“Гэта трэба помніць”

Роля экскурсій у грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў

Павага да сваёй краіны, да яе нацыянальных традыцый, гісторыі і багатай культуры з’яўляецца асновай выхавання. Згадзіцеся, немагчыма быць дастойным чалавекам і сапраўдным грамадзянінам без паважлівага стаўлення да сваіх вытокаў.

Грамадзянскае выхаванне ўяўляе сабой адзіны комплекс, і менавіта яму ў нашай школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. У гэты комплекс увахо­дзяць прававое, маральнае, патрыятычнае і іншыя віды выхавання, якія ажыццяўляюцца на ўроках, у пазакласнай і пазашкольнай рабоце.

Класныя кіраўнікі, і я ў тым ліку, выкарыстоўваюць розныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў праз пазакласную і пазаўрочную дзейнасць: гутаркі, класныя і інфармацыйныя гадзіны, урачыстыя лінейкі, тэматычныя ранішнікі, урокі мужнасці, прагляд і абмеркаванне фільмаў патрыятычнай накіраванасці, конкурсы, віктарыны, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, сацыяльныя акцыі і аперацыі.

Сёлета мы адзначылі сумную дату — 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але была і іншая дата — 76 гадоў з Дня Перамогі савецкага народа ў ёй. І чым далей ад нас гэтая вайна, тым мацнейшае ў нас жаданне, каб такое ніколі больш не паўтарылася.

Перад памятнымі і святочнымі датамі школа гудзіць як вулей, бо ідзе падрыхтоўка да акцыі “Вялікай Перамозе пры­свячаецца”: адны школьнікі рыхтуюць выставу малюнкаў, вучаць вершы на ваенную тэматыку, другія — рэпеціруюць песні, удзельнічаюць у конкурсе эсэ.

Штогод навучэнцы добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол помніка загінуўшым землякам у вёсцы Манькаў­шчына. Хлопцы і дзяўчаты падмятаюць дарожкі, высаджваюць кветкі, прыбіраюць апалае лісце. У святочныя і памятныя даты тут праходзяць мітынгі і прыём у піянеры.

Члены валанцёрскага атрада “Міла­сэрнасць” удзельнічаюць у акцыях “Клопат”, “Ветэран жыве побач” — не забываюць адзінага ветэрана з вёскі Сазонаўшчына, што за 5 кіламетраў ад школы. “Наш ветэран”, — менавіта так гавораць школьнікі пра Аляксандра Аляксандравіча Ярмака.  Яму 101 год, але сівы франтавік памятае ўсе ваенныя падзеі і дзеліцца сваімі ўспамінамі з навучэнцамі. На кожнае свята валанцёры прыходзяць да ветэрана з віншаваннямі, сувенірамі і салодкімі падарункамі.

Але найбольшую цікавасць у дзяцей выклікаюць экскурсіі.

Школьнікі з задавальненнем наведалі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган Славы”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.

Вучням цікава было даведацца, што Беларускі дзяржаўны музей гі­сторыі Вялікай Айчыннай вайны — першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі.

Усіх уразіў той факт, што калекцыя музея Вялікай Айчыннай вайны была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу будзе доўжыцца гэтая крывавая трагедыя…

Музей адкрыўся для наведвальнікаў адразу пасля вызвалення Беларусі, восенню 1944 года. У ліку першых каштоўнасцей былі хронікі партызан­скага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя…

А вось урачыстае адкрыццё абноўленага музея стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У мемарыяльным комплексе  “Хатынь” вучні з заміраннем сэрца слухалі экскурсавода. Дзеці былі ўражаны тым, што мемарыял паўтарае планіроўку спаленай вёскі, а ў цэнтры комплексу размешчана 6-метровая бронзавая скульптура “Няскораны ча­лавек”.

На месцы кожнага з 26-ці спаленых дамоў — помнік-зруб, у сярэдзіне якога —  абеліск у выгля­дзе коміна са званом. На кожным абеліску — дошка з імёнамі загінуўшых жыхароў дома.

Дарэчы, лёс Хатыні падзялілі і дзве вёскі нашага раёна: Доры і Кражына. Іх адбудавалі пасля вайны, а пра тыя жудасныя па­дзеі нагадваюць мемарыялы.

Дзеці павольна ішлі за экскурсаводам і слухалі кожнае слова. “Хатынь — гэта балючы след вайны нашага народа”, — прагучалі ў канцы экскурсіі словы супрацоўніка мемарыяла. І тут цішыню парушыла пытанне маленькай Веранікі: “А што такое след вайны?” “Гэта тое, што нельга забыць. Што трэба помніць”, — прагучала ў адказ.

Маленькая Вераніка ішла да аўтобуса і ціха паўтарала: “Гэта нельга забыць. Гэта трэба помніць”.

Мы не абмінулі ўвагай і Курган Славы, і гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Тут вучні з задавальненнем глядзелі рэканструкцыю па­дзей і танкавы біятлон з удзелам сучаснай тэхнікі.

Мне заўсёды вельмі хацелася абу­дзіць у вучняў тыя пачуцці, якія я зведала калісьці. Мы, дзеці мірных дзён, не ведаем жахаў вайны, але выхаваны на вялікай павазе да подзвігу нашага народа.

На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці я шмат увагі ўдзяляю гісторыі Вялікай Айчын­най вайны. Але галоўная мэта — не столькі пазнаёміць вучняў з падзеямі гэтай вайны, колькі выклікаць у іх бязмерную павагу да тых, хто падарыў нам мір, і гатоўнасць захаваць яго.

2021 год у Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства. Усе разам мы зможам зберагчы нашу мірную і прыгожую краіну, але ў сэрцы кожнага з нас павінны гучаць словы маленькай Веранікі: “Гэта нельга забыць. Гэта трэба помніць”.

Алена КАЛАСКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 9 класа Яршэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна.
Фота аўтара.