц у Беларусі дзейнічае праект “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі дзецям”, мэта якога — прапаганда чытання, прыцягненне школьнікаў да кнігі, шырокае знаёмства з сучаснай беларускай літаратурай.

Так, Роўкавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна ступіў на культурны маршрут праекта, і для вучняў мы разам з настаўніцай пачатковых класаў Святланай Канстанцінаўнай Вайцянковай арганізавалі конкурс чытальнікаў, прысвечаны творчасці Міколы Чарняўскага.

Нарадзіўся мастак слова ў 1943 годзе ў Буда-Кашалёўскім раёне, які мяжуе з Чачэрскім. Мікола Чарняўскі прайшоў шлях ад студэнта філалагічнага факультэта БДУ, рэдактара Беларускага радыё, старшага рэдактара аддзела часопіса “Бярозка” да літаратурнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Тут неабходна адзначыць, што адзін з суарганізатараў праекта — рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Сябры “Вясёлкі” і непасрэдна часопіс “Вясёлка”. Такім чынам, асоба Міколы Чарняўскага абрана намі невыпадкова. Праграма праекта прадугледжвае розныя формы арганізацыі творчай дзейнасці ўдзельнікаў. Гэта і сустрэчы пісьменнікаў са школьнікамі, і розныя інтэрактыўныя прэзентацыі кніг, і правядзенне гульняў і імпрэз, прысвечаных кніжным героям, і конкурсы чытальнікаў.

Конкурс чытальнікаў прайшоў пад назвай “Мікола Чарняўскі: дзецям — пра жыццё”. Адкрывалася мерапрыемства эстэтычна аформленай настаўнікам выставай кніг, сярод якіх пачэснае месца занялі зборнікі паэзіі “Казёл-моднік” (1978), “Камар на матацыкле” (1985), “На што бабе агарод?” (1989) і кніжкі паэзіі для дзяцей “Сонца ў хованкі гуляе” (1970), “Хто сябруе з добрым днём?” (1981), “Навечна з сонцам” (1986), “Аб чым пяе крынічка?” (1989), а таксама аповесць “Бегунок пачынае думаць” (1965).

Выстава атрымалася жывой, бо пра некаторыя зборнікі вучні прачыталі паведамленні, каб бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі творчасці паэта-земляка. Творы Міколы Чарняўскага адрозніваюцца сатырай і гумарам, жыццёвай пранізлівасцю, разуменнем дзіцячага свету і сонечным цяплом.

Вучні пачатковых, 5—6-х класаў дэкламавалі абраныя вершы паэта з асаблівай стараннасцю (Софія Даўгацелес — “Гаспадыня”, Ягор Харытоненка — “Ласкавае сонейка”, Ганна Заброда — “Ёлка-вясёлка”, Варвара Дзявяткіна — “Васілёк”, Арына Роман — “Конік”), бо кожны хацеў паказаць майстэрства, атрымаць ганаровую грамату. Так, пераможцамі сталі Аляксандра Рудзяк і Марыя Пхідзенка, якія артыстычна і арыгінальна расказалі верш “Каго баіцца зубр?”. Вучні чацвёртага класа Ягор Косцін і Дзмітрый Азаранка прадэманстравалі інсцэніроўку на верш “Не лезе ножка”.

Мерапрыемства прайшло ў пазітыўнай атмасферы, атрымалася сапраўдная літаратурная вечарына. Праекту дзякуй за ідэі для праяўлення ініцыятывы як педагогамі, так і вучнямі. Гэтыя ідэі вырашаюць адну з важных для грамадства задач — прапаганду чытання і прыцягненне ўвагі сучаснага пакалення да кнігі.

Васілій РУДАБЕЛЕЦ,
настаўнік беларускай мовыі літаратуры
Роўкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.