Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы № 14 Мазыра для развіцця інфармацыйнай культуры бацькоў выкарыстоўваюць розныя формы работы: бацькоўскія сходы, канферэнцыі, тэматычныя кансультацыі, гутаркі, лекцыі, сустрэчы ў рамках праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.
Пры правядзенні сходаў бацькі атрымліваюць інфармацыю па пытаннях бяспекі дзяцей у інтэрнэце, магчымых рызыках, звязаных з прапагандай наркотыкаў, суіцыдальных паводзін, рэкамендацыі па пераадоленні крызісных сітуацый. Мы гаворым пра неабходнасць ажыццяўлення кантролю за баўленнем часу навучэнцамі ў сетцы, пра ўсталяванне абмежаванняў выкарыстання інтэрнэту. Карыстаюцца папулярнасцю і тэматычныя кансультацыі. Яны дапамагаюць атрымаць інфармацыю пра ўзроставыя асаблівасці дзіцяці, спосабы зносін з ім, пра шляхі вырашэння праблемных сітуацый.
Працэс фарміравання інфармацыйнай культуры бацькоў ажыццяўляецца і ў межах праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Для бацькоў вучняў 1—4 класаў працуе сямейны клуб “Радасць выхавання”, 5—9 класаў — экспрэс-універсітэт псіхолага-педагагічных ведаў “Скрыжаванне”, 10—11 класаў — клуб “Дыялог” (https://www.school14.by/копия-родительский-клуб-радость-вос).
Для пабудовы эфектыўнай работы на пасяджэннях выкарыстоўваюцца метады актывізацыі бацькоў, якія накіраваны на ўзнікненне цікавасці, асацыяцый з уласным вопытам, жадання актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні. Цяпер папулярныя дыстанцыйныя формы навучання: стварэнне маршрутных лістоў для правядзення віртуальных заняткаў па розных тэмах. Мы распрацоўваем маршрутныя лісты са спасылкамі на крыніцы ў інтэрнэце. Па спасылках бацькі могуць атрымаць дакладную інфармацыю па тэме, а таксама прагледзець відэа, дапоўніць свае веды на форумах іншых спецыялістаў, на сайце ўстановы адукацыі.
З дапамогай класных кіраўнікоў спасылкі на маршрутныя лісты аператыўна размяшчаюцца ў розных месенджарах, Viber-групах бацькоў, сацыяльных сетках. Узаемадзеянне арганізуецца праз тэкставыя паведамленні, аўдыяпаведамленні, абмен фота і відэафайламі, аўдыя- і відэазванкамі. Такім чынам мы можам ахапіць большую колькасць бацькоў, сэканоміць іх час і атрымаць зваротную сувязь з дапамогай анкетавання праз Google-форму. Усё гэта спрыяе павышэнню псіхолага-педагагічнай адукаванасці бацькоў і развіццю інфармацыйнай культуры.
Маніторынг паказвае, што выбраныя формы работы сталі прымальнымі для бацькоў. Па выніках анкетавання выяўлена, што 75—90% бацькоў задаволены такімі формамі работы.
Наталля ЗАГАРОЎСКАЯ,
Таццяна ХАЙЛОВА,
Кацярына СЯМЁНАВА,
Юлія ЗЕЛІМАВА,
спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы сярэдняй школы № 14 Мазыра.