Фарміруем пунктуацыйную пісьменнасць

Праблема фарміравання пунктуацыйнай пісьменнасці актуальная пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх класах. Адна з задач вывучэння беларускай мовы ў старшых класах — сістэматызацыя і паглыбленне ведаў пра мову і маўленне, заканамернасці і правілы функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, нормы беларускай літаратурнай мовы, удасканаленне культуры вуснага і пісьмовага маўлення (моўная і маўленчая кампетэнцыі).

Практыка паказвае, што выпускнікі з году ў год дапускаюць шмат памылак у заданнях па пунк­туацыі пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта тлумачыцца складанасцю пунктуацыйнага навыку, які грунтуецца не толькі на веданні сінтаксісу і ўменні хутка схематызаваць структуру сказа, але і на ўменні перадаваць розныя сэнсы ў камунікатыўных адзін­ках — сказе і тэксце.

Асаблівай увагі патрабуе сістэматызацыя ведаў пра пастаноўку знакаў прыпынку ў простым сказе. Па-першае, ад узроўню засваення пунктуацыі ўскладненага сказа залежыць культура пісьмовага маўлення вучняў. Дзеці, якія не ведаюць, як пунктуацыйна правільна аформіць ускладнены сказ, пазбягаюць яго ўжывання, будуюць вельмі простыя і няўскладненыя сказы. У выніку створаныя тэксты аднастайныя паводле тыпаў сказаў і структуры (як правіла, двухсастаўныя, развітыя з адным-двума даданымі членамі сказа). Па-другое, ад узроўню засваення пунктуацыі простага сказа залежыць узровень засваення пунктуа­цыі складанага сказа.

У старшых класах вельмі цяжка суаднесці ўзнаўленне і сістэматызацыю вялікага аб’ёму інфармацыі з той невялікай колькасцю гадзін, што адведзены на паўтарэнне матэрыялу. Таму надзвычай важна знайсці найбольш рацыяльнальныя метады і прыёмы навучання.

Паколькі вывучэнне пунктуацыі простага сказа ў 11 класе носіць узнаўляльны характар, абмежавана выкарыстоўваю метад паведамлення. Часцей за ўсё арганізоўваю ўзнаўляльную гутарку, падчас якой з дапамогай пытанняў паўтараецца пройдзены матэрыял.

Перад тым як паўтараць правілы пунктуацыі, вызначаю ўзровень засваення вучнямі сінтаксічных паняццяў, неабходных для пэўнай тэмы. Так, па тэме “Сінтаксічныя прыметы сказаў з аднароднымі членамі” прапаноўваю заданні, дзе трэба размежаваць сказы з аднароднымі членамі і складаназлучаныя сказы, знайсці сказы з абагульняльным словам, вызначыць, якія выразы не з’яўляюцца аднароднымі членамі сказа: “Беглі ў свет дарогі, і гайдалася трава каля іх”, “Настала свята прасторных, залітых сонцам жнівеньскіх дзён”, “Палеткі і лугі, нібы прыгожы белы абрус”, “Блякла-белае неба і чырвань галін”, “Схадзі спытайся аб раскладзе лекцый на тыдзень”, “Камары і матылькі, і жукі, і ўсе шпакі засвісталі, загулі, карагоды павялі”, “Бруснічнік рос у лагчынах, на купінах, на старых, аброслых мохам пнях, нават на вываратнях дрэў”, “Канстанцін Астрожскі будаваў замкі, манастыры і цэрквы, адчыняў на свае грошы школы і шпіталі для хворых”, “Пад бязвоблачным небам шпарка мяняюць сваё ўбранне раздольныя прыбярэзінскія лугі і невялікія лясныя паляны”, “У полі, у лесе, на рэчцы — усюды быў відаць шырокі поступ вясны”, “У канцылярыі было многа моладзі: і хлопцы, і дзяўчаты”, “Маці заўсёды ўставала ні свет ні зара”, “Ён потым дроў схадзіў прынёс”, “Плыве, плыве за хмарай хмара”. 

На этапе ўзнаўлення вывучанага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Інсерт”, які дапамагае арганізаваць самастойную работу вучняў з крыніцай інфармацыі. Гэты прыём патрабуе актыўнага і ўважлівага чытання. Працуючы з матэрыялам падручніка, дзеці робяць алоўкам умоўныя абазначэнні на палях: вядомая інфармацыя пазначаецца знакам “+”, новая — знакам “!”, незразумелая — “?”.

