Гэта наш дом

Невычарпальная крыніца для выхавання дзіцяці — малая радзіма, асабліва калі гэта невялічкае мястэчка, вёсачка. Сельская мясцовасць — гэта асаблівы свет, дзе жывуць шчырыя працаўнікі, дзе людзі знаходзяцца надзвычай блізка да сваіх каранёў і гісторыі. Усё гэта можа стаць цудоўным падмуркам для выхавання годнай асобы, грамадзяніна. Вось чаму ў Ванелевіцкім дзіцячым садзе распачалі рэалізацыю праекта “Сацыяльна-маральнае развіццё дашкольніка пры дапамозе пазнання соцыуму ва ўмовах сельскай мясцовасці”.

У праекце бралі ўдзел выхаванцы дашкольнай установы 5—6 гадоў, бацькі, педагогі, якія працуюць у рознаўзроставай групе: выхавальнік Вольга Уладзіміраўна Варэнік, музычны кіраўнік Аляксандр Уладзіміравіч Ешукоў, настаўнік-дэфектолаг Анжэла Мікалаеўна Вярбіла.

Арганізоўваем адукацыйны працэс і фарміруем прадметна-развіццёвае асяроддзе такім чынам, каб дзеці маглі атрымаць як мага больш карыснага, не проста нешта даведацца, але і навучыцца прымяняць веды на практыцы. Адзін з ключавых кірункаў дзейнасці ў рамках праекта — азнаямленне выхаванцаў з найбліжэйшым асяроддзем аграгарадка Ванелевічы — цікавымі людзьмі, іх сямейнымі і культурнымі традыцыямі, з прафесіямі аднавяскоўцаў, дзяржаўнымі сімваламі. Знаёмім дзяцей з сімваламі Беларусі, якія можна знайсці ў нашай мясцовасці (хвоя, бусел, кветкі лёну, канюшыны, васілька), дзяржаўнымі і народнымі святамі (3 ліпеня, Дзень Перамогі, Каляды, Масленіца, Багач), помнікамі прыроды (рэліктавая піхта ў Чыжэвічах, што побач з Ванелевічамі), гістарычнымі месцамі (Екацярынінскі тракт — дарога ад Ванелевічаў да Саўкава, сядзіба Міхаліны Даманскай у Чыжэвічах). Імкнёмся развіваць у дашкольнікаў навыкі зносін з аднагодкамі і дарослымі, далучаем іх да сямейных каштоўнасцей і традыцый, закладваем асновы маральнасці і патрыятызму.

Вялікая ўвага ўдзяляецца педагагічнай асвеце бацькоў, фармiраванню ў iх псіхолага-педагагічнай культуры. З гэтай мэтай быў створаны сямейны клуб “Спазнаем разам” і кансультатыўны пункт “Дзіця і соцыум”, куды могуць звярнуцца бацькі ўсіх выхаванцаў. На пасяджэннях клуба таты і мамы дзеляцца сваімі сямейнымі рэцэптамі шчасця і выхавання дзяцей. Работа кансультатыўнага пункта накіравана на асвету бацькоў у пытаннях дзіцячай псіхалогіі і педагогікі. У дзіцячым садзе таксама існуе практыка зносін з сем’ямі выхаванцаў пры дапамозе электроннай пошты.

Як казаў В.А.Сухамлінскі, “сям’я — гэта тое асяроддзе, у якім чалавек вучыцца тварыць і сам робіць дабро”. Менавіта таму падчас распрацоўкі і рэалізацыі праекта мы імкнуліся стварыць умовы для абмену паміж бацькамі станоўчым вопытам у выхаванні дзіцяці. На аснове прадстаўленых сем’ямі фотаматэрыялаў аформлены прэзентацыі на тэмы “Сям’я — гэта важна, сям’я — гэта складана, бо шчасліва жыць аднаму немагчыма”, “Прафесіі маіх бацькоў”. На нашу думку, сям’я і соцыум павінны дапаўняць адно аднаго і выступаць як два бакі аднаго працэсу. Ад выніку іх супрацоўніцтва залежыць эфектыўнасць сацыяльна-маральнага і асобаснага развіцця дзіцяці.


Сацыяльна-маральнае развіццё дашкольнікаў немагчыма без вывучэння культурных традыцый нашых продкаў. У гэтым напрамку ўстанове дашкольнай адукацыі вялікую дапамогу аказвае загадчык сельскай бібліятэкі Ніна Мікалаеўна Роцька. Яна расказала, што для нашай мясцовасці характэрна правядзенне свята “Юр’еў дзень”, але за апошнія 20 гадоў людзі пра яго забыліся, ды і каровак-карміцелек на падворках у аграгарадку, якіх у гэты дзень упершыню выганялі на пашу, амаль не засталося. Для азнаямлення выхаванцаў з традыцыйным побытам беларусаў, далучэння да культурных традыцый педагогі ўстановы стварылі міні-музей “Беларуская хатка”. Кіраўнік міні-музея з 2008 года — выхавальнік Ірына Мікалаеўна Канаваленка. Настаўніца гісторыі Ванелевіцкай сярэдняй школы Валянціна Васільеўна Дашукевіч, якая цяпер ужо на пенсіі, дапамагла сістэматызаваць і апісаць экспанаты. З энтузіязмам папаўнялі экспанатамі міні-музей бацькі і выхаванцы, а педагогі — метадычнымі матэрыяламі. Традыцыяй стала правядзенне заняткаў, гульняў, экскурсій, мерапрыемстваў у “Беларускай хатцы”.

Падчас рэалізацыі праекта ва ўстанове дашкольнай адукацыі сфарміраваліся традыцыі правядзення народных свят, што станоўча паўплывала на стварэнне творчай, добразычлівай атмасферы. З вялікай цікавасцю выхаванцы сумесна з бацькамі рыхтаваліся да Багача, Каляд, Вялікадня.

Эфектыўнаму ўзаемадзеянню з соцыумам па пытаннях сацыяльна-маральнага развіцця асобы дашкольніка, знаёмству з выдатнымі мясцінамі роднага сяла спрыяла арганізацыя экскурсій-паходаў. Дзеці наведалі дом узорнага парадку, гаспадыня якога — Ганна Аляксееўна Торык. У 2015 годзе гаспадарка Ганны Аляксееўны заняла 1-е месца сярод самых дагледжаных сядзіб у Ванелевічах. Завіталі нашы выхаванцы і ў сядзібу “Майстар — залатыя рукі”, дзе жыве сям’я Лазюк, члены якой ствараюць вырабы з дрэва для ўпрыгожвання свайго жылля, двара. Сядзібу бачна здалёк, а бусел — сімвал Беларусі — самая яркая цэнтральная фігура падворка. Пабывалі на экскурсіі і ў парку моладзі, на малочна-таварнай ферме, у сельскай бібліятэцы, ля помніка Невядомаму салдату, на чыгунцы і інш.

Праект даў нам шмат карыснага: нашы выхаванцы бліжэй пазнаёміліся з малой радзімай, бацькі сталі актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, педагогі павысілі прафесійную кампетэнтнасць у рамках укаранення ў адукацыйны працэс новых падыходаў. Дарэчы, нашы педагогі падзяліліся вопытам работы па сацыяльна-маральным развіцці асобы дашкольніка на раённых метадычных аб’яднаннях. Дзякуючы праекту мы стварылі ўмовы, якія садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі ў дзіцячым садзе, а гэта значыць, нашым выхаванцам тут будзе яшчэ лепш.

Яніна ЦІТОВА,
загадчыца Ванелевіцкага дзіцячага сада Капыльскага раёна.