Фарміраванне грамадзянска–патрыятычных каштоўнасцей дзяцей у пазакласнай рабоце

Грамадзянскае выхаванне школьнікаў — складаны і шматгранны працэс, на яго аказвае ўплыў не толькі школа, але і сям’я, соцыум. У сувязі з гэтым вельмі важна ахапіць усіх навучэнцаў разнастайнымі калектыўнымі, групавымі і індывідуальнымі формамі выхаваўчай работы ў пазакласны час і арганізаваць гэта так, каб школа стала цэнтрам актыўнай выхаваўчай работы з вучнямі, спрыяла ўзбагачэнню іх вопытам грамадскіх паводзін.

Асноўнымі задачамі грамадзянскага выхавання школьнікаў у пазашкольнай і пазакласнай рабоце з’яўляюцца: выхаванне свядомага грамадзяніна-патрыёта; выхаванне працаўніка; выхаванне сем’яніна.

Ідэалагічная работа сярод вучняў — адна з галоўных функцый маёй дзейнасці як настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Задача — напоўніць ідэалагічную работу канкрэтным сучасным зместам.

Вучні нашай школы працуюць па праграме турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі “Наш край”. Мэтай праграмы з’яўляецца вывучэнне гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны; экалагічнай культуры ў вучняў, беражлівых адносін да жыцця і прыроды на зямлі; выхаванне павагі да гістарычнага мінулага нашай краіны, нацыянальных аб’ектаў і традыцый.

У межах гэтай праграмы мы арганізоўваем і праводзім экскурсіі па вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры роднага краю. З вучнямі пабывалі ў Хатыні, на комплексе “Лінія Сталіна”, у Нацыянальнай бібліятэцы.

Грамадзянска-патрыятычнае і ідэйна-
маральнае выхаванне засноўваецца на каштоўнасцях, нацыянальна-гістарычных традыцыях беларускага народа, яго по­дзвігах і гераізме ў барацьбе за незалежнасць Ра­дзімы. У рамках такой акцыі мы з вучаніцай Марыяй Жабенка прымалі ўдзел у конкурсе творчых работ “Сімвалы маёй краіны”, дзе на раённым узроўні атрымалі дыплом ІІІ ступені, а на ўзроўні абласнога конкурсу — дыплом ІІ ступені.

У межах пазаўрочнай дзейнасці вядзецца пошукавая работа па аднаўленні імёнаў невядомых абаронцаў Айчыны. Пры непасрэдным удзеле вучняў сабраны матэрыял “Перамога дзядоў і бацькоў — наша перамога”, які выкарыстала пры напісанні конкурснай творчай работы “Шчасце — жыць пад мірным небам” вучаніца Марыя Канановіч. Работа была ацэнена дыпломам ІІІ ступені ў рамках раённага конкурсу творчых работ па тэме “Вялікая Перамога ў нашай памяці”. Вельмі каштоўна тое, што дзяўчына прыводзіць яркія, запамінальныя факты з успамінаў свайго дзядулі — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, сведкі тых падзей.

Марыя робіць спробу асабістага ўсведамлення гэтай тэмы, што вельмі важна для яе грамадзянскага станаўлення, для фарміравання асобы.

Цікавую і прыгожую паштоўку падрыхтавалі вучні для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Пасланне ветэрану”. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з ветэранамі вайны, але ўжо, на вялікі жаль, толькі з ветэранамі афган­скай вайны.

Цікава праходзяць мерапрыемствы ў межах тыдня беларускай мовы і літаратуры: “Пагуляем у роднае слова”, “Каралеў­ства мовы і літаратуры”, гульня-спаборніцтва “Шчаслівы выпадак”.

Традыцыйным стаў удзе­л вучняў школы ў раённых і школьных конкурсах чытальнікаў вершаў. Захар Абрагімовіч заваяваў дыплом І ступені за баладу А.Куляшова “Балада аб чатырох заложніках”, Мілана Чухлей — дыплом ІІ ступені за верш, прысвечаны Беларусі.

Кожны год вучні школы прымаюць удзел у конкурсе “Буслік”, у якім можна праверыць сябе на веданне роднай мовы і літаратуры. І кожны год многія вучні становяцца прызёрамі гэтага конкурсу, заваёўваюць узна­гароды.

У рамках пазакласнай работы школьнікі ўдзельніча­юць у творчых конкурсах, дзе ўзнагароджваюцца дыпломамі рознай вартасці: эсэ Валерыі Жабенка “Па дарозе да Коласавай зямлі” атрымала дыплом ІІІ ступені; творчая работа “Маё прозвішча — лепшае ў свеце” Алёны Абрамовіч — дыплом ІІІ ступені.

