Дзяўчынка, якая гуляе з катом

Як развіць у дзяцей уменне бяспечна абыходзіцца з жывёламі? Да пошуку адказу на гэтае пытанне сур’ёзна падышлі студэнты 4 курса факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Таццяна Козыр і Марына Грэчка. Дзяўчаты праходзяць практыку ў  яслях-садзе № 40 Мазыра.

На занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” будучыя педагогі стварылі для выхаванцаў старшай групы праблемную сітуацыю “Як трэба паводзіць сябе з жывёламі?”. Разважаць над гэтым пытаннем дзеці пачалі з разгляду малюнкаў накшталт: “Дзяўчынка, якая гуляе з катом”, “Хлопчык, які блізка падышоў да сабакі, што сядзіць на ланцугу”. Малыя бурна ацэньвалі ўчынкі дзяцей на выявах. Разважалі, спрачаліся і зрабілі выснову, што да сабакі, які сядзіць на прывязі, падыходзіць небяспечна, бо ён можа ўкусіць.

Таццяна Козыр склала напамін “Правілы абыходжання з жывёламі”. У ім, напрыклад, нагадваецца: пасля таго, як пагладзілі сабаку ці ката, абавязкова трэба вымыць рукі, калі жывёла ўкусіла — адразу расказаць пра гэта бацькам. Разам з Марынай Грэчкай дзеці склалі “Правілы наведвання заапарка: нельга”. Напрыклад, нельга гучна размаўляць, дражніць і карміць жывёл, прасоўваць руку ў клетку.

Таксама была праведзена сюжэтна-ролевая гульня “Заа­парк”, у якой дзеці выступілі ў якасці экскурсаводаў. Кожны малы падрыхтаваў аповед пра тую жывёлу, якая больш яму падабаецца. А самае галоўнае, дзеці зразумелі, што абавязкова трэба выконваць правілы абыходжання з жывёламі.

Наталля МАРТЫНЕНКА,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 40 Мазыра.