Эстэтычны агарод

В.А.Сухамлінскі пісаў: “Чалавек стаў чалавекам таму, што ўбачыў глыбіню блакітнага неба, мігаценне зорак, ружовы разліў вячэрняга зарыва, празрыстую дымку стэпавых прастораў, жураўліны клін у блакітным небе… Убачыў і здзіўлена пайшоў па зямлі, ствараючы новую прыгажосць. Спыніся і ты ў здзіўленні перад прыгажосцю — і ў тваім сэрцы расквітнее высакароднасць”. Словы гэтага выдатнага педагога сталі арыенцірам у рабоце нашага педагагічнага і вучнёўскага калектыву. Задача ўстановы адукацыі — дапамагчы навучэнцам убачыць бесперапынную сувязь паміж чалавекам і навакольным светам, навучыць дзяцей жыць у гармоніі з прыродай, шанаваць і тварыць прыгожае вакол сябе.

Як жа вырашыць гэтыя высакародныя задачы? У нашай установе адукацыі гэта робіцца шляхам пераходу ад традыцыйных метадаў і форм выкарыстання тэрыторыі ўстановы адукацыі да інавацыйнага працэсу стварэння вучэбна-доследнай пляцоўкі. У школе рэалізоўваецца праект “Планета дзяцінства майго”. Ён уключае падпраекты “Дыханне даўніны глыбокай”, “Фітанцыдная алея здароўя”, “Сонечная галактыка”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Бабулін падворак”, “Эстэтычны агарод”, “Сад у цені”.

Падпраект “Дыханне даўніны глыбокай” прадстаўлены малымі архітэктурнымі формамі ў стылі старадаўніх еўрапейскіх замкаў, якія ствараюцца на ўроках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам настаўніка Анатоля Антонавіча Калечыца. Каб ажывіць замкавыя кампазіцыі, удыхнуць у іх казачнасць і таямнічасць, вакол высаджваюцца кветкава-дэкаратыўныя расліны. Так малыя архітэктурныя формы ператвараюцца ў казачна прыгожыя альпійскія горкі. З самай ранняй вясны назіраецца пышнасць фарбаў. Першымі зацвітаюць галантусы і крокусы, потым усе захапляюцца блакітнымі кветкамі пралескі, эстафету прымаюць цюльпаны розных гатункаў, барвенак, анемоны, дыцэнтра, незабудка, сярод кветак эфектна выглядае лісце хосты, самшыта, ядлоўцу. У чэрвені квітнеюць касачы, званочкі. Да самай восені радуюць нас лабелія, віёла, петунія і цынія, апошнімі распускаюцца кветкі расходніку віднага. Кожны клас даглядае сваю горку, дзеці імкнуцца стварыць непаўторныя шэдэўры. У гэтым годзе найлепшая клумба — у вучняў 8 класа. Разам з класным кіраўніком Валянцінай Мікалаеўнай Курак яны стварылі “Кветкавую феерыю”.

Падпраект “Фітанцыдная алея здароўя” прадстаўлены горкай з лекавымі травамі, алеямі шыпшыны і хвойных дрэў. Сюды прыходзяць па добры настрой, умацаванне імунітэту. Тут праводзяцца акцыі “Птушкі на кармушцы”, “Сустракаем птушак”.

Падпраект “Кветкавы серпанцін” створаны пачатковай школай. Тут малодшыя школьнікі вучацца даглядаць кветкі.

А пра “Бабулін падворак” асобная гісторыя. Навучэнцы 10 класа разам з класным кіраўніком Ганнай Ягораўнай Бокаравай ствараюць яго з тых культур, якія вырошчвалі на данілавіцкай зямлі з даўніх часоў.

Асобны кірунак установы адукацыі — падпраект “Эстэтычны агарод”. Так дзеці назвалі вучэбна-доследны ўчастак. Удзельнічаючы ў рэалізацыі падпраекта, дзеці вучацца прыгожа афармляць градкі, знаёмяцца з новымі відамі раслін, авалодваюць навыкамі вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур, набываюць вопыт вядзення агратэхнічных работ. На вучэбна-доследным участку вырошчваецца 112 відаў раслін (усяго ў школе вырошчваецца 275 відаў).

Было вырашана, што на нашым агародзе не будзе сумных градак, мы будзем “маляваць карцінкі” звычайнымі сельскагаспадарчымі культурамі, афармляць тэматычныя куткі з раслін. Тут у нас ёсць бардзюр з цыбульных раслін, садок лекавых раслін, куток раслін розных сямействаў, цуда-матылёк з глебапокрыўных раслін, высаджаны рэдкія віды агароднінных раслін. У рамках падпраекта “Эстэтычны агарод” праводзіцца навукова-даследчая работа.У 2014 і 2015 гадах на ўчастку ўстановы адукацыі выпрабоўваўся новы прэпарат — “Нанаплант” (распрацоўка НАН Беларусі). Навучэнцы нашай школы Юлія Таран і Віялета Вотчал прадстаўлялі праект “Уплыў прэпаратаў новага пакалення на ўраджай радыскі” на конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці і конкурсе навуковых эколага-біялагічных работ.

