Эўрыстычны патэнцыял завочных экскурсій

У кожнага педагога ёсць такія формы арганізацыі педагагічнай дзейнасці, якім ён аддае перавагу. Працуючы выхавальнікам групы прадоўжанага дня, даволі часта пры планаванні сваёй работы выкарыстоўваю такую форму, як завочная (віртуальная) экскурсія, якая мае вялікія дыдактычныя і эўрыстычныя магчымасці.

У адрозненне ад звычайных экс­курсій, падчас якіх навучэнцы ўспрымаюць і засвойваюць веды шляхам выхаду да месца размяшчэння вывучаемых аб’ектаў (прыро­ды, гістарычных помнікаў) і непасрэднага азнаямлення з імі ў натуральнай абстаноўцы, завочныя экскурсіі даюць магчымасць даследавання якога-небудзь аб’екта, з’я­вы, галіны ведаў, пабудаванага на ўяўным перамяшчэнні дзяцей у часе і прасторы.

Завочныя экскурсіі маюць вялікія дыдактычныя (навучальныя) магчымасці. У ходзе такіх экс­курсій адбываюцца пашырэнне і замацаванне тэарэтычных ведаў пра прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, якія суст­ракаюцца не толькі на тэрыторыі роднага краю, але і па ўсёй Беларусі і ў любым іншым кутку нашай планеты. Засваенне ведаў пра прыроду падчас завочных экскурсій дае магчымасць фарміраваць у маіх выхаванцаў цікавасць і дапытлівасць, назіральнасць і ўважлівасць, пазнавальную актыўнасць і самастойнасць, беражлівыя адносіны да навакольнага прыроднага асяроддзя.

Эўрыстычныя магчымасці завочных экскурсій таксама разнастайныя. Эўрыстычнае навучанне дзіцяці — гэта бесперапыннае адкрыццё новага. У ходзе падрыхтоўкі да завочнай экскурсіі дзецям даецца магчымасць самастойна шукаць па­трэб­ны матэрыял, фармуляваць па ім пытанні, адаптаваць яго для слухачоў, а не атрымліваць гатовыя веды пра які-небудзь аб’ект або з’яву. Усё гэта патрабуе ад дзяцей большай самастойнасці ў падрыхтоўцы і актыўнасці.

У працэсе падрыхтоўкі да завочнай экскурсіі перыядычна прапаную дзецям самім выбраць маршрут падарожжа, раю, дзе можна падабраць пазнавальны матэрыял па пэўным пытанні. Можна сумесна з дзецьмі вызначыць форму дэманстрацыі падрыхтаванага матэрыялу, прыдумаць і распрацаваць заданні і конкурсы, якія раскрываюць тэму выбранай завочнай экскурсіі. Рыхтуючыся да яе, дзеці больш працуюць са слоўнікамі, энцыклапедыямі і іншай навукова-пазнавальнай літаратурай, вучацца здабываць неабходную інфармацыю ў сетцы інтэрнэт. Каб палегчыць уваходжанне дзіцяці ў свет інфармацыі, ведаў, кніг, у ходзе завочных экскурсій выкарыстоўваю гульні, элементы займальнасці, незвычайнае афармленне, займальны сюжэт, навізну і незвычайнасць інфармацыі — усё тое, што прыцягвае ўвагу дзяцей.

У змест такіх экскурсій з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў уключаю загадзя падрыхтаваныя прэзентацыі, відэаролікі, разнастайны наглядны матэрыял. У школе забяспечана магчымасць выхаду ў сетку інтэрнэт у час заняткаў, што дазваляе шырока выкарыстоўваць відэаматэрыялы, выявы рэальных аб’ектаў, музейных экспанатаў.

Адной з найбольш распаўсю­джаных форм правядзення завочных экскурсій з’яўляюцца заняткі-падарожжы або гульні-падарожжы. Гульні-падарожжы адрозніваюцца ад конкурсаў і спаборніцтваў тым, што ўяўляюць сабой паслядоўнае азнаямленне з пэўнай тэмай. Іх адрознівае і адсутнасць спаборнасці, хоць некаторыя заданні конкурснага характару могуць выкарыстоўвацца. Пры падборы тэмы гульні-падарожжа стараюся ўлічваць наступнае па­трабаванне: тэма павінна быць блізкая дзецям, адпавядаць іх патрэ­бам, інтарэсам, захапленням і запытам. У гэтым выпадку дзейнасць дзяцей набы­вае для іх асобасны сэнс, стано­віцца асобасна значнай. Тэма­тыка праведзеных мной заняткаў-падарожжаў разнастайная: “Міжпланетнае падарожжа”, “Падарожжа па школьнай краіне”, “Па вуліцах роднага горада”, “Падарожжа па карце Беларусі”, “Падарожжа ў восеньскі лес”, “Падарожжа ў нябачны свет мікробаў”, віртуальнае падарожжа па запаведніках “Зямля — наш агульны дом” і інш.

Завочныя экскурсіі, якія право­дзяцца ў форме гульні-падарожжа, развіваюць творчасць, фантазію дзяцей. Мала знайсці патрэбны пазнавальны матэрыял, неабходна яшчэ прыдумаць форму яго прэзентацыі слухачам: у выглядзе казкі, сцэнкі, даклада, гутаркі. У гульнях-падарожжах вялікая разнастайнасць роляў, што немалаважна для задавальнення патрэбы дзяцей у актыўнай дзейнасці. Працэс пазнання падчас такіх заняткаў адбываецца ў азартнай форме і нязмушанай абстаноўцы, што так падабаецца дзецям. У такой сітуацыі вучань непрыметна для самога сябе, без асаблівых намаганняў, авалодвае вельмі важнымі ўменнямі. Малодшыя школьнікі вучацца працаваць у групе (дамаўляцца, ставіць агульныя задачы, размяр­коўваць ролі, сумесна дзейнічаць, канцэнтраваць агульныя намаганні), працаваць з кнігай (ставіць пытанні, шукаць адказы, знаходзіць патрэбную інфармацыю, вылучаць галоўнае, істотнае, арыентавацца ў кніжным свеце).

Завочныя (віртуальныя) экскурсіі, якія праводзяцца ў форме заняткаў-падарожжа, з’яўляюцца найбольш эфектыўным спосабам стварэння ў групе прадоўжанага дня атмасферы агульнай захопленасці, інтэлектуальнага пошуку, спрыяльнага псіхалагічнага клімату, а таксама добрым спосабам зрабіць пазнанне навакольнага свету цікавым,  займальным працэсам.

Наталля ЮРЫНА,
выхавальнік групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 7 Смаргоні.