Пасля індывідуальнай перапрацоўкі тэарэтычнага матэрыялу вучні абменьваюцца інфармацыяй, у выніку чаго адбываецца дадатковае ўдакладненне. У табліцу коратка заносяцца звесткі з тэксту.

Прапаную адзінаццацікласнікам рабіць запісы толькі тых момантаў, якія выклікаюць у іх цяжкасці. Важны этап работы — абмеркаванне запісаў у табліцы. Гэта дазваляе адпрацаваць з вучнямі тыя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку, якія патрабуюць тлумачэння, а таксама сэканоміць час для практыкаванняў па найбольш складаных пунктах правіла.  

Тэма: “Знакі прыпынку ў сказах з устаўнымі і пабочнымі канструкцыямі”

Вядомае  Новае  
Пабочныя кан­струкцыі вы­дзяляюцца коскамі  Не аддзяляецца пабочнае слова ад адасобленых членаў сказа, устаўных канструкцый ці пабочных сказаў, перад якімі стаіць: “З магазіна выйшла бабуля з трыма пакункамі, мабыць падрыхтаваўшыся да прыезду ўнукаў”.  
 Коскай не аддзяляюцца ад пабочных канструкцый узмацняльныя часціцы “і”, “а”: “Дожджык, і праўда, так і паўзе за каўнер”.  
Устаўныя кан­струкцыі выдзяляюцца дужкамі або працяжнікамі  Калі ўстаўная канструкцыя знаходзіцца паміж часткамі, дзе трэба паставіць коску, то коска пераносіцца за ўстаўную канструкцыю: “У кнігах, што прынёс бібліятэкар — іх было дзесяць, — мы спа­дзяваліся знайсці патрэбную інфармацыю”.  

Працэс фарміравання пунктуацыйнай пісьменнасці прадугледжвае развіццё ўмення ўспрымаць сэнс выказвання з апорай на інтанацыю. Эфектыўным прыёмам фарміравання пунктуацыйнай пісьменнасці з’яўляецца прыём супастаўлення інтанацыйнага і пунк­туацыйнага афармлення сказа. Так, пры абагульненні ведаў пра адасабленне членаў сказа патрабую ад вучняў выразнага чытання сказаў і вызначэння на слых асноўнай інфармацыі і дадатковай, звяртаю ўвагу дзяцей на тое, што адасобленыя члены сказа чытаюцца не хутка, а працягла. Пры чытанні ўстаўных канструкцый трэба паніжаць тон голасу і вымаўляць іх больш хуткім тэмпам. Такія заданні развіваюць увагу вучняў да змены голасу, садзейнічаюць разуменню значэння знакаў прыпынку.

У той жа час паказваю вучням, што інтанацыя з’яўляецца толькі дапаможным сродкам пры расстаноўцы знакаў прыпынку. Звяртаюся да практыкаванняў, якія ілюструюць выпадкі несупадзення інтанавання і пастаноўкі знакаў прыпынку. Так, прапаную запісаць сказы, расставіць знакі прыпынку, падкрэсліць адасобленыя акалічнасці: “Аляксей адчуваў стомленасць нейкую абыякавасць да ўсяго навакольнага лёг на траву і закінуўшы рукі за галаву глядзеў у бяздонны блакіт неба”, “Міколка ледзь падняўся на ногі бо падаючы ён моцна ўдарыўся аб ламачыну”, “Пятро Захаравіч моцна пасябраваў з хлапчуком і прыязджаючы на пост заўсёды браў яго з сабою на раку”, “Дзяўчаткі зарагаталі і падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку пабеглі наўцёкі”, “Паклаўшы косы пад пракос і ўцёршы лоб і потны нос касцы падселі к кусту”, “Крушынскі гаварыў ціха і не пазіраючы на госця”, “Лабановіч не спыніўся а выбраўшы больш зручнае месца смела рушыў наперад”, “Рыгор доўга шукаў выхад а знайшоўшы весела ўсміхнуўся і выйшаў”, “Дзяўчына здалёк колькі разоў акідвала позіркам незнаёмага маладога хлопца а падышоўшы бліжэй апусціла вочы”.

Разам з метадам назірання за будовай сказа прымяняю прыём рэканструявання. Ён заключаецца ў граматычным відазмяненні сінтаксічнай канструкцыі. Гэты прыём дазваляе вучням асэнсавана бачыць залеж­насць знакаў прыпынку ад месца пэўнага сінтаксічнага адрэзка ў сказе.