У галіне вывучэння біяразнастайнасці заслугоўвае ўвагі праект нашай установы “Захаваем чарамшу разам!”. Від цыбуля мядзведжая, або чарамша (Allium ursinum), — рэдкая ахоўная расліна. Была выяўлена юнымі эколагамі за 500 метраў на паўднёвы захад ад вёскі Александрова Дабрынёўскага сельскага Савета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Складзены бланк апісання віду. Падрыхтаваны лістоўкі і буклеты аб забароне збору чарамшы ў лесе. На вучэбна-доследным участку ўстановы адукацыі вырошчваецца акультураная форма чарамшы. Цыбуліны распаўсюджваюцца сярод мясцовага насельніцтва. Школьнікі разумеюць значнасць сваёй працы. Дзякуючы ўдзелу ў праекце, атрымліваецца захаваць каштоўны від.

Працуючы на зямлі, дзеці ўкараняюць самыя розныя ідэі. Ёсць у нас і “Вертыкальны пахучы агарод”, дзе вырошчваюцца пахучыя травы для школьнай сталовай. Кухары ацанілі новаўвядзенн. Вертыкальнымі градкамі карыстацца вельмі зручна, бо ўсё добра бачна.

А з якім задавальненнем праводзяць даследаванні малодшыя школьнікі! Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Наталлі Мікалаеўны Карабко, Галіны Аляксандраўны Кулажанка, Таццяны Антонаўны Пазняк апрабоўваюцца розныя метады вырошчвання раслін на ўчастку. Дзеці з захапленнем прышчэпліваюць агуркі на кабачкі, петуніі на бульбу, кавуны на гарбузы.

Ва ўстанове адукацыі функцыянуе школьная цяпліца. У цяпліцы пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы Алены Мікалаеўны Валадзько можна шмат чаму навучыцца: пасынкаваць памідоры, вырошчваць агуркі, сеяць кавуны. А можна проста палюбавацца дружным ураджаем памідораў, агуркоў, перцаў, кавуноў.

Вырашчаная на ўчастку прадукцыя пастаўляецца ў школьную сталовую. Ва ўстанове адукацыі створаны школьны фітабар. Традыцыйныя лекавыя расліны — шыпшына, глог, чабор, суніца, ліпа — карысныя для ўмацавання імунітэту. Фітабар працуе ў школе па суботах. За гарбатай, да якой падаюць варэнне з парэчкі і маліны, таксама вырашчаных на школьным участку, добра распрацоўваць новыя ідэі. А ідэі ўзнікаюць дзякуючы скаардынаванай рабоце адміністрацыі і педагогаў, і ў першую чаргу дырэктара школы Веры Антонаўны Ланевіч, намесніка дырэктара Ганны Алегаўны Фунт. Вялікую дапамогу аказваюць нам і спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Галіна Іванаўна Южык і дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтра Дзяржынскага раёна Ала Кузьмінічна Хаменка.

Навучэнцы ўстановы адукацыі прымаюць актыўны ўдзел у стварэнні і рэалізацыі сацыяльных праектаў. Заслугоўвае ўвагі праект “Квітней, вёсачка родная!”. У рамках гэтага праекта навучэнцы займаюцца добраўпарадкаваннем парку аграгарадка Данілавічы. Гледзячы на прыгожыя клумбы, разнастайнасць колераў, падключыліся і мясцовыя жыхары. У выніку значна палепшыўся выгляд тэрыторыі каля дамоў. Кіруе работай па добраўпарадкаванні старшыня Дабрынёўскага выканаўчага камітэта Міхаіл Васільевіч Курак.

Удзел у праектнай дзейнасці садзейнічае асобаснаму развіццю дзяцей праз іх уключэнне ў сацыяльна значную і сацыяльна карысную дзейнасць. Дзякуючы праекту, вучні навучыліся ствараць малыя архітэктурныя формы, пазнаёміліся з разнастайнасцю раслін, спосабамі іх вырошчвання, вывучылі асновы ландшафтнага праектавання і азелянення. А самае галоўнае, дзеці навучыліся бачыць прыгожае вакол сябе. І не толькі бачыць, але і ствараць сваімі рукамі. Летам да нас на градкі прыляцеў бусел. Ён велічна хадзіў паміж зеляніны. Захапляючыся гэтай прыгажосцю, міжволі думаеш пра тое, што асоба нашых навучэнцаў фарміруецца ў гармоніі. Яны навучыліся ствараць і падтрымліваць эстэтыку навакольнага асяроддзя.

Святлана ПАТАПЧЫК,
настаўніца хіміі і біялогіі
Данілавіцкага ясляў сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна.