Бацькі і дзеці: разам супраць праблем

Праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей існуе ў нашым грамадстве на працягу доўгага часу. Да чаго імкнецца дзіця, як яно сябе паводзіць, якім яно вырасце — усё гэта залежыць ад сям’і. Менавіта па гэтай прычыне Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч удзяляе шмат увагі вырашэнню гэтага пытання.

З гэтай нагоды адбылася раённая бацькоўская канферэнцыя, арганізаваная Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі нашага горада. Тэма гэтага мерапрыемства — “Бяспечнасць дзяцей — наш агульны клопат”. І гэта невыпадкова, бо бяспечнасць дзяцей у многім залежыць ад таго, што дарослыя ім параяць, чаму навучаць. На працягу ўсяго мерапрыемства ўвага бацькоў і педагогаў была скіравана на неабходнасць сістэматычнай работы па навучанні дзяцей правілам паводзін у розных сферах іх жыцця.

Старт канферэнцыі дала Іна Віктараўна Губар, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама. Пасля аб ролі бацькоў у выхаванні паразважала Святлана Гагоша, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх. У ходзе размовы “Бяспечнасць у кожны дом” прысутныя абмеркавалі фінал Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, абсалютным пераможцам у якім стала сям’я Пятрушка з Калінкавіч. Госці канферэнцыі змаглі паглядзець візітку гэтай сям’і, пагутарыць аб іх занятках у вольны час. Разам бацькі і настаўнікі абмяркоўвалі, як правільна размеркаваць рэжым дня свайго дзіцяці і дапамагчы выбраць яму занятак па душы: зрабіць выбар на карысць заняткаў спортам, наведвання школ мастацтваў і іншых устаноў дадатковай адукацыі.

Дарэчы, усе прысутныя прыйшлі да аднаго вываду: такія заняткі дапамагаюць не толькі развіць культуру зносін маладога пакалення, але і, пашыраючы кола іх захапленняў, абараніць ад дрэнных звычак. Не засталося без увагі пытанне экалагічнай культуры сучаснай моладзі. На гэтым этапе былі арганізаваны выступленні педагогаў эколага-біялагічнага цэнтра горада, якія падрыхтавалі і фільм па гэтай тэме.

Яркім момантам стала дэфіле юных мадэлей Цэнтра творчасці, аўтарам убораў выступіла ўдзельніца ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Каляровыя алоўкі”. Цікавым аказалася і выступленне ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”.

Падчас мерапрыемства працаваў адкрыты мікрафон, які даў магчымасць усім жадаючым задаць цікавыя пытанні па тэме бяспекі іх дзяцей, а напрыканцы самыя актыўныя мамы і таты былі ўзнагароджаны падзякамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.


Праблема бацькоў і дзяцей хвалюе не толькі педагогаў нашага горада. Над яе вырашэннем актыўна працуе раённы савет старшакласнікаў. На пачатку гэтага навучальнага года з мэтай паляпшэння ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі быў распрацаваны праект “Школа сямейных каштоўнасцей”, які па сваёй форме ўяўляе альбом-эстафету, якая перадаецца ад аднаго школьнага савета да іншага і прадугледжвае правядзенне ўрокаў сямейных каштоўнасцей у форме гутарак, круглых сталоў, акцый, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.

У межах эстафеты старшакласнікамі створаны і дзённік сямейных каштоўнасцей, у якім удзельнікі размяшчаюць фотаздымкі, буклеты і іншыя матэрыялы, якія дапамаглі ім рэалізоўваць пастаўленыя задачы. Парадак перадачы дзённіка быў зацверджаны з дапамогай жараб’ёўкі. Першай стала сярэдняя школа № 6 Калінкавіч. За тры тыдні прадстаўнікі мясцовага самакіравання змаглі арганізаваць некалькі акцый, такіх як “Патэлефануй маме”, “Я люблю цябе, матуля”, а таксама правесці апытанне ў межах сваёй школы на тэму “За што мы ўдзячны сваім бацькам?”. У кастрычніку ў сяброўскай атмасферы альбом-эстафета была перададзена савету старшакласснікаў сярэдняй школы № 4. Вучні дзяліліся сваімі ўражаннямі ад праведзенай работы і давалі парады школьнікам, якім яшчэ трэба будзе рэалізоўваць праект.

На гэтым работа па вырашэнні праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей не заканчваецца, больш за тое, гэта толькі пачатак. Наперадзе яшчэ шмат планаў — канферэнцый, праектаў і акцый.

Настасся СКАБАРО,
член клуба юных журналістаў “Залатое пяро”
Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*