II Міжнародны фестываль-конкурс “Арт-парад у Віцебску” прайшоў у анлайн-фармаце з 8 па 10 студзеня
Маштабны адукацыйна-творчы праект аб’яднаў 629 канкурсантаў з 26 краін ва ўзросце ад 6 да 84 гадоў, якія на працягу трох дзён спаборнічалі ў пяці намінацыях. Конкурсныя выступленні і работы ўдзельнікаў ацэньвалі педагогі, вучоныя, дзеячы культуры і мастацтваў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, папулярныя выканаўцы, кампазітары і прадзюсары, кіраўнікі мастацкіх калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Малдовы, Ізраіля, Мексікі, Грузіі і ЗША. Па прычыне складанай эпідэмічнай сітуацыі форум праводзіўся ў анлайн-фармаце.

Фестываль-конкурс нацэлены на стварэнне ўмоў для самарэалізацыі таленавітых дзяцей і моладзі, умацаванне міжнародных сувязей праз культурнае супрацоўніцтва і творчасць, зварот да лепшых узораў нацыянальных культур краін-удзельніц. Заснавальнікамі “Арт-параду” выступілі Цэнтр культуры “Віцебск” (Дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”) і турыстычная фірма “ІЛВА” пры падтрымцы Віцебскага гарвыканкама.
Зімовы “Арт-парад” задумваўся як малодшы брат “Славянскага базару ў Віцебску”. Па ўмовах творчага спаборніцтва, сярод лаўрэатаў I ступені ўсіх намінацый і ўзроставых груп журы вызначае ўладальніка гран-пры, які набывае права выступіць летам на адным з афіцыйных мерапрыемстваў міжнароднага фестывалю мастацтваў. Закладзеная на першым форуме традыцыя пачынаць “Арт-парад” з казкі была працягнута: удзельнікам прэзентавалі пастаноўку мюзікла паводле творчасці Джэймса Мэцью Бары “Пітэр Пэн. Old story. New post”. Як адзначыў генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі, “Арт-парад” дае людзям з розных краін унікальны шанс паказаць, як сапраўдная творчасць пераадольвае любыя абмежаванні: “Самае галоўнае ў культуры — дарыць эмоцыі. Буду спадзявацца, што наш фестываль-конкурс прынёс не толькі станоўчыя эмоцыі, але і веды, зносіны, адкрыў новыя магчымасці бясконцага творчага свету для ўсіх нас”. Па словах Глеба Лапіцкага, запатрабаванасць новага праекта пацвярджаюць удалы мінулагодні дэбют і колькасць сёлетніх канкурсантаў, заяўкі ад якіх пачалі паступаць практычна адразу пасля размяшчэння інфармацыі аб правядзенні фестывалю-конкурсу на сайтах арганізатараў.
Галасаванне журы было адкрытым: пасля кожнага выступлення ўдзельнік даведваўся сваю адзнаку, пасля чаго меў магчымасць атрымаць персанальныя каментарыі і рэкамендацыі. Па выніках праглядаў журы прысудзіла гран-пры адразу дваім канкурсантам. Такім чынам, сталі вядомы першыя імёны ўдзельнікаў ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”: народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі пад кіраўніцтвам Дзіяны Юрчанка (ЦК “Віцебск”, Беларусь) і Дэфні Дэліката (Мальта). Пяцёра нашых юных суайчыннікаў узнагароджаны спецыяльнымі прызамі ад турыстычнай фірмы “ІЛВА”. Сертыфікаты на бясплатны ўдзел у міжнародных творчых форумах атрымалі навучэнкі Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Эвеліна Голубева і Марына Курловіч, навучэнка Слонімскай дзіцячай школы мастацтваў Юлія Лях, навучэнка Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Вераніка Антошак і навучэнка Геранёнскай дзіцячай школы мастацтваў Лізавета Макоўская.
Акрамя таго, праграма “Арт-парада” прадугледжвала некалькі прэс-канферэнцый, шматлікія творчыя сустрэчы і больш за 10 найцікавейшых майстар-класаў.
У 2021 годзе фестываль-конкурс прысвечаны 30-годдзю Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і арганізаваны ў рамках афіцыйных мерапрыемстваў па святкаванні юбілею. Другі па ліку “Арт-парад” — гэта новыя намінацыі, пашырэнне ўзроставага дыяпазону ўдзельнікаў, 30 членаў журы з 10 краін і звыш 40 гадзін прамога эфіру.

