Дасканалы настаўнік

Памятаеце, як у Л.Талстога: “Калі настаўнік мае толькі любоў да справы, ён будзе добрым настаўнікам. Калі настаўнік мае толькі любоў да вучня, як бацька, маці, — ён будзе лепш за таго настаўніка, які прачытаў усе кнігі, але не мае любові ні да справы, ні да вучняў. Калі настаўнік злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік”.

Фота да матэрыялу: Дасканалы настаўнік.Вядомыя радкі пісьменніка вельмі добра характарызуюць Алену Дзмітрыеўну Харко, настаўніцу нямецкай мовы гімназіі Брагіна.

Алена Дзмітрыеўна належыць да тых педагогаў, хто сумяшчае ў сабе выкладчыцкі вопыт, велізарны аб’ём ведаў, па-сапраўднаму творчае і душэўнае стаўленне да самога працэсу навучання. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаючы справе ўсяго сябе. Педагагічнае майстэрства Алены Дзмітрыеўны немагчыма ацаніць разрадам i квалiфiкацыяй. Такіх педагогаў называюць проста — Настаўнік з вялікай літары, дасканалы настаўнік.

Алена Дзмітрыеўна Харко родам з Брагіншчыны. Калі скончыла Рэчыцкі педагагічны каледж, вярнулася на малую радзіму і пачала сваю працоўную дзейнасць у Брагінскай сярэдняй школе настаўніцай нямецкай мовы. Пасля завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Кажуць, што ў душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны. Калі крануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць. Гэтыя струны ўмее знаходзіць Алена Дзмітрыеўна ў кожным дзіцяці. Яна аддае ім сваю душу і сэрца, не шкадуючы сіл і часу. За перыяд работы зарэкамендавала сябе як кваліфікаваны і кампетэнтны спецыяліст, ініцыятыўны арганізатар, пісьменны і адказны работнік. Выдатны педагог, сапраўдны майстар сваёй справы, яна валодае сучаснай методыкай выкладання нямецкай мовы, у практычнай дзейнасці прымяняе найноўшыя дасягненні, валодае высокім узроўнем тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі. На ўроках заўсёды выкарыстоўвае электронныя праграмы, трэнажоры. Яе выпускнікі сёння паспяхова працуюць у самых розных сферах дзейнасці, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — пачуццё падзякі любімаму настаўніку. Для многіх былых вучняў веды, атрыманыя на ўроках Алены Дзмітрыеўны, сталі сапраўдным арыенцірам у выбары далейшага шляху.

Навучэнцы Алены Дзмітрыеўны пацвярджаюць атрыманыя веды на алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах. У 2018 годзе навучэнка Ганна Цалуйка стала пераможцам трэцяга этапу абласной алімпіяды і атрымала дыплом ІІІ ступені. Пераможцы абласнога конкурсу “Мастацтва гаварыць” Наталля Болбас і Віялета Бельчанка таксама з’яўляюцца навучэнкамі А.Д.Харко. У мінулым годзе вучні настаўніцы нямецкай мовы атрымалі дыплом на абласным конкурсе тэатральных калектываў “Аркад”.

У 2015 годзе Алена Харко атрымала сертыфікат удзельніка абласнога фестывалю прафесійнага майстэрства раённых трэнераў па замежных мовах. У гэтым жа годзе Міністэрствам адукацыі ёй аб’яўлена падзяка за шматгадовую працу ў сістэме адукацыі, творчую ініцыятыву, высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці. У цяперашні час вопытны педагог мае ў сваёй скарбонцы Ганаровую грамату аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама, Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Ганаровую грамату Гомельскага Савета дэпутатаў.

Кожны дзень у Алены Дзмітрыеўны распісаны па гадзінах: урокі, індывідуальныя заняткі з дзецьмі, бацькоўскія сходы. А трэба яшчэ паспець зрабіць важныя хатнія справы, і Алена Дзмітрыеўна ўсё паспявае. Яна не толькі выдатны педагог і настаўнік, але і выдатная гаспадыня, клапатлівая жонка і маці.

Вольга ГАРДЗЕЕНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Брагіна.