Фітанцыды для гімназістаў

У наша клапатлівае стагоддзе важна пакінуць на зямлі чысты след. Увайсці ў гісторыю як творца і стваральнік, а не як спажывец. У навучэнцаў гімназіі Светлагорска паўстала пытанне: які асабісты ўклад у развіццё і росквіт малой радзімы і сваёй роднай гімназіі могуць зрабіць яны?

У Беларусі шмат добрых акцый, у якіх удзельнічае добраахвотніцкі атрад гімназіі “Дарогай добрых спраў”. Адна з іх — штогадовы “Ты­дзень лесу”. Дзеці дапамагаюць прыбіраць смецце, высаджваць маладыя дрэвы. Яшчэ ў 2018 годзе ад валанцёраў паступіла прапанова савету гімназістаў арганізаваць і правесці падобную акцыю на тэрыторыі гімназіі. Рашэннем стала правядзенне акцыі для першакласнікаў “Расцём разам”. Дзеці не толькі робяць уклад у азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі гімназіі, але і назіраюць, як растуць і развіваюцца пасаджаныя дрэўцы.

Туі былі выбраны невыпадкова. Яны хораша глядзяцца ў ландшафце і выдзяляюць фітанцыды, што карысна для навучэнцаў. За імі не трэба прыбіраць лістоту, узімку і ўлетку яны аднолькава цешаць вока.

Леташняй восенню стартавала першая акцыя “Расцём разам”, прымеркаваная да Года малой ра­дзімы. Суботні дзень надвор’ем не радаваў, але першакласнікі і іх бац­ькі высадзілі туі і самшыт. Калі справа была зроблена, гімназісты расказалі вершы, прысвечаныя прыродзе. Дзеці паабяцалі, што будуць даглядаць зялёныя насаджэнні, каб яны радавалі сваёй прыгажосцю. Да гэтай акцыі сёлета ў маі далучыліся выпускнікі гімназіі — яны высадзілі алею. Спа­дзяёмся, будучыя выпускнікі працягнуць традыцыю.

На пачатку 2020/2021 навучальнага года акцыя пачала набіраць абароты. Традыцыйным стала высаджванне туй першакласнікамі, а таксама прыняцце пяцікласнікаў у гімназісты. А сёлета навучэнцы 5-х класаў таксама прынялі ўдзел у азеляненні: у рамках тыдня грама­дзянска-патрыятычных спраў яны высадзілі алею пяцікласнікаў. Урэшце дзеці сталі дружнейшымі, паколькі сумесная работа гуртуе калектыў.

Немагчыма не згадаць тых, дзякуючы каму адбыліся такія выдатныя і патрэбныя акцыі, — бацькоў нашых гімназістаў. Яны дапамаглі закупіць саджанцы і высаджвалі іх разам з дзецьмі. Да лістапада тэрыторыя гімназіі заквітнела, ня­гледзячы на восеньскае надвор’е.

Святлана ПАПЛАЎСКАЯ,
намеснік дырэктара гімназіі Светлагорска.