Фарміруем вылічальныя навыкі ў малодшых школьнікаў

Лікі акружаюць нас паўсюль. Выкананне арыфметычных дзеянняў з імі прыводзіць да выніку, на аснове якога мы прымаем пэўнае рашэнне. Адна з найважнейшых задач вывучэння матэматыкі ў малодшых класах — фарміраванне ўсвядомленых і трывалых навыкаў вуснага ліку. 

Каб авалодаць імі, вучні павінны спачатку асвоіць пэўны вылічальны прыём, а затым у выніку трэніроўкі навучыцца даволі хутка прымяняць яго на практыцы. Вусны лік — неад’емная частка амаль кожнага ўрока матэматыкі. Яго можна праводзіць у пачатку, сярэдзіне і канцы заняткаў. Для дасягнення правільнасці і бегласці вусных вылічэнняў неабходна на кожным уроку ўдзяляць 5—10 хвілін спецыяльным практыкаванням, якія дазваляюць ахапіць вялікі аб’ём матэрыялу за кароткі час, зразумець па рэакцыі класа яго засвоенасць, падрыхтаваць да вывучэння новага, выявіць памылкі, дысцыплінаваць дзяцей і настроіцца на работу.  

Праводжу вусны лік у хуткім тэмпе. Пры агучванні заданняў пазбягаю шматслоўнасці. Пераканалася: калі вусны лік праведзены добра і цікава, то дзеці будуць больш актыўнымі і зацікаўленымі на занятках.

У рабоце выкарыстоўваю розныя формы вуснага ліку: беглы лік (зачытваю заданні ў хуткім тэмпе, вучні ўспрымаюць іх на слых і даюць вусныя адказы), зрокавы лік (запісваю заданні на дошцы, вучні адказваюць вусна ці выкарыстоўваюць для адказу сродкі зваротнай сувязі), камбінаваны лік (спалучаю вусныя вылічэнні і пісьмовы запіс — матэматычная дыктоўка). 

Фармірую навыкі вуснага ліку ў калектыўнай, парнай, групавой і індывідуальнай рабоце. Падчас франтальнай формы арганізацыі вуснага ліку выкарыстоўваю веер лічбаў, прапаную заданні па варыянтах. Для работы ў парах прымяняю табліцы для вуснага ліку, дзе прыводзяцца слупкі лікаў, звязаных паміж сабой пэўнымі заканамернасцямі. 

Даволі часта для работы ў парах выкарыстоўваю двухбаковыя карткі, пярэдні і адваротны бакі якіх разбіты на аднолькавыя прамавугольнікі. На пярэднім баку запісаны прыклады на складанне і адніманне, на адваротным — адказы. 

Групавую работу арганізую ў форме гульні. Вучні вельмі любяць “Матэматычную эстафету”.

Паспяховае асваенне навыкаў вуснага ліку залежыць ад зацікаўленасці школьнікаў, таму прапаную ім самім скласці вусны лік. 

Пасля правядзення вуснага ліку падводжу вынікі, ацэньваю актыўнасць класа, правільнасць адказаў, поспехі асобных вучняў. 

Звяртаюся да розных відаў практыкаванняў для вуснага ліку, якія садзейнічаюць эфектыўнаму і ўсвядомленаму фарміраванню вылічальных навыкаў. Так, прапаную дзецям практыкаванні і гульні на знаходжанне значэнняў матэматычных выразаў, што выпрацоўвае ў дзяцей трывалыя вылічальныя навыкі. 

Выкарыстоўваю практыкаванні на параўнанне. Прымяняю выразы з рознымі дзеяннямі і ўключаю розны лікавы матэрыял. Гэта дапамагае засвоіць тэарэтычныя веды пра арыфметычныя дзеянні і іх уласцівасці. 

Рашэнне самых простых ураўненняў дазваляе засвоіць сувязі паміж кампанентамі і вынікамі арыфметычных дзеянняў, выпрацаваць вылічальныя навыкі.

Задачы для вуснага ліку могуць быць любыя, але самае галоўнае — цікавыя і зразумелыя дзецям.  

Сістэматычна прымяняю на занятках матэматычныя дыктоўкі, якія даюць поўную інфармацыю пра веды і ўменні вучняў па пэўнай тэме. Заўважыла, што матэматычныя дыктоўкі з тэрміналагічнай лексікай дзеці выконваюць неахвотна, дапускаюць у іх памылкі. 

Пераконваю школьнікаў, што матэматычныя правілы трэба абавязкова ведаць і прымяняць на практыцы. У выніку сумеснай работы былі складзены “Правілы матэматыкі” для выканання матэматычных дыктовак. Правілы ўключаюць 10 заданняў у форме пытанняў.

Вопыт паказвае, што сістэматычная работа па фарміраванні вылічальных навыкаў дапамагае зацікавіць прадметам, развіваць мысленне, актывізаваць пазнавальную дзейнасць на ўроках, навучыць дзяцей вучыцца. Выкарыстоўваючы розныя віды практыкаванняў для вуснага ліку, школьнікі лепш засвойваюць тэму заняткаў, успрымаюць матэрыял больш асэнсавана, займаюцца з цікавасцю, выконваюць вялікі аб’ём работы. 

Імкнуся прытрымлівацца аднаго з важных прынцыпаў: працаваць на кожным уроку павінны ўсе вучні. Для гэтага ствараю сітуацыю поспеху, каб кожны адчуў сябе паўнацэнным удзельнікам адукацыйнага працэсу.

Алена ЧАРНЯК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.