Акадэмія педагагічнага майстэрства

У Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі сёлета стартаваў адукацыйны праект для педагогаў дадатковай адукацыі “Акадэмія інавацыйнага педагагічнага майстэрства”. Праект рэалізуецца ў рамках дзейнасці філіяла кафедры педагогікі і псіхалогіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна ў Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Плённае супрацоўніцтва Цэнтра творчасці і УВА набірае тэмпы і радуе вынікамі. За пяцігадовы перыяд дзейнасці філіяла праведзена каля 10 сумесных навукова-практычных семінараў і канферэнцый, апублікавана 15 навуковых артыкулаў спецыялістаў Цэнтра творчасці ў навукова-метадычных зборніках, праводзяцца навуковыя даследаванні, практычныя заняткі для студэнтаў. Вынікам далейшага сумеснага творчага пошуку і стала распрацоўка праекта “Акадэмія інавацыйнага педагагічнага майстэрства”.

З 2012 года педагагічны калектыў цэнтра працуе ў інавацыйным рэжыме. У 2012—2014 гадах быў рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў у кантэксце беларускага менталітэту”. Летась у цэнтры стартаваў другі інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. Галоўная ідэя гэтага праекта — навучыць педагогаў інавацыйнай дзейнасці, а таксама пашырыць і сістэматызаваць веды вопытных педагогаў, матываваць іх на плённую педагагічную дзейнасць, на распрацоўку новых падыходаў, форм і метадаў работы. Аналізуючы кадравы патэнцыял педагогаў цэнтра, варта асабліва адзначыць даволі высокі кваліфікацыйны цэнз дзякуючы актуальнаму сацыяльнаму партнёрству з універсітэтам. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 59 педагогаў, з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй у цэнтры працуюць 18 педагогаў, што складае 30% ад агульнай колькасці (для параўнання: сярэдні паказчык па рэспубліцы — 16,8%, па Гомельскай вобласці — 18,1%).

Ужо прайшло некалькі заняткаў акадэміі. Так, напрыклад, на першых занятках, якія адбыліся на базе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, лекцыю ўдзельнікам акадэміі прачытала загадчык філіяла кафедры педагогікі і псіхалогіі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Алена Астрэйка. Педагогі пагрузіліся ў праблематыку праекта, адказалі на пытанні анкеты “Вывучэнне прафесійнай гатоўнасці педагога дадатковай адукацыі да інавацыйнай дзейнасці”, з вялікай цікавасцю адгукнуліся на ўдзел у мерапрыемствах праекта. Асабліва зацікавіліся тэмамі адукацыйнай праграмы праекта “Адпрацоўка інавацыйнага ўмення шляхам арганізацыі практыкаванняў па рашэнні інавацыйных праблем у сферы дадатковай адукацыі” і “Літаратурна-тэхнічнае афармленне дыдактычнага новаўвядзення”. Формай атэстацыі педагогаў пасля завяршэння праекта стане абарона інавацыйна-педагагічнага твора і дыягностыка ступені сфарміраванасці сістэмы інавацыйных уменняў.

Сучасная ўніверсітэцкая аўдыторыя ў форме амфітэатра, інтэрактыўная дошка, навуковыя даследаванні, імкненне да адукацыі і самаадукацыі — вось асноўныя складнікі праекта, які атрымаў добры старт і, спадзяёмся, здабудзе выніковы фініш.

Таццяна АНДРЫЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.