Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў

Не першы год Рэчыцкі цэнтр творчасці арганізоўвае вольны час для падлеткаў і моладзі. Нядаўна ў цэнтры стартаваў новы праект — “Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў”, прыярытэтным напрамкам якога з’яўляецца фарміраванне і развіццё актыўнага ўзаемадзеяння ўстановы з Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжам, Рэчыцкім дзяржаўным аграрным каледжам і Рэчыцкім дзяржаўным прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэем.


Мэта праекта — прадастаўленне якасных дадатковых адукацыйных паслуг для задавальнення творчых патрэб навучэнскай моладзі. Падбор тэм мерапрыемстваў і прыярытэтных форм узаемадзеяння ажыццяўляўся на аснове вывучэння заказу на адукацыйныя паслугі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі шляхам анкетавання навучэнцаў дадзеных устаноў.

Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў прапаноўвае студэнтам пашырыць адукацыйныя межы адной прафесійнай дзейнасці і стаць універсальным спецыялістам, які будзе здольны праяўляць сябе незалежна ад таго, кім стане ў будучыні і якую пасаду будзе займаць. Штотыдзень па суботах навучэнцы вышэйпералічаных устаноў адукацыі будуць прыходзіць у Цэнтр творчасці на мерапрыемствы. Кожная субота — гэта асобны тэматычны блок, кожны з якіх універсальны па сваім характары і змесце. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Remesla.by — мой рукатворны свет”, “Music.com — у рытме музыкі і танца”, “Нobby.org — арганізуй свой вольны час”.

Першае мерапрыемства пад назвай “Тут для цябе заўсёды адчынены дзверы”, якое прайшло для навучэнцаў педагагічнага каледжа нашага горада, правяла педагог-арганізатар Цэнтра творчасці Вольга Абрамава. Вольга Сяргееўна прэзентавала фільм аб дзейнасці ўстановы. Далей у суправаджэнні намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяны Рыжыкавай маладыя людзі здзейснілі аглядную экскурсію і наведалі заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах розных напрамкаў. У калідорах і фае яны ўбачылі выставы работ навучэнцаў аддзела дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Заключным акордам сустрэчы стала інтэрактыўная гульня “Мой выбар”, прысвечаная вызначэнню жыццёвых каштоўнасцей моладзі.

Рознабаковы і шматузроўневы характар адукацыйных праграм, што рэалізоўваюцца ў нашай установе, дазваляе задаволіць шырокае кола патрэб навучэнцаў. Моладзь пераканалася, што Цэнтр творчасці прывабны для ўсіх узроставых катэгорый — ад дашкольнікаў да студэнтаў. І мы спадзяёмся, што праект дапаможа раскрыцца новым талентам навучэнскай моладзі Рэчыцкага раёна.

Святлана ЧЫГРЫНЁВА,
дырэктар Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.