Чытанне як аснова навучання

Адным з асноўных вучэбных прадметаў у пачатковай школе з’яўляецца літаратурнае чытанне. Чытанне — аснова для засваення іншых прадметаў, вялікі плацдарм для сумеснай творчасці настаўніка, бацькоў і навучэнцаў.

Стаўка на творчасць — адзін з дзейсных прыёмаў фарміравання ўнутранай матывацыі да чытання ў малодшых школьнікаў. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў пачатковых класаў, настаўніца гімназіі № 1 Жлобіна Людміла Уладзіміраўна Пракопенкава з першага класа развівае ў дзяцей цікавасць да чытання. Спачатку гэта інтрыгуючыя аб’екты, напрыклад, сапраўднае дрэва, на якім з часам з’яўляюцца лісточкі з заданнямі, папяровыя вусені з колькасцю прачытаных слоў, затым — сказы, розныя птушкі з прыказкамі, загадкамі. Такім чынам фарміруецца не толькі навык чытання, але і ўзбагачаецца слоўнікавы запас, развіваецца маўленне.

Людміла Уладзіміраўна з першых дзён навучання дзяцей у школе выкарыстоўвае іх творчы патэнцыял, актыўна ўключае ў пазакласную работу і бацькоў навучэнцаў. Тэма аднаго з першых бацькоўскіх сходаў прысвячаецца менавіта чытанню. Настаўніца тлумачыць бацькам, што дзіця, якое мала чытае, не можа паспяхова асвоіць вучэбную праграму пачатковай школы. Таму спачатку трэба разам навучыць дзяцей уважліва слухаць, а затым — чытаць. Для гэтага неабходна падбіраць цікавую, лёгкую для ўспрымання дзіцяці літаратуру і эмацыянальна, выразна яе чытаць.

Зносіны з бацькамі не праходзяць дарма. Сямейнае чытанне стала адной з любімых форм работы з кнігай. Акрамя гэтага, усе навучэнцы Людмілы Пракопенкавай з’яўляюцца падпісчыкамі дзіцячых часопісаў і газет. Урывак тэксту, які асабліва спадабаўся, дзеці разам з бацькамі выразаюць, афармляюць у выглядзе карткі, прыносяць у гімназію. Усе карткі збіраюцца ў кутку чытання, навучэнцы бяруць іх і чытаюць, абмяркоўваюць з аднакласнікамі, дзеляцца думкамі.

Калі дзіця навучыцца чытаць само, важна, каб у яго ўзнікла жаданне чытаць больш. У аснове гэтага жадання ляжыць перш за ўсё здольнасць добра разумець прачытанае.

Самы даступны і жаданы жанр для дзяцей — казка. Людміла Уладзіміраўна рэкамендуе сваім навучэнцам прачытаць казку і сустрэцца з яе любімымі героямі. Разам з дзецьмі і іх бацькамі настаўніца праводзіць інтэлектуальны марафон “Усе казкі — у госці да нас”. Вось дзе раздолле для творчасці! Навучэнцы паказваюць падрыхтаваныя з мамамі і татамі інсцэніроўкі любімых казак, спяваюць песні герояў, расказваюць маналогі, адказваюць на пытанні. Падчас гульні хлопчыкі і дзяўчынкі праяўляюць не толькі сваю індывідуальнасць, але і вучацца суперажываць, супрацоўнічаць, рабіць высновы.

Спаборніцтва — адзін з прыёмаў развіцця матывацыі да чытання, які ў сваёй працы выкарыстоўвае Л.У.Пракопенкава. Так, у класе з’явілася дыдактычная гульня “Збяры вусеня”. Навучэнцы малююць прыгожыя галоўкі вусеня, а тулава даводзіцца “начытваць”. Кожны дзень пачаткоўцы прыносяць у клас і прыляпляюць да вусеня столькі кружочкаў, колькі было прачытана дома сказаў. Затым кожны кружок пачынае абазначаць верш, аповед. У канцы кожнага месяца падводзяцца вынікі, у класе выбіраецца самы лепшы вучань, які чытае. Пераможца атрымлівае прыз.

Добрай матывацыяй да чытання з’яўляецца і прыём “Чытанне на ноч”. Дзеці з задавальненнем рэкламуюць кнігу, якую перад сном прачыталі самі, і абгрунтавана раяць яе аднакласнікам.

Вельмі падабаецца навучэнцам такая форма работы, як “Казка з мінулага”. Навучэнцы самастойна складаюць казку. Затым яны рыхтуюць з настаўнікам паперу, падобную да той, на якой пісалі раней, і пры дапамозе пяра і чарніла запісваюць свой твор. На ўроку пазакласнага чытання дзеці ў касцюмах старцаў прадстаўляюць свае творы.

Выхаванцы Людмілы Уладзіміраўны з задавальненнем рыхтуюцца да выставы кніжак-малышак, вырабленых сваімі рукамі. У кожнага навучэнца ёсць слоўнікі прыгожых слоў, у якіх запісаны параўнанні, метафары, увасабленні. Слоўнікамі яны карыстаюцца пры складанні апавяданняў, напісанні сачыненняў і іншых творчых работ. Дзеці вядуць і чытацкія дзённікі, ілюстраваныя ўласнымі малюнкамі. У канцы навучальнага года аб’яўляецца конкурс на лепшы чытацкі дзённік.

Калі навык правільнага, выразнага і свядомага чытання сфарміраваны, Людміла Уладзіміраўна прапаноўвае навучэнцам на працягу двух-трох тыдняў самастойна прачытаць твор аднаго з дзіцячых пісьменнікаў. Затым настаўнік праводзіць па дадзеным творы інтэлектуальны конкурс. Кожнай камандзе раздаюцца крыжаванкі, пачаткоўцы адказваюць на пытанні. Гэты прыём дазваляе праверыць, наколькі ўважліва дзеці чыталі твор. Напрыклад, пры знаёмстве з творчасцю М.Носава настаўнік раіць навучэнцам не толькі прачытаць творы аўтара, але і паглядзець мастацкія фільмы па матывах яго апавяданняў. У заключэнне праводзіцца інтэлектуальная гульня “Шчаслівы выпадак”. Пасля прачытання твораў некалькіх дзіцячых аўтараў праходзяць інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”.

Паступова навучэнцы падыходзяць да свядомага выбару кніг і іх прачытання. І не для адзнакі, а для задавальнення. Настаўніку застаецца толькі падтрымліваць у дзяцей цікавасць да чытання. Без увагі не застаецца ні адно, нават самае маленькае, дасягненне кожнага навучэнца. Людміла Уладзіміраўна лічыць, што прывіццё любові да чытання ў самым пачатку школьнага жыцця спрыяе развіццю творчых і інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, фарміраванню іх асобы.

У канцы навучання ў пачатковай школе выхаванцы Л.У.Пракопенкавай чытаюць выразна, бегла, свядома, а самае галоўнае — з задавальненнем, не падмяняючы сапраўдныя зносіны з мастацкім словам праглядам фільмаў або знаёмствам з кароткім зместам твора ў інтэрнэце.

Таццяна ПАРХАМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Жлобіна.