Чароўная шпаргалка — ЛСМ

Што можна сказаць пра сучасных дзяцей? Яны лёгка створаць акаўнт у сацсетках, здымуць і выкладуць на YouTube відэа ці адправяць у Instagram чарговую порцыю фотаздымкаў з каментарыямі. Часта яны настолькі добра разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях і сыходзяць у віртуальны свет, што з цягам часу без цікавасці пачынаюць успрымаць традыцыйныя падыходы да навучання ў школе ўвогуле і англійскай мовы ў прыватнасці. І вось тут узнікае заканамернае пытанне: дык якім жа чынам нам, педагогам, трэба вучыць нашых дзяцей, каб не дапусціць страты цікавасці да свайго прадмета? Што трэба зрабіць, каб стварыць станоўчую матывацыю і ператварыць залежнасць ад гаджэтаў у карысць для навучэнцаў? Якія адукацыйныя метады, тэхналогіі і дыдактычныя формы выкарыстоўваць, ведаючы, што адны навучэнцы лепш засвойваюць матэрыял, напісаны на дошцы ці прачытаны ў кнізе, другія — калі яго растлумачыць вусна, а трэція — праз самастойную работу, склаўшы план ці намаляваўшы схему? Як арганізаваць работу так, каб у канцы ўрока пачуць ад навучэнцаў запаветныя словы: “Як, ужо канец урока?!”

Думаю, метадычны пошук дапамог кожнаму педагогу з цягам часу знайсці для сябе адказ на гэтае пытанне, а мне дазволіў вывесці ўласную формулу паспяховай дзейнасці, якая выглядае так:

3 І + ДМІ = КЛЮЧ ДА ПОСПЕХУ,

дзе 3 І — гэта набор з інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ), інтэрнэт-рэсурсаў і розных тыпаў інтэрактыўнай дошкі, а ДМІ — дыдактычныя мнагамерныя інструменты, распрацаваныя аўтарам тэхналогіі дыдактычных мнагамерных інструментаў (ДМІ) доктарам педагагічных навук Валерыем Эмануілавічам Штэйнбергам у 2000 годзе.

Што такое ДМІ і чаму менавіта яны ў спалучэнні з 3 І сталі ключом да паспяховай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў?

ДМІ, а менавіта логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ), якія я прымяняю ў сваёй рабоце, — гэта “дыдактычныя мнагамерныя інструменты як універсальныя вобразна-паняційныя мадэлі для мнагамернага прадстаўлення і аналізу ведаў на натуральнай мове ў знешнім і ўнутраным планах вучэбнай дзейнасці”, а логіка-сэнсавыя мадэлі — гэта “мнагамерна-сэнсавыя, графіка-паняційныя, апорна-вузлавыя канструкцыі, якія аблягчаюць перакадзіраванне і запамінанне інфармацыі” (В.Э.Штэйнберг, Дыдактычныя мнагамерныя інструменты: тэорыя, методыка, практыка: манаграфія — М.: Народная адукацыя, 2002. — 304 с.).

Згодна з аналізам вынікаў PISA-2015, дыдактычныя мнагамерныя інструменты, нароўні з актыўнай ацэнкай (АА), інтэрактыўнымі метадамі і эўрыстычнымі прыёмамі, у большай ступені садзейнічаюць прырошчванню ў навучэнцаў прадметных ведаў, а таксама ствараюць умовы для эфектыўнага фарміравання ключавых кампетэнцый сучаснага выпускніка школы:

— умення вучыцца:

— крытычнага мыслення;

— медыяпісьменнасці і г.д., забяс­печваючы рэалізацыю генеральнай мэты навучання замежным мовам у ходзе фарміравання навучэнцаў як суб’ектаў міжкультурнай камунікацыі і развіцця ў іх якасцей паліткультурнай асобы, запатрабаваных сучасным інфармацыйным грамадствам ва ўмовах глабалізацыі.

Прымяняць 3 І і розныя віды ЛСМ (матывацыйную, вучэбную, кантрольную і абагульняючую) можна на ўсіх этапах работы на ўроку. І тут незаменным памочнікам становіцца такі складнік трох І, як інтэрактыўная дошка, якая дазваляе задзейнічаць усе тры каналы ўспрымання інфармацыі навучэнцамі.

