Да пісьменнасці — праз журналістыку

Прафесія журналіста лічыцца адной з самых цікавых у свеце. Амаль кожная школа ў наш час мае сваё друкаванае выданне, дзе вучні спрабуюць сябе ў ролі карэспандэнтаў. Такім чынам навучэнцы не толькі развіваюць свае творчыя здольнасці, але і становяцца больш пісьменнымі, камунікабельнымі, выхаванымі і больш імкнуцца да дасягнення сваёй мэты. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца дзейнасць клуба юных журналістаў “Залатое пяро” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

“Залатое пяро” дае магчымасць атрымаць неабходны комплекс ведаў аб журналістыцы як прафесійнай дзейнасці, а таксама развіць уменні і навыкі, патрэбныя для прафесійнага выбару. Працаваць у нашым клубе — значыць вызначацца творчым характарам, імкненнем быць у курсе актуальных падзей і мець зносіны з цікавымі людзьмі. У нашым клубе мы стараемся падрыхтаваць да ўдалага паступлення па гэтай спецыяльнасці, прапануючы тэарэтычныя і практычныя веды, якія дапамогуць юнаму карэспандэнту на пачатку яго прафесійнага стаўлення, а таксама ўдасканальваць уменні навучэнцаў арыентавацца ў сучасным патоку інфармацыі, знаходзіць патрэбны і цікавы матэрыял для газетнага артыкула.

Навучэнцы на занятках знаёмяцца з асаблівасцямі журналісцкай прафесіі, з разнастайнасцю жанраў, падрабязна вывучаюць структуру публіцыстычнага тэксту. Але вядома, што аднаму педагогу, нават калі ён мае адукацыю журналіста, вельмі цяжка справіцца з названымі задачамі. Менавіта таму дзейнасць нашага клуба цесна звязана з рэдакцыяй раённай газеты “Калінкавіцкія навіны”. Рэгулярна для юных журналістаў арганізуюцца майстар-класы з удзелам раённых карэспандэнтаў, экскурсіі ў рэдакцыю газеты, круглыя сталы на тэму “Сапраўдны журналіст — які ён?”, “Журналіст у рэдакцыі. Абавязкі і правы”, “Стварэнне нумара. Як прыцягнуць увагу чытача?” і інш.

Сумесная дзейнасць нашага клуба з рэдакцыйнай калегіяй раённай газеты не канчаецца на гэтым. На тэрыторыі нашага раёна штомесяц на дзвюх старонках фармату А3 выходзіць спецыяльны выпуск аддзела адукацыі, спорту і турызму сумесна з рэдакцыяй газеты “Калінкавіцкія навіны” пад назвай “Школьная краіна”. Асноўнай мэтай выдання з’яўляецца актывізацыя творчай дзейнасці вучняў і пашырэнне сферы інфармацыйных цікавасцей сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.

Разам з рэдакцыяй і аддзелам адукацыі, спорту і турызму на тэрыторыі нашага раёна праводзіцца штогадовы конкурс сярод дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Юнкар года”. Конкурс арганізаваны з мэтай папулярызацыі і развіцця юнкараўскага руху і выяўлення найбольш актыўных юных карэспандэнтаў і праходзіць у два этапы. На першым этапе члены экспертнай камісіі знаёмяцца з надрукаванымі матэрыяламі на старонках “Школьнай краіны” і выбіраюць спіс удзельнікаў конкурсу, якімі становяцца найбольш актыўныя і таленавітыя аўтары. На другім этапе журы сярод выбраных удзельнікаў па строгіх крытэрыях (змест, актуальнасць тэмы, сістэма сродкаў мастацкай выразнасці і інш.) вызначае пераможцаў. Так, у гэтым годзе ўсе ўдзельнікі другога этапу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад аддзела адукацыі і рэдакцыі раённай газеты на гарадскім свяце “Бывай, школа!”, прысвечаным апошняму школьнаму дню і наступленню летніх канікул. Прыемна адзначыць, што на п’едэстал гонару не раз падняліся і ўдзельнікі нашага клуба.

Для таго каб набыць неабходныя веды і выпрацаваць уменні і навыкі на практыцы, намі створана свая рэдакцыя газеты “Дасягай! Дзейнічай! Стварай!”, якая выходзіць у межах Цэнтра творчасці. Кожны год сярод актывістаў і жадаючых выбіраецца рэдакцыйная калегія, у склад якой уваходзяць галоўны рэдактар, яго намеснік, адказны сакратар, адказныя за выпуск, дызайнеры і піяр-менеджар. Астатнія навучэнцы складаюць штат карэспандэнтаў.

Юныя майстры слова пастаянна прымаюць удзел у шматлікіх літаратурных і журналісцкіх конкурсах, супрацоўнічаюць з рэдакцыямі газет “Пераходны ўзрост”, “Зорька”. Такая работа прадугледжвае актывізацыю творчага патэнцыялу дзяцей, удасканаленне іх здольнасцей, а таксама развіццё камунікатыўных навыкаў і фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

“Залатое пяро” — клуб юных журналістаў, дзе вучацца пачынаючыя акулы пяра. Адны маюць намер стаць журналістамі, а другія пакуль не задумваюцца аб прафесіі: іх мэта — даведацца пра нешта новае і набыць новых сяброў. Усе гурткоўцы вельмі розныя, але тут кожны мае магчымасць знайсці занятак па душы. Няхай у будучыні не ўсе звяжуць сваё жыццё з журналістыкай, але ўменні і навыкі, атрыманыя ў клубе, так ці інакш спатрэбяцца. У нас вучаць збіраць інфармацыю і правільна яе выкладаць, а гэта вельмі важна, асабліва ў сучасным свеце.

Ала ВЕКА,
педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік клуба юных журналістаў “Залатое пяро”
Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*