Актыўна выкарыстоўваю прыём рэканструявання для сістэматызацыі ведаў па адасабленні азначэнняў і прыдаткаў. Вучні перабудоўваюць прапанаваны сказ і робяць вывад пра пастаноўку знакаў прыпынку, усведамляюць залежнасць адасаблення азначэнняў ад месца ў сказе адносна паяснёнага слова. 

Прымяняю рэканструяванне на розных этапах урока: на этапе актуалізацыі ведаў па пэўнай тэме, каб падвесці вучняў да самастойнага ўзнаўлення вывучанага правіла, на этапе тлумачэння матэрыялу з мэтай ліквідацыі прабелаў у ведах вучняў, а таксама на этапе замацавання ведаў з мэтай выпрацоўкі трывалых пунктуацыйных навыкаў.

Тэма  Прыклад задання  
Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам  Змяніце сказ так, каб працяжнік не ставіўся: “Дружба — вялікая справа”, “Дзяўчаты — красуні ў нас”.  
Знакі прыпынку пры аднародных азначэннях  Змяніце сказ так, каб азначэнні сталі аднароднымі: “Бруснічнік рос у лагчынах, на купінах, на аброслых мохам старых пнях”.  
Знакі прыпынку ў сказах з абагульняльным словам  Змяніце сказ так, каб ставіліся і працяжнік, і двукроп’е: “Усюды чутно дыханне вясны: у сініх далях і ў лясах, у гарадах і вёсках”.  
Знакі прыпынку пры адасобленых азначэннях і прыдатках  Перабудуйце сказы, каб азначэнне не адасаблялася, а прыдатак выдзяляўся: “Кучаравыя, з доўгімі і густымі лапкамі, ганарліва выглядалі з бярэзніку ялінкі”, “Непадалёк ад лясных рэчак выводзіць свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак салавей”.  

Найбольшыя цяжкасці ў вучняў выклікае адасабленне азначэнняў і прыдаткаў. Ёсць шмат распрацаваных практыкаванняў па адасобленых членах сказа, але ў гэтых практыкаваннях у адно заданне ўключаны сказы на розныя пункты правіла. Калі на этапе актуалізацыі апорных ведаў разумею, што частка вучняў недастаткова валодае сінтаксічнымі паняццямі, то для гэтых вучняў арганізоўваю работу паэтапна.

Для больш усвядомленага разумення пэўнай тэмы прапаноўваю вучням  заданні, якія дазваляюць засвоіць правіла паступова, адрозніваць падобныя канструкцыі, бачыць дадатковае акалічнаснае значэнне прыдаткаў і азначэнняў. З гэтай мэтай я распрацавала практыкаванні па асобных пунктах правіла. Вучні могуць працаваць з тым матэрыялам, які патрабуе большай увагі. Такім чынам, матэрыял падаю часткамі і замацоўваю часткамі, што аблягчае яго ўспрыманне і садзейнічае асэнсаванаму запамінанню, фарміруе пунктуацыйныя навыкі.

Імкнуся да поўнага засваення вучнямі ўмоў адасаблення. Толькі тады прапаную ім практыкаванні, якія змяшчаюць сказы з рознымі ўмовамі выдзялення адасобленых членаў сказа. Для тых вучняў, якія вало­даюць пунктуацыйнымі ўменнямі па гэтай тэме, прапаную тэставыя заданні, а таксама практыкаванні творчага характару (дапісаць тэкст па дадзеным пачатку, ужываючы адасобленыя члены сказа). 

Канчаткова сфарміраваць навык і праверыць узро­вень яго засваення можна толькі пры выкананні практыкаванняў, дзе расстаноўка знакаў прыпынку з’яўляецца не мэтай, а ўмовай выканання работы. Для гэтага выкарыстоўваю практыкаванні па развіцці звязнага маўлення: сачыненні, замалёўкі, эсэ. Такі від заданняў шырока прадстаўлены ў вучэбным дапаможніку для 11 класа.

Прааналізаваўшы сваю работу і работу вучняў, прыйшла да высновы, што выбраныя метады і прыёмы, распрацаваныя практыкаванні дазваляюць эфектыўна ўзнаўляць і сістэматызаваць матэрыял, фарміраваць трывалыя пунктуацыйныя навыкі.

Ганна ЕЎХАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.