Дорыць творчасць

Дзіцячы кампазітар і паэт, музычны кіраўнік ясляў-сада № 34 Гомеля Лаліта Валянцінаўна Ісмаілава ўмее дарыць дзецям творчасць.

Яна — аўтар сцэнарыяў, вершаў і музыкі да дзіцячых песень, якія неаднаразова друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах “Пралеска” і “Здаровы лад жыцця”. Песні Лаліты Валянцінаўны яе выхаванцы з задавальненнем спяваюць не толькі на музычных занятках, але і дома з бацькамі. “Ах, Беларусь, ты мая Беларусь”, “Мама, тата і я”, “Крэкс-пэкс-фэкс”, “Хэй-хэй, Новы год”, “Песенька пад парасонам” і многія іншыя творы даўно палюбіліся дашкольнікам. Дзіцячыя мюзіклы “Восеньская казка”, “Шчаўкунчык”, “Снежная каралева” выклікаюць эмоцыі не толькі ў выхаванцаў, але і ў іх бацькоў, на гэтых выступленнях заўсёды аншлаг. А мюзікл “Зімовая феерыя” па матывах казкі братоў Грым “Беласнежка” быў адзначаны граматай І ступені на раённым аглядзе-конкурсе.


Лаліта Валянцінаўна іграе не толькі на фартэпіяна, але і на музычным сінтэзатары, чаму вучыць і дзяцей. Яе выхаванцы не раз станавіліся лаўрэатамі гарадскіх і абласных конкурсаў дзіцячай творчасці “Які выдатны гэты свет!”.

Лаліта Валянцінаўна стараецца ісці ў нагу з часам, асвойвае і ўкараняе ў работу сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, стварае маляўнічыя мультымедыйныя прэзентацыі для свят і музычных вечарын, прыдумляе і агучвае дзіцячыя музычныя гульні.

На пытанне, як яна ўсё гэта паспявае, Лаліта Валянцінаўна з усмешкай адказвае: “А я і не паспяваю. У мяне на ўсё задуманае проста не хапае часу і сродкаў. Калі б не дапамога калег і падтрымка кіраўніцтва, магчыма, і не справілася б. А разам можна горы звярнуць”.


На занятках Л.Ісмаілавай дзеці не проста спяваюць, слухаюць, іграюць на музычных інструментах, рухаюцца, не проста вучацца адрозніваць паняцці “тэмп”, “рытм”, “жанр”. Лаліта Валянцінаўна стараецца праз музыку абудзіць у дзіцячай душы спагадлівасць, навучыць жыць у гармоніі з сабой, сваім унутраным светам і бачыць прыгажосць у навакольным жыцці, не адступаць перад часовымі цяжкасцямі. Усё гэта патрабуе штодзённай падрыхтоўкі, адпаведнага настрою і пастаяннай самаадукацыі. Сваімі педагагічнымі напрацоўкамі Л.В.Ісмаілава дзеліцца з калегамі на метадычных семінарах, адкрытых гарадскіх і раённых мерапрыемствах, практыкумах для слухачоў павышэння кваліфікацыі Гомельскага абласнога ІРА, на педагагічных сайтах, майстар-класах і ў СМІ.

Вольга ЛАПІЦКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 34 Гомеля.