Экалагічныя памочнікі

Важным кірункам дзейнасці сярэдняй школы № 8 Гродна з’яўляецца экалагічнае выхаванне, звязанае з місіяй шэфства над батанічным садам у гарадскім парку Жылібера. Дзякуючы гэтай дзейнасці, пашыраюцца ўяўленні вучняў пра ўзаемадзеянне чалавека і прыроды, узаемасувязь з’яў у навакольным свеце, выпрацоўваецца культура паводзін у прыродным асяроддзі і выхоўваюцца эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны да яго.

245 гадоў прайшло з моманту закладкі ў Гродне батанічнага саду вядомым французскім навукоўцам Жыліберам. На гэтым месцы зараз знаходзіцца гарадскі парк. Яго можна лічыць і лабараторыяй пад адкрытым небам, і своеасаблівым музеем раслін.

Жан Эмануэль Жылібер прыехаў у Гродна па просьбе Антонія Тызенгаўза ў 1775 годзе. Да гэтага ён жыў і працаваў у Ліёне. Каб крыху адпачыць ад медычных спраў, ён збіраў гербарыі, вывучаў  мясцовую флору. 8 красавіка 1775 года частка рэдкіх раслін з Ліёна была пасаджана ў батанічным садзе і паспяхова прыжылася на гродзенскай зямлі. Праз два гады пасля закладкі саду тут ужо расло 1200 відаў экзатычных раслін, а яшчэ праз год раслін налічвалася каля 2000 відаў.

На жаль, Жыліберу прыйшлося пакінуць горад. З цягам часу парк быў закінуты. Але дзякуючы працы з архівамі, удалося даведацца пра тыя расліны, якія раней упрыгожвалі батанічны сад. У 2011 годзе новы пачатак саду паклалі маньчжурскі арэх, барбарыс, свідзіна, чаромха, ядловец. Гэта толькі частка парод з калекцыі Жылібера. Даведацца аб ёй складана, практычна ўсе расліны былі вывезены ў Вільню. У Кіеве знахо­дзіцца гербарый саду, але ён пакуль мала вывучаны. Дакладна вядома толькі месца, дзе знаходзіўся парк. Сёння гэта гарадскі парк у Гродне, названы ў гонар французскага навукоўца. Тут і вырашылі адраджаць сад, дзе былі пасаджаны першыя 30 дрэў.

Хітом новага саду павінна была стаць расліна жыліберцыя. Планавалася, што менавіта з гэтай расліны пачнецца новая старонка ў гісторыі старога парку. Яна названа ў гонар французскага батаніка і адкрыта іспанцамі падчас экспедыцыі па Чылі і Перу яшчэ ў XVIII стагоддзі. Але сам Жылібер яе так і не ўбачыў, рэдкая яна і сёння. Неабыякавая да лёсу саду Наталля Рыгораўна Канюк, вядомы гродзенскі гісторык і краязнавец, змагла адшукаць жыліберцыю толькі ў Англіі, адкуль і прыбыла трапічная расліна. Але ўмовы звычайнай гарадской кватэры былі далёкія ад мікраклімату аранжарэі, у якой вырошчвалася жыліберцыя.

Сёння ў парку каля 200 розных раслін, якім патрэбны пастаянны догляд і кантроль. Такая місія была даручана сярэдняй школе № 8 горада. Вучні школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі падтрымліваюць камфортнае прарастанне высаджаных раслін, а таксама ацэньваюць іх жыцця­дзейнасць. Школьнікі актыўна далучаюцца да акцыі “Чысціня і прыгажосць у батанічным садзе”, падчас якой абкоп­ваюць дрэўцы, прыводзяць у парадак кусты, прыбіраюць смецце, галінкі, сухую траву, паліваюць расліны. У батанічным садзе прахо­дзяць урокі біялогіі для старшых класаў і прадмета “Чалавек і свет” для малодшых школьнікаў. Вучням цікава знаёміцца з новымі відамі кустоў і дрэў, самім рыхта­ваць інфармацыю пра рэдкія віды. Настаўнікі біялогіі не толькі право­дзяць жывыя экскурсіі ў садзе, але і запрашаюць на завочныя падарожжы ў іншыя батанічныя сады, у якіх сустракаюцца расліны з гродзенскага саду. Батанічны сад вабіць вучняў падчас фотаконкурсу “Свет вакол нас”. Вучням неабходна зрабіць фотаздымак менавіта ў садзе і падпі­саць яго. Подпіс павінен мець экалагічную накіранавасць (“Беражы свой край”, “Лёс саду ў маіх руках”, “Дапамагай прыродзе”, “Я — першы памочнік саду” і інш.).

На ўлонні прыроды настаўнікі школы разам з вучнямі праводзяць экалагічныя і пазнавальныя гульні, турніры, віктарыны, марафоны, якія развіваюць экалагічную этыку вучняў, павышаюць іх адказ­насць у адносінах з прыродай, садзейнічаюць эстэтычнаму, маральнаму, патрыятычнаму сталенню. Такая форма правядзення мерапрыемстваў вельмі падабаецца школьнікам, бо адбываецца непасрэднае ўзаемадзеянне з прыродай, жывы кантакт з садам.

Сярэдняя школа № 8 Гродна ганарыцца даручанай ёй місіяй.

Святлана ПАЎШОК,
настаўніца бiялогii сярэдняй школы № 8 Гродна.