Дзіцячая перыёдыка ў карэкцыйна–развіццёвай рабоце

Адным з асноўных метадаў навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з расстройствамі аўтыстычнага спектра, з’яўляецца метад нагляднасці, заснаваны на паказе прадметаў ці мадэлей, якія вывучаюцца.

У метадычным арсенале педагогаў шмат разнастайных развіццёвых гульняў, картатэка якіх пастаянна папаўняецца. Але карэкцыйна-развіццёвая работа не абмяжоўваецца толькі школай. Дзе ўзяць неабходныя матэрыялы бацькам, як далу­чыць мам і татаў да сумеснай дзейнасці з педагогам, каб яна прыносіла максімальную карысць дзецям? На дапамогу можа прыйсці дзіцячая перыёдыка, якая вылучаецца добрай паліграфіяй і дазваляе працаваць з аднолькавым матэрыялам, які пастаянна абнаўляецца, паралельна ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Такім чынам бацькі з дзецьмі могуць адпрацоўваць і замацоў­ваць набытыя веды, уменні і навыкі дома, рыхтуючыся, да наступных заняткаў. Гэта вельмі важна, бо без сістэматычнага замацавання карэкцыйныя заняткі не дадуць выніку. Задача настаўніка-дэфектолага — прапана­ваць даступныя, займальныя, захапляючыя і разнастайныя заданні, якія дапамогуць паспяхова вырашаць задачы, пастаўленыя на школьных занятках.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю часопіс “Мамино солнышко”. Ён разлічаны на дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў, але можа прымяняцца і ў карэкцыйнай рабоце з малодшымі школьнікамі. Да кожнага задання даецца кароткае тлумачэнне.

Часопісныя заданні накіраваны на развіццё дробнай маторыкі (аплікацыя “Снегавікі”), увагі і мыслення (“Падбяры, злучы, падумай”, “Знайдзі і абвядзі”), на эстэтычнае развіццё (невялікія вершы), фарміраванне элементарных матэматычных навыкаў (“Палічы прадметы”), часавых уяўленняў, сацыяльных уменняў і навыкаў, развіццё творчых здольнасцей (пальчыкавая гульня “Рукавічкі”), назіральнасці (“Хто хаваецца за маскай?”), каардынацыі “вока — рука” (“Лабірынт”), слыхавай увагі, памяці і маўлення (казкі і ілюстраваныя заданні да іх) і інш.

У развіццёвым часопісе “Рюкзачишка”, разлічаным на дзяцей ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў, ёсць тэматычныя старонкі “Пагуляем” (для развіцця логікі, лічэння, каардынацыі “рука — вока”, дробнай маторыкі), “Чамучка” (для развіцця ўвагі і памяці, навыкаў здаровага ладу жыцця), “Старонка бяспекі” (для фарміравання навыкаў бяспечных паводзін шляхам вырашэння праблемнай сітуацыі), “На роднай мове” (для вывучэння літар і слоў па карцінках, замацавання колеравых уяўленняў і развіцця графаматорных навыкаў), “Мама, пачытай” (для развіцця слыхавай увагі, памяці і маўлення), “Фантазёры” (для эстэтычнага выхавання, развіцця творчых здольнасцей, дробнай маторыкі), “Трэніруем руку”, “Будзь здаровы” (пальчыкавыя гульні), “Пісьменнікі свету — дзецям” (вершы з заданнямі на развіццё ўвагі, мыслення і маўлення), “Развіваем маўленне” (складанне аповеду па карцінках), “Пагуляем” (для развіцця ўвагі, назіральнасці, маўлення), “Выраб” (для стварэння вырабаў па алгарытме), “Я малюю” (для навучання маляванню па алгарытме), “Прырода” (для абагачэння кругагляду).

Каштоўнасць часопіса “Незнайка” ў наяўнасці ў кожным нумары настольнай гульні і выхадзе два разы на месяц. Настольныя гульні дапамагаюць замаца­ваць навыкі лічэння і ўяўленні пра лікі, адпраца­ваць іх правільнае прачытанне. Часопісныя заданні вучаць дзяцей захоўваць чарго­васць, прытрымлівацца інструкцыі, развіваюць увагу, памяць і самастойнасць, пашыраюць кругагляд, дапамагаюць арганізаваць адпачынак і інш.

Матэрыялы згрупаваны па рубрыках “Забаўныя гісторыі”, “Карцінка з заданнямі”, “Здагадкі”, “Гісторыя ў вершах і карцінках”, “Размалюй карцінку”, “Казка”, “Страшылачкі”, “Малюнак па клетках”, “Юнга, наперад”, “Рэбусы, сканворды” і інш. 

Разам з часопісам “Незнайка” можна карыстацца і часопісам “Тридевятое царство”, у якім яшчэ больш развіццёвых заданняў. Улічваючы перыядычнасць выхаду гэтых часопісаў, іх хапае на месяц работы.

У невялікім часопісе “Вырежи и наклей” таксама можна знайсці шмат матэрыялаў для карэкцыйных заняткаў. З дапамогай часопісных заданняў дзеці вучацца рабіць аплікацыю, развіваюць навыкі самастойнай работы, дробную маторыку, увагу і назіральнасць. Асаблівую каштоўнасць мае аплікацыя — каляровая сюжэтная карцінка з белымі плямамі ў выглядзе розных геаметрычных фігур. Дзеці выразаюць іх, суадносяць з белымі плямамі на карцінках і прыклейваюць. Такім чынам развіваецца вакамер, адпрацоўваецца ўменне карыстацца нажніцамі, замацоўваюцца ўяўленні пра геаметрычныя фігуры. 

Сярод дзіцячай перыёдыкі лёгка падабраць тую, якая дапамагае эфектыўна вырашаць розныя адукацыйныя задачы. Часопісныя матэрыялы дазваляюць зрабіць карэкцыйна-развіццёвыя заняткі цікавымі і насычанымі, замацаваць уменні і навыкі, якія на іх адпрацоўваюцца, дома. З дапамогай дзіцячай перыёдыкі ўзаемадзеянне педагога і бацькоў становіцца больш разнастайным, цесным і нязмушаным.

Людміла ЦУПА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 Жабінкі.