Эфектыўныя прыёмы работы з тэкстам

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што сучасны чалавек павінен свабодна валодаць мовай, быць здольным мець зносіны з рознымі людзьмі ў розных сітуацыях, адчуваючы сябе пры гэтым камфортна і ўпэўнена. Па словах вядомага лінгвіста і псіхолага А.А.Ляонцьева, для паўнацэнных зносін чалавеку неабходна хутка і правільна арыентавацца ў іх умовах, умець планаваць сваё маўленне, выбіраць змест, знаходзіць адэкватныя сродкі выказвання думак і наладжваць зваротную сувязь. 

Невысокі ўзровень культуры маўлення сучасных школьнікаў не дазваляе ім належным чынам прааналізаваць тэкставую інфармацыю, стварыць якаснае ўласнае выказванне і прымяніць вынікі інтэлектуальнай дзейнасці на практыцы. Праблема культурных зносін моладзі — адна з самых актуальных не толькі ў адукацыйным працэсе, але і ў сацыялізацыі дзяцей. Камунікацыйная кампетэнтнасць адыгрывае важную ролю ў прафесійнай падрыхтоўцы і працоўнай дзейнасці. Без добрых навыкаў вуснага і пісьмовага маўлення нельга стаць паспяховай асобай.  

Працуючы ў 5—7 класах, звярнула ўвагу на нізкія навыкі чытання і развіцця маўлення вучняў, якія не заўсёды маглі аргументаваць сваю пазіцыю, зрабіць абагульненыя высновы і нават нязмушана размаўляць адно з адным. Даволі часта дзеці імкнуліся замяніць культурнае маўленне стандартнай мімікай і жэстамі — прымітыўнымі невербальнымі спосабамі зносін. Пэўныя цяжкасці выклікала стварэнне самастойных звязных і абагульненых вусных і пісьмовых выказванняў. Вучні дапускалі вялікую колькасць маўленчых, арфаграфічных і пунктуацыйных памылак. 

Тэкст — універсальны сродак навучання. Дзякуючы яму можна сфарміраваць уменні звязна выкладаць думкі ў вусным і пісьмовым выглядзе, аналізаваць і ўдасканальваць напісанае, аргументавана выказваць меркаванні ў дыскусіі, быць пераканаўчым і развіваць маўленча-мысліцельную дзейнасць увогуле. Акрамя таго, работа з тэкстам дапамагае раскрыць творчы патэнцыял, папоўніць слоўнікавы запас.

Тэкст — асноўны кампанент падручніка рускай мовы. Менавіта праз яго рэалізуюцца камунікатыўная, адукацыйная, развіццёвая і выхаваўчая мэты навучання ў комплексе. Мэта работы з тэкстам на ўроках рускай мовы — спасціжэнне заканамернасцей яго пабудовы, знаёмства са стылістычнымі, фанетычнымі, марфалагічнымі, сінтаксічнымі і арфаграфічнымі рэсурсамі мовы.

Вядомы мысліцель М.М.Бахцін сцвярджаў: “Дзе няма тэксту, там няма аб’екта для даследавання і мыслення”. Тэксты акружаюць нас паўсюль: рэклама, даклад на сходзе, артыкулы ў газеце і інтэрнэце, SMS-паведамленні, заява аб прыёме на работу, школьнае сачыненне і інш.

Вялікую ўвагу ўдзяляю комплекснай рабоце з тэкстамі і іх адбору. Яны павінны быць цікавымі з пункта гледжання арфаграфіі, стылістыкі, тыпу маўлення, лексікі, сінтаксісу. Гэтым крытэрыям адпавядаюць творы А.С.Пушкіна, І.С.Тургенева, І.А.Буніна, К.Г.Паустоўскага, М.М.Прышвіна і іншых аўтараў.  

