Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў экалагічным краязнаўстве

У цяперашні час геаграфічныя інфармацыйныя тэхналогіі знайшлі шырокае прымяненне ў практыцы геаграфічных даследаванняў. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо сёння геаінфармацыйныя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Любы сучасны чалавек карыстаецца навігацыйнымі сэрвісамі, дадаткамі для маніторынгу грамадскага транспарту і многімі іншымі сэрвісамі, звязанымі з картамі.

Паводле сучасных уяўленняў, прынятых у рускамоўнай літаратуры, геаграфічная інфармацыйная сістэма, або ГІС, — гэта сукупнасц­ь тэхнічных, праграмных і інфармацыйных сродкаў, якія забяспечваюць увядзенне, захаванне, апрацоўку, матэматыка-картаграфічнае мадэляванне і вобразныя інтэграваныя прадстаўленні картаграфічных і адпаведна з імі атрыбутыўных даных для вырашэння праблем тэрытарыяльнага планавання і кіравання.

Праграму ArcGIS Online складана засвоіць на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. У сувязі з гэтым з верасня 2020 года ў нашай установе адукацыі арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў экалагічным краязнаўстве”. Гэтая праграма была складзена на аснове тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю. Вялікую дапамогу ў арганізацыі гуртка аказалі навуковы кіраўнік рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне геаінфармацыйных тэхналогій у практыка-арыентаваную вучэбную і даследчую дзейнасць навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця рэгіёна” Н.Б.Тупіцына і сярэдняя школа № 4 Шклова.

Мэта аб’яднання па інтарэсах — фарміраванне экалагічнай культуры асобы як стратэгічнай умовы ўстойлівага развіцця грамадства і прыроды, з дапамогай паглыблення і пашырэння ведаў пра гісторыю, культуру, экалогію і геаграфію роднага краю ва ўмовах сучаснага геаінфармацыйнага асяроддзя.

Гурток працуе 2 гадзіны на ты­дзень. Зараз гэтае аб’яднанне па інтарэсах наведваюць навучэнцы 7—8 класаў. Змест курса для іх дзеліцца на 5 асноўных раздзелаў: “Уводзіны”, “Картаграфія”, “Віды і прызначэнне карт”, “Геаінфарматыка”, “Прымяненне модуляў ГІС-праектавання на лакальным узроўні”.

Навучэнцы, якія наведваюц­ь аб’яднанне, пры дапамозе праграмы ArcGIS Online асвойваюц­ь методыку праектавання геа­інфармацыйнага прадукту, вучацца выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і картаграфічныя вэб-сэрвісы для арганізацыі экалагічна значнай дзейнасці, авалодваюць методыкай прымянення рэсурсаў. Электронная карта, створаная ў ГІС, падтрымліваецца магутным арсеналам аналітычных сродкаў, багатым інструментарыем стварэння і рэдагавання аб’ектаў, а таксама базамі даных, прыладамі сканіравання, друку, сродкамі інтэрнэту і нават касмічнымі здымкамі і інфармацыяй са спадарожнікаў.

Выхаванцы аб’яднання з дапамогай праграмы ArcGIS Online будуюць вектарныя пласты (кропка, лінія, палігон), наносяць на карту кропкавыя пласты з дапамогай табліцы Exel. Таксама ўмеюц­ь ствараць розныя маршруты з улікам выкарыстанага транспартнага сродку, відаў дарог і дарожнага пакрыцця, разлічваць час, які неабходна выдаткаваць на пэўны маршрут. Умеюць вызначаць геа­графічныя каардынаты розных прыродных аб’ектаў з дапамогай праграмы ArcGIS Online, умеюць ствараць наладжвальныя вэб-дадаткі ў праграме.

Ступень засваення праграмы ArcGIS Online ў навучэнцаў розная, таму выхаванцы аб’яднання аказваюць узаемадапамогу адно аднаму на практычных занятках. Сваімі ведамі вучні дзеляцца з педагогамі сярэдняга звяна гімназіі на майстар-класах, актыўна прапагандуюць інавацыйны праект на розных мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў.

У далейшым плануецца навучанне рабоце з праграмай ArcGIS Online навучэнцаў 5—9 класаў выхаванцамі аб’яднання па інтарэсах “Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў экалагічным краязнаўстве” метадам “роўны вучыць роўнага”.

Такім чынам, выкарыстанне геа­інфармацыйных тэхналогій у навучальных установах не толькі павышае цікавасць навучэнцаў да іх з-за сваёй навізны, але і дазваляе настаўніку праводзіць інтэграваныя заняткі па розных дысцыплінах. Акрамя таго, выкарыстоўваючы ГІС-тэхналогіі, мы можам візуалізавац­ь пройдзены матэрыял, стварыць практычна значны геаінфармацыйны прадукт.

Настасся ЯКУБЕНКА,
настаўніца біялогіі гімназіі Мсціслава.