Штогод праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейным датам беларускіх пісьменнікаў: Янку Купалу і Якубу Коласу, Ф.Скарыне, А.Куляшову, Кандрату Крапіве…

Адным з кірункаў ідэйна-выхаваўчай работы ў школе з’яўляецца фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў. Гэта адбываецца праз арганізацыю і правядзенне інсцэніровак народных свят. Яны аб’ядноўваюць вучняў, нагадваюць нам аб агульных каранях, традыцыях, ідэалах, унутранай роднасці. Правядзенне падобных свят у школе дапамагае фарміраваць духоўна багатую, творчую асобу; выхоўваць ідэйна-маральныя якасці, актыўную грамадзянскую пазіцыю вучняў.

Працэс падрыхтоўкі да свята, непасрэдны ўдзел у ім прыносяць дзецям неверагоднае задавальненне. Кожны з іх раскрываецца па-свойму. На некаторых дзяцей я гляджу зусім іншымі вачыма, бо толькі непасрэдныя, шчырыя адносіны дапамагаюць дзецям цалкам, па-сапраўднаму раскрыцца.

Мэта інфармацыйна-прапагандысцкай работы — фарміраванне пачуцця павагі да сваёй краіны, да свайго народа. Здаецца, 30 мінут — гэта не так многа, але калі весці работу ў сістэме, то паступова, прыступачка за прыступачкай, мы падымемся на вяршыню ідэалагічнай дасканаласці асобы кожнага вучня.

Выхоўваць чалавека лепш за ўсё на прыкладзе вядомых людзей. Так, мы правялі сустрэчу з былым вучнем школы — Іванам Сяргеевічам Скакуноўскім — уладальнікам крапавага берэта, які падзяліўся з вучнямі асноўнымі прынцыпамі дасягнення жаданай мэты, а таксама адзначыў, што пачуццё грамадзянскага абавязку павінна быць у кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Пры правядзенні інфармацыйнай га­дзіны важна не столькі ўдзяліць увагу звесткам пра тыя ці іншыя падзеі, колькі абу­дзіць да іх цікавасць, прымусіць задумацца над важнымі падзеямі і ўчынкамі, якія бу­дуць са­дзейнічаць выпрацоўцы грамадзянскай пазіцыі.

Выхаванне любові і павагі да сваёй ра­дзімы, свайго народа, да яго гістарычнага вопыту — найважнейшая задача настаўніка беларускай мовы і літаратуры на сённяшні дзень. Менавіта настаўнік-філолаг павінен вучыць дзяцей любіць і пава­жаць сваю краіну такой, якая яна ёсць: з яе перамогамі і няўдачамі, бо дух народа — гэта тое, што не дае нацыі загінуць у час вялікіх узрушэнняў. З іншага боку, пазакласная работа па прадмеце садзейнічае павышэнню матывацыі да вучэбнай дзейнасці і якасці ведаў вучняў, асабліва тады, калі ў творчых конкурсах навучэнцы дабіваюцца высокіх вынікаў.

Да любога ўрока, мерапрыемства неабходна рыхтавацца старанна і грунтоўна; вызначаць адзін-два прыярытэтныя кірункі ў рабоце. Гэта дапамагае сканцэнтравацца на галоўным, самым важным. Падбіраць формы работы неабходна з улікам псіхалагічнай характарыстыкі класа, узроставых асаблівасцей дзяцей, іх культурнага ўзроўню, узроўню іх агульнага развіцця на момант правядзення мерапрыемства; неабходна старанна адбіраць наглядны матэрыял да кожнага ўрока і мерапрыемства, прадумваць мэты, падбіраць абсталяванне. Істотнае значэнне мае прыцягненне да гэтай работы саміх вучняў; катэгарычных меркаванняў настаўнік павінен пазбягаць, пакідаючы месца для самастойнай дзейнасці навучэнцаў.

Неабходна помніць, што будучыня нашай дзяржавы сёння ў нашых руках, а заўтра — у руках падрастаючага пакалення. Мэтанакіраванае далучэнне старэйшых падлеткаў да гісторыі і сучаснасці, роднай мовы і літаратуры, фальклору і культуры ўвогуле не толькі будзе садзейнічаць глыбокаму разуменню школьнікамі ідэйна-мастацкага зместу праграмных твораў, біяграфій пісьменнікаў, значэння роднай мовы, але і дапаможа спазнаць родны край, яго мінулае і сучаснасць, усвядоміць сябе паўнапраўнымі беларусамі, заняць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Ірына МЫШКАВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лысіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна.