“Гавары! Пішы! Гуляй!”

У 2019 годзе я ўдзельнічала ў фінале Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, дзе прадстаўляла аўтарскую тэхналогію “Прадухіленне парушэнняў пісьмовага маўлення ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення на занятках па навучанні грамаце” і заняла 3-е месца сярод настаўнікаў-дэфектолагаў краіны. У 2018 годзе атрымала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Гульнявы комплекс “Гавары! Пішы! Гуляй!” як сродак прадухілення дысграфіі ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення” ў намінацыі “Найлепшы праект у сістэме спецыяльнай адукацыі і аказання псіхалагічнай дапамогі”.

Дашкольны ўзрост з’яўляецца перыя­дам інтэнсіўнага фарміравання ўсіх псіхічных функцый дзіцяці, і завяршаецца ён доўгім і складаным працэсам — авалоданнем маўлення. Маўленне — вядучая псіхічная функцыя, якая вызначае гатоўнасць дзіцяці да навучання. Пісьмовае маўленне — шматузроўневы працэс пераводу вуснага маўлення ў графічную літарную мадэль, які ажыццяўляецца толькі на аснове дастаткова высокага ўзроўню развіцця працэсу вуснага маўлення. Сучасная гатоўнасць да авалодання граматай уключае ў сябе засваенне літар, авалоданне дзіцем гука-літарным, гука-складовым і лексіка-сінтаксічным аналізам і сінтэзам яшчэ да паступлення ў школу.

У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у сувязі з разнастайнымі маўленчымі і сенсорнымі парушэннямі, узнікае недастатковая сфарміраванасць вуснага маўлення, што робіць цяжкім авалоданне працэсам пісьма. У будучыні гэта можа стаць сур’ёзнай перашкодай у авалоданні граматай і граматыкай мовы. Таму дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення адносяцца да групы рызыкі па магчымасці ўзнікнення ў іх парушэнняў пісьмовага маўлення, такіх як дысграфія, дыслексія і дызарфаграфія. Актуаль­насць гэтай праблемы ў тым, каб прадухіліць перадумовы ўзнікнення парушэнняў пісьмовага маўлення іх да пачатку навучання ў школе.

На сучасным этапе развіцця спецыяльнай адукацыі асаблівую актуаль­насць набывае тэарэтычнае і практычнае вырашэнне праблемы падрыхтоўкі дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення да навучання грамаце. Бо, як вядома, пісьмовае маўленне — аснова ўсяго далейшага навучання. Дзеці гэтай катэгорыі складаюць самую шматлікую катэгорыю (каля 70%) усіх дзяцей з адхіленнямі псіхафізічнага развіцця (АПФР).

Яшчэ адна прычына актуальнасці гэтай праблемы — неабходнасць дапаўнення існуючых праграмных задач і актывізацыі пошуку новых метадаў і прыёмаў прадухілення другасных адхіленняў для ажыццяўлення пераемнасці паміж дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыяй.

Упэўнена, што вырашаць праблему прадухілення парушэнняў пісьмовага маўлення неабходна пачынаючы з дашкольнага ўзросту, ліквідуючы тыя прычыны, якія прыводзяць да ўзнікнення другасных адхіленняў у школе. У сваёй дзейнасці я ствараю эфектыўныя карэкцыйна-адукацыйныя ўмовы для прадухілення парушэнняў пісьма ў дашкольнікаў старэйшага ўзросту, якія маюць цяжкія парушэнні маўлення. Укараніла ў адукацыйны працэс свой аўтарскі гульнявы комплекс “Гавары! Пішы! Гуляй!” для заняткаў па падрыхтоўцы да навучання грамаце. Навізна гэтай тэхналогіі ў тым, што яна ўяўляе сабой поўнае карэкцыйна-развіццёвае метадычнае суправаджэнне па адукацыйнай галіне “Падрыхтоўка да навучання грамаце” для дзяцей з ЦПМ, якое можа выкарыстоў­ваць у сваёй рабоце любы настаўнік-дэфектолаг, які працуе з гэтай катэгорыяй выхаванцаў.

У гульнявы комплекс “Гавары! Пішы! Гуляй!” уваходзіць: каляндарна-тэматычнае планаванне; метадычнае суправа­джэнне падгрупавых заняткаў (у выглядзе тэхналагічных карт-канспектаў і наглядных дапаможнікаў да іх); рабочы сшытак для дзяцей; рэкамендацыі для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу па выкарыстанні гэтага комплексу.

Пры складанні планавання была выбрана паслядоўнасць вывучэння гукаў, якая абапіраецца на іх захаванасць у гукавымаўленні. На пачатковым этапе вывучэння — гэта галосныя, якія практычна заўсёды правільна вымаўляюцца дзецьмі. Знаёмства з зычнымі пачынаецца з санорных і выбухных. На вывучэнне парных звонкіх і глухіх зычных выдзяляюцца 3 заняткі на кожную пару. Азнаямленне з гукамі позняга антагенезу адкладаецца ў часе. Асаблівасцю гэтай распрацоўкі з’яўляецца паралельная паслядоўнасць засваення фанетычных, лексічных і марфалагічных паняццяў. Вельмі важным момантам кожных заняткаў выдзелена дыферэнцыяцыя паняццяў, якія вывучаюцца.