Наша ўстанова адукацыі забяспечана чатырма інтэрактыўнымі дошкамі двух тыпаў: Techno Board і Smart Board, якія працуюць як мультымедыйныя прылады і дазваляюць мне, выкарыстоўваючы ноўтбук ці камп’ютар, мультымедыйны праектар, ствараць мноства інтэрактыўных заданняў з абавязковым уключэннем ЛСМ.

Маючы ў распараджэнні стылусы і вучэбныя інструменты праграм Smart 10 і Techno Board v.1.0, функцыю Multi-touch, магчымасць павялічваць і памяншаць маштаб выявы, рухаць карцінку, нават не падыходзячы да камп’ютара, я развіваю прасторавую памяць і кінестэтычнае ўспрыманне навучэнцаў у ходзе сучаснага стварэння ЛСМ, якія дазваляюць растлумачыць складаныя рэчы хутка і проста, уявіць інфармацыю наглядна, лаканічна, сістэмна і паслядоўна на розных этапах урока (актуалізацыя ведаў, паўтарэнне, абагульненне ці сістэматызацыя), захоўваючы ўвагу навучэнцаў і садзейнічаючы фарміраванню іх вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі.

ЛСМ будуюцца па наступным алгарыт­ме:

— 1 крок — выдзеліць цэнтральнае ядро — ключавое слова (гэта могуць быць тэмы, праблемы, задачы, словазлучэнні, абрэвіятура, якія змяшчаюцца ў апорны вузел у каардынаце);

— 2 крок — выдзеліць каардынаты і размясціць іх па гадзіннікавай стрэлцы;

— 3 крок — напоўніць кожную каардынату сэнсамі, г.зн. вузламі (выдзеліць вузлавыя пытанні ў кожнай частцы шляхам выдзялення галоўных элементаў, ключавых слоў, фактаў);

— 4 крок — праранжыраваць вузлы па ступені важнасці;

— 5 крок — выдзеліць сувязі і адносіны паміж вузлавымі пытаннямі.

Нягледзячы на прастату алгарытму, пры распрацоўцы ЛСМ могуць узнікнуць праблемы, звязаныя з захаваннем 8 кірункаў — каардынат, асабліва калі мадэль распрацоўваецца навучэнцамі самастойна. Часцей за ўсё кірункі спрашчаюцца да трох-чатырох, каб пазбегнуць залішняй перагружанасці схемы.

Прымяняць ЛСМ я пачынаю ў 4—5 класах для работы над граматычным матэрыялам, напрыклад, для сістэматызацыі ведаў па тэмах The Present Simple Tense and The Present Continuous Tense. Першапачаткова я прапаноўваю навучэнцам няпоўную ЛСМ як на папяровай аснове, так і ў электронным выглядзе толькі з ключавым словам і назвай восей. У ходзе сумеснай работы мы вучымся запаўняць яе, паступова дапаўняючы на наступных уроках.

Пачынаючы з 7 класа, навучэнцы спрабуюць распрацоўваць ЛСМ самастойна, што прадугледжвае абмеркаванне асноўных пытанняў, праблем і пошуку шляхоў іх вырашэння, напрыклад, у працэсе ўдасканальвання навыкаў успрымання і разумення замежнай мовы на слых, абапіраючыся пры гэтым на матывацыйную ці вучэбную ЛСМ з абазначанымі каардынатамі.