Канкурсанты і іх педагогі вывучалі семантыку плаката з дацэнтам кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Наталляй Тарабука, аналізавалі тыповыя памылкі ўдзельнікаў вакальных конкурсаў з народнай артысткай Расіі прафесарам кафедры эстрадна-джазавых спеваў Інстытута сучаснага мастацтва (Масква) Наталляй Баннавай, спасцігалі бязмежныя магчымасці голасу з Пятром Ялфімавым і асаблівасці пеўчага дыхання з прафесарам кафедры музыкі Даўгаўпілскага ўніверсітэта салісткай Латвійскай Нацыянальнай оперы Ілонай Багеле. Загадчык кафедры харэаграфіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, балетмайстар-пастаноўшчык Святлана Гуткоўская прысвяціла майстар-клас выкарыстанню балетмайстарскіх прыёмаў пры ўвасабленні мастацкай задумы харэаграфічнага твора. Канстанцін Масковіч раскрыў новыя магчымасці народных інструментаў і акцэнтаваў увагу на іх ролі ў развіцці разнастайнасці музычных жанраў і стыляў. У яркі, своеасаблівы і неверагодна прывабны свет грузінскага народнага танца запрасіў Цімур Карыдзэ. Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь старшы выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Павел Сапоцька ў ходзе майстар-класа падзяліўся вопытам міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы мастацкай творчасці і падтрымкі ініцыятыў таленавітай моладзі. У заключны дзень “Арт-парада” ўдзельнікі адправіліся ў інтэрактыўнае анлайн-падарожжа па віцебскіх вуліцах.

— Экскурсія паглыбляла ў дзівосную атмасферу старажытнага таямнічага Віцебска — крыніцы натхнення Марка Шагала. Менавіта праз творчасць знакамітага мастака, які быў улюбёны ў Віцебск на працягу ўсяго жыцця і ўвасобіў яго ў сваёй творчасці, удзельнікі віртуальнай вандроўкі атрымалі ўяўленне аб горадзе, — расказала куратар адукацыйных спецпраектаў турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “ІЛВА” Алена Паднябеснава. — “Арт-парад” цесна звязаны са “Славянскім базарам у Віцебску”, таму мы не маглі абмінуць і ўнікальны па многіх характарыстыках аб’ект сучаснай архітэктуры — комплекс Летняга амфітэатра. Хачу сказаць, раней былі сумненні наконт мэтазгоднасці анлайну, але на сёння мы бачым і пэўныя перавагі гэтага фармату. У прыватнасці, гэта тычыцца адукацыйнага кампанента: прапанаваць такую колькасць майстар-класаў ад прафесіяналаў міжнароднага ўзроўню ў афлайне з улікам часавага рэгламенту фестывалю, напэўна, не было б магчымасці. Адпаведна ўсе нашы наступныя фестывалі і конкурсы збіраемся праводзіць у рэжыме афлайн/анлайн. Вельмі каштоўна, што ўсе члены журы давалі індывідуальныя кансультацыі для ўдзельнікаў. “Арт-парад” адбыўся і зацвердзіўся як яркая з’ява ў культурна-адукацыйнай прасторы. Нават беглы аналіз праглядаў на YouTube (а іх тысячы на сёння) паказвае: не толькі ўдзельнікі “Арт-парада” звярнуліся да гэтых матэрыялаў, але і іх сябры, знаёмыя, калегі, прыхільнікі творчасці — пасля мерапрыемстваў ідзе магутны рэзананс. І, безумоўна, мы ўпэўнены: велізарнае жаданне наведаць Віцебск, якое прывяло нашых канкурсантаў на фестываль, абавязкова спраўдзіцца.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена турыстычнай фірмай “ІЛВА”.