Экалогія для дашкалят

Навучыць бачыць і адчуваць прыгажосць роднай прыроды, захапляцца ёю, беражліва ставіцца да ўсяго жывога, выхоўваць жаданне ў дзяцей захаваць яе — адна з прыярытэтных задач экалагічнай работы ў яслях-садзе № 48 Гомеля.

Чым раней пачынаецца фарміраванне асноў экалагічнай культуры, тым вышэйшы яе ўзровень у далейшым. Раскрыць перад дзецьмі непаўторнае хараство прыроды беларускага краю, а галоўнае, навучыць убачыць яе — справа складаная. І для гэтага мы, дарослыя, павінны ўмець самі жыць у гармоніі з прыродай і паказваць уласным станоўчым прыкладам нашым дзецям сваё стаўленне да навакольнага свету. На працягу многіх гадоў дашкольная ўстанова займалася экалагічным выхаваннем дзяцей і актыўна працавала ў гэтым напрамку. Сёння наша задача — захаваць і прымножыць увесь назапашаны вопыт.

У сувязі з гэтым у нашай дашкольнай установе прайшла акцыя пад назвай “Падорым саду кветкі”, якая ўключала шэраг мерапрыемстваў. Дзеці сумесна з бацькамі наведалі заалагічную выставу біялагічнага факультэта “Жывёльны свет Беларусі” на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Намеснік дэкана старшы выкладчык кафедры заалогіі, фізіялогіі і генетыкі Таццяна Уладзіміраўна Азяўчыкава змагла не толькі займальным расповедам зацікавіць малых, але і перадаць узровень экалагічных ведаў бацькам, падкрэсліўшы важнасць экалагічнага выхавання іх дзяцей. Таксама мы былі запрошаныя на выставу фларыстычных работ студэнтаў 4 курса, створаных у рамках лабараторных работ па спецкурсе “Асновы ландшафтнага дызайну”, на якой змаглі атрымаць асалоду ад выдатных кветкавых кампазіцый. Не толькі дзеці, але і дарослыя з захапленнем разглядалі кожную творчую работу, тым самым атрымліваючы масу станоўчых эмоцый і ўражанняў.

На гэтым знаёмства з біялагічным факультэтам не скончылася. Нашу дашкольную ўстанову наведалі студэнты на чале з асістэнтам кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Святланай Жадзько, якія правялі майстар-клас для нашых выхаванцаў на тэму “Пасадзі кветку”. Дзеці змаглі не толькі назіраць за працоўнай дзейнасцю дарослых, але і самі дакрануцца да таямніц расліннага свету. Затаіўшы дыханне яны слухалі сваіх старэйшых таварышаў, назіраючы і запамінаючы кожнае іх дзеянне. А затым і самі з радасцю і вялікай цікавасцю прымалі актыўны ўдзел у пасадцы кветак. Студэнты, праявіўшы ініцыятыву, сумесна з дзецьмі зрабілі памятныя сувеніры ў выглядзе сэрцайкаў і ў знак узаемнай любові да прыроды развесілі іх на дрэвах.
Дзяцей неабходна прывучаць глядзець на навакольны свет добрымі вачыма і з адкрытым сэрцам, тады можна будзе спадзявацца, што ні адзін выпускнік дзіцячага сада не разбурыць мурашнік, гняздо птушкі, не зламае галінку дрэва. Мы імкнёмся данесці да нашых падапечных любоў да ўсяго жывога на зямлі, і менавіта супрацоўніцтва з факультэтам біялогіі спрыяе зараджэнню гэтых маленькіх парасткаў.

Святлана НАРСКІНА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 48 Гомеля.