“Галасы міру”

На Гродзеншчыне трэці раз прайшоў адкрыты абласны дабрачынны  конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Галасы міру”.

Валерый Сярко.

На сцэну Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў выйшлі 30 юнакоў і дзяўчат — фіналісты конкурсу. Гэтым разам арганізатары абвясцілі конкурс адкрытым, даўшы магчымасць прыняць у ім удзел юным талентам не толькі з абласнога цэнтра, але і з розных куткоў рэгіёна. На жаль, эпідэмічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы, таму адбор праводзіўся дыстанцыйна, запісы сваіх нумароў спевакі дасылалі ў электронным выглядзе. Усяго ў адборачным туры прыняло ўдзел каля 60 чалавек. Настрой тых, хто прыехаў на конкурс, быў цудоўным, і нішто не магло яго сапса­ваць. Кожнае выступленне юных выканаўцаў гледачы сустракалі шчырымі апладысментамі.

У фінале сустрэліся канкурсанты трох узроставых груп з абласнога цэнтра, Ліды, Бярозаўкі, Зэльвы, Навагрудка, Іўя, Ашмян, аграгарадкоў Дзітва Лідскага і Забалаць Воранаўскага раёнаў. Гэта навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ і гімназій, а таксама Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. У іх выкананні прагучалі кампазіцыі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Узроставы дыяпазон удзельнікаў — ад 8 да 18 гадоў. Самым малодшым удзельніцам фіналу — гродзенкам Настассі Гурскай і Веры Шамавай — па 8 гадоў.

Члены журы адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі юных спевакоў. Аднак конкурс ёсць конкурс, таму лагічным яго завяршэннем стала абвяшчэнне імён пераможцаў. Гран-пры заваяваў Валерый Сярко з Гродна. Перамогу ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 11 гадоў атрымала  Яўгенія Масленікава з Гродна, дыплом ІІ ступені — Вера Шамава з Гродна, ІІІ ступені — Лізавета Шчавелева з Бярозаўкі. Сярод канкурсантаў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў перамагла Міла Кандратовіч, на 2-м месцы — Софія Зарэцкая, на 3-м — Ганна Кавальчук, усе дзяўчынкі з Ліды. У катэгорыі ад 15 да 18 гадоў дыплом І ступені атрымала Юлія Важуй з Гродна, ІІ ступені — Мар’я Сідлярэвіч з Ліды, ІІІ ступені — Канстанцін Стома з Гродна. Прыз сімпатый гледачоў атрымаў Ілья Кухараў з Гродна.

— Вельмі прыемна, што ўпершыню ў гісторыі конкурсу гран-пры заваяваў навучэнец Гродзенскага каледжа мастацтваў. Калі выступалі навучэнцы каледжа, адразу адчувалася рука педагога. Але ж хацелася б дадаць, што аматары не так ужо ад іх адсталі. Беларускі дзіцячы фонд, Беларускі фонд міру і “Белая Русь” заўсёды будуць падтрымліваць таленавітую моладзь. І я ўпэўнены, конкурсу жыць, адкрываць новыя таленты. Магчыма, мы прапануем нашым арганізацыям правесці нешта падобнае на рэспубліканскім узроўні, — адзначыў старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Іван Каўбаска.

Арганізатарамі і мецэнатамі конкурсу выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, абласныя аддзяленні грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру” і “Беларускі дзіцячы фонд”, абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.