Гэта выглядае наступным чынам: на рабочым стале ў кожнага навучэнца захоўваецца спасылка на пэўны відэаматэрыял па прадметна-тэматычным змесце, які вывучаецца. Пасля таго як зняты моўныя і сэнсавыя цяжкасці, навучэнцы ў індывідуальным тэмпе за персанальнымі камп’ютарамі праглядаюць падкаст. Пасля прагляду яны складаюць ЛСМ, у якой указваюць ключавыя моманты і паняцці, спачатку індывідуальна, потым у парах і групах на аркушах паперы ці ў сшытках, а потым будуюць пры дапамозе інтэрактыўнай дошкі і выносяць на абмеркаванне класа. Пры такой форме работы развіваецца інфармацыйная кампетэнцыя навучэнцаў, таму што ім даводзіцца самастойна аналізаваць, выбіраць неабходную інфармацыю, арганізоўваць, пераўтвараць і перадаваць яе вусна ў ходзе публічнага прадстаўлення. Пры гэтым пры дапамозе стылуса мы можам мяняць колер віртуальнага чарніла ў ЛСМ, падкрэсліваць, закрэсліваць, а потым лёгка сціраць напісанае. Дзякуючы нагляднасці і лагічнасці пры прадстаўленні матэрыялу ў ЛСМ, большасць навучэнцаў, нават маючы невысокі ўзровень навучання, могуць прадэманстраваць свае веды і ўменні, што садзейнічае стварэнню сітуацыі поспеху і стымулюе пазнавальную актыўнасць на ўроку.

З мэтай рэалізацыі дыфе­рэнцыраванага падыходу ў навучанні і развіцця камунікацыйнай кампетэнцыі навучэнцы даволі часта ў якасці рознаўзроўневага дамашняга задання атрымліваюць заданне сканструяваць уласныя ЛСМ. Гэта, у сваю чаргу, падразумявае дастаткова вялікі аб’ём работы з інфармацыяй і спрыяе не толькі фарміраванню медыякампетэнцый навучэнцаў, але і павышае аб’ём лексічных адзінак, якія вывучаюцца, садзейнічаючы авалодванню ўстойлівымі словазлучэннямі, ідыёмамі, фразавымі дзеясловамі, веданне якіх правяраецца на ЦТ.

Зручна прымяняць ЛСМ на ўроках замацавання і сістэматызацыі, дзе мадэлі могуць дапрацоўвацца, удакладняцца, мяняцца ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў, каб потым стаць своеасаблівай “чароўнай шпаргалкай” па вывучаным матэрыяле.

Як паказвае вопыт, прадстаўленне вучэбнага матэрыялу ў выглядзе ЛСМ з’яўляецца найбольш прадукцыйным у 9-х класах у рамках арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў, якія выбіраюць англійскую мову як адзін з профільных прадметаў, дапамагае акцэнтаваць увагу на ключавых момантах пры падрыхтоўцы да экзамену і наступнай паспяховай здачы ЦТ.

Варта таксама адзначыць неацэнны ўклад, які ЛСМ і 3 І ўносяць у работу з высокаматываванымі навучэнцамі, прыносячы нам дыпломы і ўзнагароды ў рамках удзелу ў конкурсе рытарычнага майстэрства “Мастацтва гаварыць”, Міжнароднай алімпіядзе па асновах навук у Екацярынбургу, Рэспубліканскім конкурсе “Лінгвісцяня”, на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове.

Тым не менш варта памятаць, што работа з трыма І і ЛСМ павінна быць дазіраванай, каб не прывесці да перагрузкі, страты цікавасці з боку навучэнцаў, і арганізавана так, каб ствараць аптымальныя ўмовы і магчымасці для маўленчых паводзін навучэнцаў, садзейнічаць актывізацыі работы ў камандзе, стымуляваць актыўнасць навучэнцаў і садзейнічаць фарміраванню ўстойлівай матывацыі да вывучэння англійскай мовы на працягу ўсяго жыцця, пры гэтым максімальна забяспечваючы камунікацыйную накіраванасць усяго ўрока, пачынаючы з І ступені навучання.

Практычнае прымяненне маёй формулы паспяховага навучання школьнікаў неаднаразова дэманстравалася падчас правя­дзення майстар-класаў для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі ГАІРА, у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, у АПА ў рамках удзелу ў рэспубліканскім семінары-практыкуме “Рэалізацыя сучасных падыходаў і тэхналогій у выкладанні замежнай мовы ва ўмовах профільнага навучання”.

Вераніка АРЛОВА,
настаўніца англійскай і нямецкай моў сярэдняй школы № 14 Мазыра.