У сувязі з тым, што заняткі па падрыхтоўцы да навучання грамаце праходзяць адзін раз на тыдзень, быў распрацаваны асаблівы алгарытм арганізацыі заняткаў. Гэта 7 фрагментаў-блокаў, якія прысутнічаюць на кожных занятках. Гэтая структура акцэнтавана на вывучэнні гукаў і літар і эфектыўна дзякуючы яе рэгулярнаму выкарыстанню і пабудове па прынцыпе “ад простага да складанага”.

1-ы блок. Уступ. Гульнявы сюжэт з праблемнай сітуацыяй. Заняткі па падрыхтоўцы да навучання грамаце адрозніваюцца ад агульнапрынятых тым, што кожныя заняткі комплексу складзены на аснове адной лексічнай тэмы, уключаюць гульнявы сюжэт, або стварэнне праблемнай сітуацыі, паралельна асноўнаму зместу работы. Напрыклад тэма: “Гукі Ф, Фь. Літара эФ”. Лексічная тэма: “Заапарк. Заняткі-падарожжа”. Фея Флора прылятае ў заапарк да жывёл, каб накарміць і развесяліць іх, паказваючы фокусы з гукамі, літарамі і словамі.

2-гі блок. Логатрэнінг і знаёмства з гукам. Ён звязаны з сюжэтнай тэмай заняткаў і змяшчае артыкуляцыйныя, дыхальныя, мімічныя і галасавыя практыкаванні, якія падабраны на зададзены гук.

3-і блок. Знаёмства з літарай. Пры знаёмстве з літарай фарміруецца цэласны зрокава-слыхавы вобраз “гук — літара”, які неабходна звязаць з блізкім зрокавым вобразам, напрыклад, з прадметам, падобным на літару. На гэтым жа этапе для карэкцыі оптыка-прасторавых уяўленняў выкарыстоўваюцца графічныя гульні-заданні.

4-ы блок. Дынамічная паўза ўключана ў кожныя заняткі, бо яна абсалютна неабходна дзецям гэтага ўзросту і спрыяе развіццю дынамічнага, кінестэтычнага і прасторавага праксісу пры ўзаемадзеянні рухаў і маўлення. Абавязковай умовай кожнага блока з’яўляецца яго сэнсавая сувязь з лексічнай тэмай заняткаў.

5-ы блок. Дыферэнцыяцыя гукаў у складах, словах. Асабліва важна право­дзіць яе для адрознення фанетычна блізкіх гукаў: цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, свісцячых, шыпячых, санорных і афрыкат, гэта значыць гукаў, вымаўленне якіх часцей за ўсё парушана ў дзяцей. Выхаванцы вучацца дыферэнцыраваць “гукі” па іх асноўных характарыстыках з апорай на зрокавыя і гукавыя вобразы. Асноўнай задачай гэтага блока з’яўляецца развіццё фанематычнага ўспрымання і слыха-маўленчай памяці, неабходнай для авалодання простымі відамі гука-літарнага аналізу, сінтэзу і навучання чытанню.

6-ы блок. Дыферэнцыяцыя гукаў у сказах. Гэта зак­лючныя маўленчыя заданні, накіраваныя на засваенне неабходных лексіка-граматычных канструкцый, неабходных для развіцця звязнага маўлення.

7-ы блок. Вынік заняткаў. Заключэнне прадугле­джвае вырашэнне гульнявой праблемы, пастаўленай у пачатку заняткаў, і пастаноўку акцэнту на станоўчай эмацыянальнай ацэнцы дзейнасці выхаванцаў.

Вопыт, які набыўся ў выніку праведзенай работы, быў сістэматызаваны. Згодна са складзеным планаваннем, да кожных заняткаў па навучанні грамаце распрацавана тэхналагічная карта-канспект, нагляднасць і двухбаковы ліст рабочага сшытка для дзіцяці. Першы бок рабочага ліста “Гуляем разам!” прызначаны для работы на падгрупавых занятках з настаўнікам-дэфектолагам, другі бок — “Гуляю сам!” для выкарыстання ў нерэгламентаванай дзейнасці.

Значная станоўчая дынаміка настаўніка-дэфектолага — гэта вынік сістэматычнага выкарыстання гульнявога комплексу “Гавары! Пішы! Гуляй!” як сродку падрыхтоўкі да навучання грамаце і прыдухілення парушэнняў пісьма ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Асаблівая практычная каштоўнасць гэтай тэхналогіі ў тым, што яна складзена з улікам праграмных і ўзроставых патрабаванняў і можа быць выкарыстана кожным настаўнікам-дэфектолагам, які працуе з гэтай катэгорыяй выхаванцаў.

Сёння я рэгулярна дзялюся прафесійным вопытам на метадычных аб’яднаннях, майстар-класах, педагагічных марафонах, вэбінарах з беларускімі і замежнымі калегамі, рыхтую да выдання аўтарскія вучэбныя дапаможнікі. Вяду асабісты сайт “Прывітанне, лагапед!” privetlogoped.ru і адукацыйную старонку ў сацыяльнай сетцы Facebook www.facebook.com/privetlogoped для калег і бацькоў, дзе ёсць многа карыснай інфармацыі, матэрыялаў для заняткаў і практычных парад.

Інеса ХОЛАВА,
настаўнік-дэфектолаг спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення ясляў-сада № 325 Мінска.