Калі гаварыць пра змест тэкстаў, то мэтазгодна аналізаваць тэксты пра мову і беражлівыя адносіны да слова. Асаблівую ролю ў выхаванні школьнікаў адыгрываюць тэксты, накіраваныя на духоўна-маральнае развіццё асобы: пра культуру памяці, паважлівыя адносіны да мінулага, сучаснасці і будучыні, нацыянальныя традыцыі, экалагічныя праблемы і інш. Павышанай увагі патрабуюць эмацыянальнае гучанне тэксту, перадача аўтарскага настрою. 

Каб дабіцца асэнсаванага ўспрымання тэксту, трэба разам з дзецьмі абмяркоўваць прачытанае. Вельмі добра, калі асабістае ўспрыманне вучняў супадзе з аўтарскай задумай, увасобленай у лексічных, сінтаксічных і стылістычных заканамернасцях тэксту. Так, вывучаючы ў 6 класе тэму “Разрады прыметнікаў”, праводжу дыктоўку па карціне С.В.Герасімава “Лёд прайшоў”. Спачатку знаёмлю з аўтарам, затым прапаную ўважліва разгледзець рэпрадукцыю, падабраць прыметнікі да назоўнікаў, запісаных на дошцы, праслухаць тэкст і самастойна прыдумаць прыметнікі да назоўнікаў: “Когда смотришь на картину “Лед прошел”, чувствуешь дыхание ветра. Широко разлились воды. Они покрыли подножье рощицы. Березы тянут свои ветки к небу. Голубеют воды. Трепетно дрожат на их поверхности отражения деревьев. Эта картина является одним из самых совершенных произведений С.В.Герасимова”. Потым прапаную яшчэ раз паглядзець на карціну і пры запісванні сказаў падставіць да выпісаных назоўнікаў прыметнікі, якія падыходзяць па сэнсе, дапасуючы іх да назоўнікаў. Пасля гэтага вучні зачытваюць атрыманы тэкст. 

Даволі цікавым прыёмам работы з’яўляецца рэканструкцыя тэксту. Так, прыём “Пісьмо з дзіркамі” падыходзіць для праверкі засвоеных ведаў, работы з параграфам, пры вывучэнні новага матэрыялу.   

Прыём “Правільныя — няправільныя сцвярджэнні” можа не толькі стаць нетрадыцыйным пачаткам заняткаў, але і дапамагчы ўдумлівай рабоце з тэкстам, крытычнаму ўспрыманню інфармацыі, фармулёўцы высноў пра яе дакладнасць і каштоўнасць. Прапаную вучням сцвярджэнні, з якімі яны працуюць двойчы: да чытання тэксту параграфа падручніка і пасля знаёмства з ім. Атрыманыя вынікі абмяркоўваюцца. 

Пры выкарыстанні прыёму “Кругі на вадзе” запісваецца назва моўнай з’явы па вертыкалі і падбіраюцца ў адпаведнасці з заданнем сінтаксічныя адзінкі з мастацкага твора, які абмяркоўваецца на ўроках літаратуры.

Развіваць творчыя здольнасці дапамагаюць дыдактычныя гульні: “Дыктар” (прачытаць тэкст арфаэпічна правільна), “Рэдактар” (знайсці ў жартоўным вершы вядомага лінгвіста Б.Ю.Нормана назоўнікі, дзе дапушчана памылка ў іх родавай прыналежнасці, запісаць іх правільна разам з прыметнікамі ці займеннікамі, вызначыць род), “Перакладчык” (замяніць іншамоўнае слова рускім), “Перакрутышы” (замяніць у словазлучэнні галоўнае слова так, каб атрымалася метафара).

Усё гэта дазваляе паспяхова вырашаць розныя маўленчыя задачы: вучыць бачыць, чуць і адчуваць тэкст, паляпшаць маўленчую памяць дзяцей, абагачаць слоўнікавы запас, прадукцыйна засвойваць вучэбны матэрыял, прывіваць эстэтычны густ, фарміраваць уласнае меркаванне, выказваць яго і аргументаваць. 

Алена ВАЙТОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Антопальскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна.